Пошук

17.08.2017 14:29   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

110-годдзе пабудовы парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у Мёрах адзначылі 15 жніўня падчас парафіяльнага адпусту ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Урачыстую літургію з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у канцэлебры з пробашчам парафіі ксяндзом прэлатам Кшыштафам Мянкінам і шматлікімі святарамі з навакольных парафій. Гамілію прамовіў ксёндз Францішак Рудзь – першы святар, які паходзіў з мёрскай парафіі ў пасляваенны час. Святар распавёў пра некалькі прыкладаў самаадданай і самахвярнай любові маці да сваіх дзяцей, падкрэсліўшы, што Найсвяцейшая Панна Марыя ўвасабляе сабой прыклад гарачай мацярынскай любові – Той, якая была са сваім Сынам у самыя цяжкія хвіліны Ягонага жыцця. “Вельмі часта мы ў нашым жыцці шукаем падтрымкі іншых людзей ці выгодных знаёмстваў, а забываемся пра Марыю, - нагадаў святар. – Яна – наша Маці, што любіць нас, і нашая заступніца, якая заўсёды прывядзе нас да свайго Сына, дапаможа нам знайсці тую дарогу, дзе мы маглі часам размінуцца з Яе Сынам. Яна здольная прывесці нас да свайго Сына”.

Існуе прыгожы старадаўні звычай асвячэння ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны плёнаў зямлі, таму ў гэты дзень многія парафіянкі трымалі ў руках кошыкі з гароднінай і букеты кветак і розных зёлак, ад якіх па касцёле разносіўся гаркавата-свежы водар палёў і лугоў. У час Імшы віцебскі ардынарый асвяціў гэтыя плёны сёлетняга ўраджаю.

Пасля Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў нядаўна ўсталяваную фігуру анёла на магіле ксяндза Уладаса Пятрайціса – святара, які служыў у гэтай парафіі з 1985 па 2000 год і вельмі шмат зрабіў для яе развіцца пасля часоў атэістычнага ліхалецця. Скончылася ўрачыстасць эўхарыстычнай працэсіяй і спевам “Цябе, Божа, праслаўляем”.

Мёрская святыня знаходзіцца пры ўездзе ў горад і з’яўляецца адным з самых прыгожых будынкаў гэтага населенага пункту. Вакол касцёла – мноства дагледжаных кветак. Але мала хто ведае, якія цяжкасці неабходна было пераадолець, каб мёрская парафія займела гэтую велічную і прыгожую святыню. “Будаўніцтва новай святыні патрабавала вялікіх высілкаў, - распавёў настаўнік гісторыі і мясцовы краязнаўца Вітальд Антонавіч Ермалёнак, які зараз рыхтуе да выдання кнігу па гісторыі касцёла ў Мёрах. - Каб дабіцца дазволу губернатара на пабудову касцёла, ксяндзу Юзафу Бародзічу, пробашчу парафіі, давялося ездзіць у Вільню ажно 25 разоў. Да Бігосава святар дабіраўся на конях, потым з Бігосава да Вільні – цягніком. Акрамя гэтага, парафія проста не мела сродкаў на будоўлю – некалькі гадоў запар быў неўраджай, людзі галадалі, таму на той час у планах парафіян быў толькі рамонт старой драўлянай святыні, пабудаванай яшчэ ў XVII стагоддзі. Дайшло да таго, што губернатар проста забараніў збіраць грошы на пабудову касцёла ў гэтай мясцовасці. Але гэта “развязала” рукі святару, які затое мог збіраць грошы на пабудову касцёла ў вялікіх гарадах – дзеля гэтага ён ездзіў нават у Варшаву і Санкт-Пецярбург”. Гісторык распавёў і той цікавы факт, што ў 110-гадовым будынку назіраецца пэўная пераемнасць са старой святыняй – драўляная вежа касцёла, што знаходзіцца над прэзбітэрыем, пабудавана з матэрыялаў са старога касцёла.

Неабходна адзначыць, што, акрамя 110-годдзя пабудовы мёрскай святыні, на 2017 год прыпадае стагоддзе яе кансэкрацыі – гэты акт здзейсніў 29 ліпеня 1917 г. падчас візітацыі віленскі біскуп Эдвард дэ Роп, а 60 гадоў таму, ва ўрачыстасць Звеставання Пана ў 1957 г., ксёндз Юзаф Грабоўскі, пробашч парафіі ў 1957–1984 гг., нанова асвяціў касцёл.

 

 

Абноўлена 17.08.2017 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа