
У парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат) адбылася ўрачыстасць сакрамэнту канфірмацыі з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча. Падчас гаміліі іерарх засяродзіўся на выкліках сучаснага секулярнага свету, крызісе сям’і і параўнаў жыццё верніка з эстафетай, у якой вера перадаецца ад пакалення да пакалення.
20 верасня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі яе вернікам. Іерарха сустрэў пробашч парафіі ксёндз канонік Віктар Субель разам з шматлікімі парафіянамі і кандыдатамі да канфірмацыі. Сустрэча была вельмі цёплай. Жыхары Трабаў шчыра радаваліся такому высокаму госцю ў сваёй святыні. Асабліва вялікі гонар для мясцовай супольнасці — прыняць біжмаванне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які на працягу ўсяго свайго служэння нязменна клапоціцца пра духоўнае ўмацаванне вернікаў.

Сваю гамілію іерарх пачаў з напаміну аб Пяцідзесятніцы, калі на апосталаў, якія разам з Марыяй прабывалі ў Вячэрніку, зышоў Дух Святы.
«Сёння гэты цуд спаслання Духа Святога пад чуйным вокам святой Багародзіцы паўтараецца ў Трабскай святыні ў сакрамэнце канфірмацыі, каб умацаваць нашу веру»,
— прыгадаў арцыбіскуп.
Як лічыць пастыр, звяртацца да гэтага эпізоду з Евангелля вельмі важна ў наш секулярны час. Колькасць так званых dominicantes — тых, хто рэгулярна ўдзельнічае ў нядзельнай і святочнай Імшы, — малее: «Усе мы з’яўляемся сведкамі вялікага крызісу сям’і, а між тым менавіта сям’я ёсць падмуркам грамадства».
Іерарх звярнуў увагу на галоўныя вынікі гэтага крызісу — дэмаграфічныя праблемы і пагрозу нашаму існаванню. У вялікіх парафіях, дзе да першай споведзі прыступаюць сотні дзяцей, сакрамэнт канфірмацыі прымае значна меншая колькасць кандыдатаў. «Наступае дэмаралізацыя нашага жыцця, і людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бог не існуе», — канстатаваў пастыр і адначасова заўважыў, што пры гэтым мы называем сябе хрысціянамі, кажам, што пахрышчаныя, і носім крыжык. Але арцыбіскуп заклікае запытацца: ці гэтага дастаткова? Святы апостал Якуб кажа, што вера без учынкаў памерлая. «На жаль, мы не можам ганарыцца нашым хрысціянскім сведчаннем», — сцвердзіў іерарх.
У развіццё сваіх думак Тадэвуш Кандрусевіч запытаўся ў прысутных, якія рэлігійныя практыкі найважнейшыя ў нашым жыцці. Часцей за ўсё гэта благаслаўленне вербаў і велікоднай ежы. З аднаго боку, як лічыць пастыр, гэта добрая традыцыя і яе трэба практыкаваць. Але з іншага, у ёй дамінуе не духоўны змест, а культурныя звычаі і фальклор.
«Таму ў гэтых рэлігійных практыках Езуса становіцца ўсё менш, у выніку чаго вера становіцца толькі фасадам без маральных і духоўных абавязацельстваў»,
— заўважыў арцыбіскуп. І дадаў: усё гэта — знакі адсутнасці сапраўднага хрысціянскага паклікання і яго сведчання. «Не дастаткова быць намінальнымі і штучнымі хрысціянамі. Трэба быць сапраўднымі», — нагадаў іерарх.
Свет змяняецца, і мы таксама павінны змяняцца, каб своечасова адказваць на яго выклікі, для чаго трэба дасканаліцца не толькі інтэлектуальна, але і духоўна.
«Сёння касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах становіцца новай Пяцідзесятніцай. Дух Святы зыходзіць на канфірмантаў і адорвае іх сям’ю дарамі. Аднак ён не дзейнічае аўтаматычна. Неабходна адкрыцца на яго, супрацоўнічаць з ім і дазволіць яму дзейнічаць у нашых сэрцах»,
— сказаў у працяг сваёй думкі Тадэвуш Кандрусевіч. І з ім нельга не пагадзіцца: можна купіць лекі ў аптэцы і палажыць іх на паліцу. Яны не будуць дзейнічаць, пакуль мы не будзем іх прымаць. «Падобнае ёсць і дзейнасцю Духа Святога», — сцвердзіў пастыр.
Гаворачы пра сучаснасць, іерарх узгадаў і смартфоны, без якіх сёння мы не можам уявіць сваё жыццё.
«Але каб імі карыстацца, яны павінны быць падключаны да перадатчыка сігналу, — нагадаў арцыбіскуп. — Таксама і мы, каб маглі дзейнічаць моцаю Духа Святога, павінны падключыцца да яго. Інакш канфірмацыя стане толькі данінай традыцыі без духоўнага зместу і не прынясе духоўнай карысці».

Таму іерарх запэўніў, што прыняцце сакрамэнту канфірмацыі нельга звесці толькі да традыцыі:
«Гэта дар Духа Святога і адначасова заданне мужна вызнаваць веру ў наш секулярны час, яе бараніць і абвяшчаць, бо яшчэ так шмат людзей чакае на Евангелле. Гэта нашае пакліканне».
Напрыканцы сваёй прамовы Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да апостала Паўла і параўнаў жыццё чалавека з забегам на стадыёне. «Гэта вялікая эстафета, у якой эстафетнай палачкай з’яўляецца вера, якую нам перадалі іншыя сведкі», — сказаў арцыбіскуп. Гэтая метафара выдатна паказвае значэнне сакрамэнту канфірмацыі, падчас якога чалавек пацвярджае сваю веру ў Бога і абяцае яе, як эстафетную палачку, пераказваць іншым.
Іерарх прызваў прысутных вернікаў памятаць, што ў спаборніцтвах прайграюць не толькі тыя, хто не даходзіць да фінішу, але і тыя, хто губляе эстафетную палачку. «Таму важна захаваць веру і данесці яе да фінішу, дзе нас чакае Хрыстус, — прагучаў заклік арцыбіскупа Тадэвуша. — Той, хто не здрадзіць сваёй веры і вытрымае да канца, а таксама сваім сведчаннем дапамагае іншым, стане пераможцам і атрымае прыз вечнага шчасця». Іерарх запэўніў: у гэтым спаборніцтве нам дапаможа Дух Святы, якога неабходна запрашаць у нашыя сэрцы і жыць ім.
На заканчэнне Тадэвуш Кандрусевіч прызваў:
«Дарагія канфірманты, адкрыйце свае сэрцы на дзеянне Духа Святога, каб ён змяняў вас і праз вас абнаўляў воблік нашай зямлі».
Сімвалам еднасці мясцовай парафіі з навучаннем іерарха стала ўрачыстая працэсія з дарамі. Склаўшы свае дары да алтара, парафіяне тым самым працягнулі эстафету веры, пра якую казаў іерарх. Несці ў сваім жыцці знак Духа Святога, атрыманы ў сакрамэнце, — гэта не толькі асабістая ласка для кожнага канфірманта, але і адказнасць перад усёй супольнасцю, перад тымі, хто побач, хто чакае ад нас сведчанне жывой веры.













































































