Пошук


30 верасня, у апошні дзень пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску, прэс-пул сустрэўся з біскупамі Беларусі, якія сёлета з’яўляюцца гаспадарамі асамблеі.

Беларускі епіскапат на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам на пасяджэнні РКБЕ прадстаўлялі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У асамблеі ўдзельнічалі таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Моладзь Беларусі. Якая яна?

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, адказваючы на пытанні журналістаў, нагадаў, наколькі важным з’яўляецца ў жыцці чалавека духоўнае жыццё.

«Моладзь — тая частка грамадства, якая з’яўляецца будучыняй. Таму Касцёл звяртае на яе асаблівую ўвагу, — падкрэсліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. — Час маладосці — гэта час, калі малады чалавек знаходзіцца ў пошуку свайго месца ў грамадстве, час разважанняў пра сэнс жыцця. Адказаць на гэтыя пытанні ўласцівым чынам можна толькі маючы ўпарадкаванае духоўнае жыццё».

Моладзь у Беларусі, як дадаў іерарх, «адкрытая на духоўную сферу і на тую духоўнасць, якую прапануе хрысціянская вера і ў асаблівасці Каталіцкі Касцёл». «Перад Касцёлам сёння стаіць заданне — выкарыстаць гэтую магчымасць і дапамагчы маладому чалавеку адказаць на хвалюючыя пытанні», — адзначыў біскуп Віцебскі.

Як дапоўніў біскуп Юрый Касабуцкі, «моладзь сапраўды адкрытая на веру, на Бога, аднак у той жа час яна знаходзіцца пад уплывам абсалютна розных тэндэнцый і розных магчымасцяў». «Касцёл прыкладае шматлікія намаганні, каб перадаць моладзі хрысціянскія каштоўнасці. Гэта і акцыі, якія праводзяцца з моладдзю, і праца пры парафіі, дзе арганізоўваюцца моладзевыя сустрэчы — так званы касцяк, які можа несці Бога ў свае асяроддзі і прыцягваць іншых маладых людзей у Касцёл», — сказаў біскуп Касабуцкі.

Беларускія іерархі таксама ўказалі на вялікую зацікаўленасць беларускай моладзі ў паглыбленні сваіх ведаў адносна праўдаў веры. І на гэта Касцёл даў свой адказ: тэалагічны каледж, заснаваны ў Мінску найперш для падрыхтоўкі катэхетаў, з цягам часу адчыніў свае дзверы таксама для тых, хто жадае набываць больш глыбокія веды па тэалогіі дзеля паглыблення сваёй веры.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у сваю чаргу, адзначыў, што моладзь Беларусі, як і моладзь свету, хоча чуць пра Бога на зразумелай для яе мове. На думку Мітрапаліта, варта «рабіць ухіл на сям’ю, якая адыгрывае важную ролю ў сучасным свеце. «Сям’я дае пачатак усяму. У перыяд Савецкага Саюза — няпросты час атэізму — вера перадавалася ад аднаго пакалення да іншага», — падкрэсліў іерарх.

Ці гатовы Касцёл слухаць моладзь?

«Суадносіны паміж Богам і людзьмі найлепш будуюцца ў форме дыялогу, калі зварот узаемны. Касцёл у Беларусі стараецца гэтаму спрыяць, — сказаў біскуп Буткевіч. — Касцёл у Беларусі яшчэ выходзіць з часоў атэізму, які пакінуў у душах людзей вялікую пустэчу і прывёў да адсутнасці рэлігійных і тэалагічных ведаў. Таму сёння задача Касцёла — даць гэтыя веды, запоўніць прабел, які ўзнік у часы атэізму, а таксама перадаць хрысціянскія традыцыі, якія моладзь не мела магчымасці вынесці са сваёй сям’і».

Віцебскі ардынарый нагадаў пра шматлікія акцыі для моладзі, якія Касцёл арганізоўвае з мэтай даць адказы на пытанні юнакоў і дзяўчат, а таксама пра арганізацыю выездаў беларускай моладзі за мяжу, каб у іншых рэаліях і побач з маладымі людзьмі іншых краін шукаць адказы на свае пытанні.

Адным са значных моладзевых каталіцкіх форумаў у Беларусі біскуп Касабуцкі назваў сустрэчы, якія арганізоўваюцца штогод у Івянцы, якія ў гады правядзення Сусветных дзён моладзі са Святым Айцом сугучныя з імі. Падчас такіх сустрэч, як адзначыў іерарх, моладзь выказваецца пра тое, якім яна бачыць Касцёл, якім яна бачыць сваё месца і місію ў ім.

Менавіта моладзь, як дадаў біскуп Касабуцкі, выказалася пра магчымасць выкарыстання сацыяльных сетак з мэтай распаўсюджвання хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таксама менавіта на гэтых сустрэчах моладзь данесла да сваіх пастыраў важную думку: для таго, каб яны прысутнічалі ў Касцёле і дзейнічалі ў ім, важна, каб побач з імі хтосьці быў — святар ці манахіня.

У чым мае патрэбу Касцёл у Беларусі сёння?

«Касцёлу ў Беларусі, як і Касцёлу ў свеце, сёння патрэбна святасць тых, хто пакліканы да Божай службы, — святасць святароў, якія з’яўляюцца слугамі Езуса Хрыста. На гэтым будуецца і пастырскае жыццё, і развіццё Касцёла», — сцвердзіў біскуп Алег Буткевіч.

Біскуп Касабуцкі, у сваю чаргу, указаў на недахоп святароў, хоць колькасць пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця ў Касцёле ў Беларусі значна ўзрасла.

Кажучы пра недахоп сакральных будынкаў у краіне, іерархі выказалі ўдзячнасць Касцёлу ў краінах Еўропы за дапамогу ў адбудове разбураных беларускіх святыняў у часы ліхалеццяў і ў будаўніцтве новых. «Без гэтай дапамогі такое хуткае адраджэнне не было б магчыма», — падкрэсліў біскуп Віцебскі.

Абноўлена 29.01.2018 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.