Пасля публікацыі матэрыяла «Хто на здымку? Парафіяне з Валкалаты шукаюць людзей па архіўным фота» у рэдакцыю прыйшлі першыя водгукі.
Чытачы Catholic.by пазналі ў святары на фота кс. Баляслава Тэжыка, магіла якога знаходзіцца ў Параф’янаве.
Краязнаўца Кастусь Шыталь нават даслаў у рэдакцыю здымак помніка на магіле святара.
«Святар на фота — ксёндз Баляслаў Тэжык, дэкан надвілейскага дэканата, пробашч у Параф’янаве з 1924 да 1941 года. Параўнаўшы са здымкам на магіле кс. Тэжыка, які пахаваны побач з касцёлам, можна сказаць, што гэта адзін і той жа чалавек», — піша Кастусь Шыталь.
Пра ксяндза Тэжыка напісала ў зваротным лісце і сама Ганна Гірына.
«Я таксама атрымала інфармацыю ад польскага ксёндза Яна Фібэка, які даследваў гісторыю касцёлаў докшыцкага рэгіёну. Ен упэўнены, што гэта Баляслаў Тэнжэк. Сям'я жанчыны, з альбому якой узяты здымак, жыла ў вёсцы, якая належыла да парафіі Параф’янава», — адзначыла Ганна.
У канцы 1930-х парафія ў Валкалатах налічвала каля васьмі тысяч вернікаў. Сёння тут каля 700 парафіян.
Хто сядзіць на здымку побач са святаром?
Незразумелым застаецца пытанне, у акружэнні каго сядзіць святар? Парафіяльная моладзь? Удзельнікі хору, парафіяльнай суполкі?
Ганна Гірына адзначае, што сваякі жанчыны, у якой захоўвалася гэта фота, мяркуюць, што на здымку — скаўцкая моладзь.
«Старэйшыя людзі казалі, што перад вайной пры касцёле ў Параф’янаве была такая група. Нават адна наша цётка у ёй брала ўдзел. Але хто на здымку і дзе ён быў зроблены, ніхто сказаць не можа. Можа стацца, што ў некага яшчэ захаваўся такі здымак і людзі ведаюць што-небудзь, — дадае Ганна. — Але ў любым выпадку гэта цікавая частка гісторыі. Я ніколі не чула, што ў нашых мясцінах быў скаўтскі рух пры касцёлах...»
Часткова пацвярджэнне гэтай гіпотэзе можнай знайсці ў Беластоцкім касцёльным бюлетэні Czas Miloserdzia, дзе адзначаецца, што пры парафіі сапраўды дзейнічала супольнасць скаўтаў.
Краязнаўца Кастусь Шыталь выказвае меркаванне, што гэта могуць быць члены якой-небудзь арганізацыі, кшталту Таварыства каталіцкай моладзі.
«Фота магло быць зроблена на ганку аднаго з дамоў у Параф’янаве, — адзначае краязнаўца. — Каля касцёла захаваўся дом, у якім два высокія і вузкія акны, падобна як на здымку. Аднак гэтае сцверджанне патрабуе дадатковай праверкі».