Пенсіянер Юрый Качураў з Новасібірска стаў першым велапілігрымам, які прыехаў на Святую Гару Афон на ровары з Мінска. Пра гэта паведамляе Sobor.by.
Мужчына вандраваў, наведваючы па дарозе святыні. Шлях да Афона заняў у велапілігрыма два месяцы. Падрыхтоўка да падарожжа ішла цэлы год.
Ён распачаў сваё падарожжа ў пачатку ліпеня. У сярэднім у дзень падарожнік праязджаў каля 80 кіламетраў.
Свой маршрут велапілігрым складаў такім чынам, каб пакланіцца галоўным святыням тых месцаў, праз якія праязджаў. Спачатку з заездам у Нясвіж, потым даехаў да Брэста, а адтуль накіраваўся па маршруце Люблін-Майданэк-Кракаў.
Паводле слоў мужчыны, падчас падарожжа ён начаваў, дзе прыйдзецца: у гасцініцы, на вуліцы, але ў большасці выпадкаў — у мясцовых жыхароў.
«Людзі пастаянна дапамагалі: хто ежай, хто грашыма», — адзначае падарожнік.
Ужо з грэчаскага горада Салонікі ён даехаў да Іерысаса на аўтобусе, дзе начаваў на пляжы, а пасля дабіраўся да горада Уранопаліса. У свята Перамянення Пана пілігрым прысутнічаў на Боскай літургіі на вяршыні гары Афон, дзе набажэнства цэлебруецца толькі раз на год.
Юрый Качураў трэніраваў сябе з дзяцінства, займаўся лёгкай атлетыкай. Па прафесіі ён — музыкант і выкладчык.
Для праваслаўных Афон — адно з галоўных святых месцаў і з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Адным з самых цікавых звычаяў манаскай гары Афон з’яўляецца забарона на ўезд жанчынам і жывёлам жаночага полу.