16 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Валкалату (Віцебская дыяцэзія, Докшыцкі дэканат), дзе ўзяў удзел ва ўрачыстым святкаванні 600-годдзя парафіі святога Яна Хрысціцеля і 150-годдзе парафіяльнай святыні.
Дата была выбрана невыпадкова — успамін святога Роха, апекуна ад заразных хваробаў, які адзначаецца ў гэты дзень, з’яўляецца ў валкалацкай парафіі адпустам. Ва ўмовах пандэміі каранавірусу вернікі асаблівым чынам просяць заступніцтва гэтага святога аб спыненні небяспечнай пошасці.
Разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам урачыстую святую Імшу цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і шматлікія святары.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі асаблівым чынам маліўся за беларускі народ і вернікаў валкалацкай парафіі, а пастыр Віцебскай дыяцэзіі — за продкаў і памерлых душпастыраў, якія на працягу шасці стагоддзяў неслі служэнне ў Валкалаце.
На пачатку эўхарыстыі арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што сёння мы просім Бога праз заступніцтва святога Роха не толькі аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу. Па словах іерараха, у цяперашні час Беларусь пакутуе таксама ад духоўнай і сацыяльнай эпідэмій — эпідэміі граху, а таксама эпідэміі падзелу і няпраўды, што прывяла да грамадска-палітычнага крызісу, які ўзнік у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў.
«Толькі Бог можа даць нам аздараўленне ад гэтых хваробаў», — падкрэсліў арцыбіскуп.
У гаміліі ён адзначыў, што, выконваючы наказ Езуса ісці і абвяшчаць Яго Евангелле ўсяму свету, апосталы і іх наступнікі неслі Добрую Навіну ўсім народам.
«Дзякуючы гэтаму ўжо дзве тысячы гадоў Езус ідзе па розных кантынентах, праходзіць праз розныя краіны, гарады і вёскі.
На шляху Яго вандроўкі 600 гадоў таму сустрэлася і Валкалата. Нашыя продкі запрасілі Яго сюды, бо хацелі, каб праз слуханне Божага слова і ўдзел у сакрамэнтах адбывалася асвячэнне іх сэрцаў», — сказаў наступнік Апосталаў.
Ён заўважыў, што юбілей — гэта нагода падзякаваць Богу за Яго дары, перадусім за дар парафіі і касцёла, які заўсёды дзейнічаў як месца сустрэчы чалавека з Богам, нават у часы ваяўнічага атэізму. Акрамя таго, на думку іерарха, гэта нагода перапрасіць Бога за недахопы ў рэлігійным жыцці і занядбанне Яго ласкаў, а таксама для таго, каб прасіць Божага благаслаўлення на будучыню.
«Заўтрашні дзень малюецца нам не ў ружовых колерах, але выклікае ўсё большую трывогу не толькі з-за пандэміі каранавірусу, але і з-за заняпаду мальных каштоўнасцяў, крызысу сям’і, непавагі да Божага дару жыцця, карупцыі, насілля і сацыяльнай несправядлівасці», — адзначыў арцыбісуп Кандрусевіч.
«Сёння вы распачынаеце пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Распачынаеце пісаць у складанай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне.
Наша свабода знаходзіцца пад пагрозай, наша Бацькаўшчына раздзелена. Святы Роху, святы Яне Хрысціцелю, выпрасіце ў Бога ласку еднасці ў нашым народзе, ласку зразумення, што толькі ў праўдзе мы будзем свабоднымі, толькі ў праўдзе мы зможам будаваць нашу будучыню», — сказаў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
На заканчэнне Эўхарыстыі мясцовыя вернікі і прадстаўнікі дзяржаўнай улады падзякавалі пастырам за прысутнасць на парафіяльнай урачыстасці. Ад пробашча парафіі ксяндза Алега Півавара ўсе святары атрымалі памятныя падарункі з нагоды двух юбілеяў.
Пасля да прысутных у касцёле соцень вернікаў і тых, хто духоўна яднаўся з імі з дапамогаю арганізаванай парталам Catholic.by прамой трансляцыі, зноў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Мы хочам адраджэння. Мы хочам новай Беларусі: Беларусі, якая будзе збудавана на хрысціянскіх каштоўнасцях.
Але толькі адны знешнія перамены — гэтага яшчэ замала, гэта яшчэ не ўсё. <…> Трэба найперш перабудаваць чалавека знутры, вярнуць яму вобраз, паводле якога ён Богам створаны», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.