З 30 верасня па 7 кастрычніка ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Валкалаце (Віцебская дыяцэзія) прайшлі святыя Місіі. Іх правялі айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
Вернікі разам з пробашчам кс. Алегам Піваварам рыхтаваліся да сустрэчы цэлы год, молячыся, каб дзякуючы Місіям аднавілася аблічча іх парафіі. «Але ніхто з вернікаў не мог уявіць, што айцы місіянеры Андрэй і Валерый так узрушаць нашыя душы і сэрцы», — прызнаюцца парафіяне.
У межах Місій адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах вёскі, падчас якога мужчыны, жанчыны, моладзь ад стацыі да стацыі неслі на плячах крыж. «Нельга перадаць словамі тыя пачуцці ў час набажэнства, — кажуць вернікі. — А якімі пранікнёнымі былі разважанні святароў…»
Вельмі хвалюючым было пакутнае набажэнства, калі пробашч клаўся крыжам перад алтаром, а затым шчыра прасіў прабачэння ў сваіх вернікаў. У братоў і сясцёр стаялі ў вачах слёзы прабачэння і ўдзячнасці свайму пастыру.
Незабыўнымі былі і Марыйныя заклікі, калі з запаленымі свечкамі парафіяне маліліся каля абраза Маці Божай і слухалі казанні місіянераў. Гэтае набажэнства праходзіла ў дзевяць гадзін вечара, і пасля яго заканчэння кожны стараўся данесці дадому агеньчык свечкі, запаленай ад пасхала.
Напэўна, надоўга запомніцца вернікам дзень споведзі, калі місіянеры далі ім магчымасць узняцца над самімі сабою, сваёй недасканаласцю, грэшнасцю, стаць удзельнікамі збаўленчай справы, якую ўчыніў Езус. «Гэтая споведзь дала нам жыватворныя сілы, бо нашы душы ачысціліся і аздаравіліся. Таму дадому ўсе не проста ішлі, а ляцелі на крылах. На душы было лёгка-лёгка…» — распавядаюць парафіяне.
Адарацыя Крыжа, святая Імша з місійным казаннем прайшлі таксама хвалююча і запамінальна.
Прыемна было бачыць у дзень сям’і ў касцёле сямейныя пары розных узростаў. Многія з іх прыйшлі са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў было хвалюючым момантам Імшы. «Калі сужэнцы трымалі адно аднаго за рукі, глядзелі адно аднаму ў такія родныя і мілыя вочы, словы місіянераў краналі ўсіх прысутных. Здавалася, што, як і ў дзень шлюбу, усё было нейкім асаблівым: і позіркі, і ўсмешкі, і слязінкі, і ўпэўненасць, што жыццё пражылі шчаслівае, а наперадзе – яшчэ шмат шчасця, таму што наша жыццё — жыццё з Богам», — адзначаюць вернікі.
У дзень намашчэння хворых прыйшлі і прыехалі не толькі з Валкалат, але і з іншых вёсак парафіі. Прыемна было бачыць маладых людзей, якія прывезлі сваіх хворых бацькоў, дзядуляў і бабуль.
У нядзелю адбылася працэсія вакол касцёла, падчас якой быў устаноўлены місійны крыж. «Кожны адкрыў сваю душу на святло Божага Слова, кожны адкрыў сваё сэрца, калі кленчыў перад місійным крыжам, дакранаўся да яго, цалаваў яго… — кажуць парафіяне. — Мы адчулі вялікую Любоў, вялікую Ласку… адчулі велічную прысутнасць Бога сярод нас, простых, грэшных людзей».
Вернікі парафіі ўдзячныя свайму пробашчу за падрыхтоўку і арганізацыю святых Місій. Асаблівую ўдзячнасць яны выказваюць айцам Валерыю і Андрэю за казанні, навяртанне парафіянаў да Бога, шчырыя малітвы, святую споведзь і любоў да Пана.