
Раніцай 6 чэрвеня 2026 года Папа Леў XIV прыляцеў у Мадрыд, адкуль распачне сваё сямідзённае апостальскае падарожжа ў Іспанію. Гаворка ідзе пра першы папскі візіт у гэтую краіну за апошнія пятнаццаць гадоў.
Святога Айца сустракалі кароль Філіп VI і каралева Летыцыя, а таксама прэм’ер-міністр краіны Пэдра Санчэс. На цырымоніі прысутнічалі арцыбіскуп Мадрыда, кардынал Хасэ Коба Кана, і арцыбіскуп П’ера П’ёпа, нунцый у Іспаніі і Андоры.
Леў XIV прайшоў у суправаджэнні каралеўскай пары ў будынак аэрапорта. Там яго чакалі сем’і з дзецьмі, якія трымалі ў руках іспанскія сцяжкі. Папа цёпла прывітаў іх.
Пасля кароткай прыватнай размовы з іспанскімі дзяржаўнымі лідарамі Пантыфік накіраваўся на аўтамабілі ў каралеўскі палац.














Цырымонія прывітання ў Каралеўскім палацы
Папскі картэж прыбыў у панадворак Каралеўскага палаца, дзе адбылася цырымонія, у суправаджэнні коннай ганаровай варты. Вернікі, якія сабраліся каля ўваходнай брамы, сустрэлі Пантыфіка гучнымі прывітаннямі.

Затым пад гарматныя выстралы былі выкананы дзяржаўныя гімны Ватыкана і Іспаніі, пасля чаго адбылося прадстаўленне членаў афіцыйных дэлегацый. Папу суправаджалі, сярод іншых, кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Пасля завяршэння публічнай часткі Леў XIV, кароль Філіп VI, каралева Летыцыя і дзве іх дачкі — Элеанора і Сафія — увайшлі ў палац, дзе абмяняліся падарункамі і правялі прыватную размову. Затым Папа і кароль адправіліся ў Калонную залу, дзе Святы Айцец звярнуўся да іспанскага істэблішмента.


















Папа – уладам Іспаніі: культура сустрэчы – аснова дабрабыту краіны
«Складанасць гісторыі з’яўляецца благаслаўленнем, якое неабходна прыняць», — падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і грамадзянскай супольнасці Іспаніі, якая адбылася ў Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе.
«Я прыбываю да вас, каб пацвердзіць, падбадзёрыць і натхніць вернікаў на абноўленую вернасць Евангеллю, а таксама на больш глыбокае прымірэнне і супрацоўніцтва паміж рознымі часткамі гэтага народа»,
— сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў «старажытную сувязь» паміж Іспаніяй і хрысціянскай верай, якая «глыбока сфармавала культуру і ўяўляе сабой рэзерв надзеі і кіраўніцтва сярод выклікаў, на якія сёння, мы павінны адказаць разам, як чалавечая сям’я».

Па словах Папы, сама гісторыя Іспаніі паказвае, што «не культура супрацьстаяння, а культура сустрэчы стварае стабільнасць і дабрабыт». «Пры больш уважлівым разглядзе пасланне міру, якое ў наш час, на жаль, для адных гучыць наіўна, а для іншых правакацыйна, знаходзіць водгук у тых, хто не замыкаецца ў загадзя гатовых ідэалогіях, але адкрываецца на праўду», — сказаў Святы Айцец.
«Праўда заўсёды большая за нас, і таму яна здзіўляе і прыцягвае нас на шляхі ачышчэння і прымірэння, дзе дыялог з іншымі – і з Іншым з вялікай літары – становіцца неабходным»,
— дадаў Пантыфік.
Леў XIV згадаў пра актуальнасць спадчыны двух вялікіх іспанскіх святых: Яна ад Крыжа і Тэрэзы Авільскай, «якія ўжо пяць стагоддзяў сілкуюць жыццё Касцёла і духоўныя пошукі многіх людзей, нават па-за яго бачнымі межамі». Ён падкрэсліў, што «іх містыка — гэта містыка з расплюшчанымі вачыма, не адарваная ад гісторыі, але, наадварот, такая, што вядзе да каранёў пытанняў, да сэрца рэчаіснасці».
Папа заўважыў, што сёння патрэбныя — таксама ў грамадскім жыцці — людзі, якія, па прыкладзе святога Яна ад Крыжа, «умеюць заўважаць у цемры святло», а «ў заканчэнні — магчымы пачатак». «Наша эпоха, якая, здаецца пахіснута жудаснымі дысбалансамі і канфліктамі, з глыбіні сваёй заклікае да міру, да новага разумення чалавечай асобы і яе непарушнай годнасці, да цывілізацыі любові», — сказаў Пантыфік.










Cустрэча з падапечнымі дабрачынных структур
Другая частка першага дня візіту Святога Айца ў Мадрыд распачалася яго сустрэчай з людзьмі з інваліднасцю і хворымі, якімі апякуюцца каталіцкія дабрачынныя арганізацыі.

«Сёння пасля абеду, перад тым як пакінуць нунцыятуру ў Мадрыдзе, каб наведаць супрацоўнікаў і падапечных сацыяльнага праекта «CEDIA 24 Horas», Папа Леў XIV сустрэўся з групай з каля 40 людзей з інваліднасцю і хворых, якімі апякуюцца розныя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі і архідыяцэзія Мадрыда.
«Папа звярнуўся да іх з некалькімі словамі і, перш чым прывітаць кожнага асабіста, памаліўся разам з імі "Ойча наш"»,
— паведаміла Зала друку.
«CEDIA 24 horas» — гэта кругласутачны цэнтр дапамогі для людзей без даху над галавой. Тут не толькі аказваюць базавую падтрымку, даюць ежу і начлег, але і дапамагаюць чалавеку паступова вярнуцца да самастойнага жыцця і працы.

Святы Айцец падкрэсліў, што рады распачаць свой візіт у іспанскую сталіцу менавіта ў гэтым дабрачынным цэнтры. Ён падзякаваў мадрыдцам за цёплы прыём і сказаў, што адчувае сябе часткай «вялікай, цудоўнай сям’і», у якой адбываюцца цуды любові.
Пантыфік падкрэсліў, што ў гэтым цэнтры ніхто не самотны: уся супольнасць падзяляе радасць і боль кожнага. Супрацоўнікі і валанцёры ідуць шляхам Евангелля, крочачы па слядах Хрыста, які стаў адным з нас, атаясамліваючы сябе з кожным, хто пакутуе.
Леў XIV шчыра падзякаваў падапечным і валанцёрам цэнтра, якія падзяліліся сваімі гісторыямі. Жанчына па імені Нюрка звярнулася па падтрымку пасля нараджэння дзяцей Арэса і Атэнэі. Адчыненыя дзверы дазволілі ёй даць ім жыццё, мацярынскую любоў, ласку хросту і абяцанне шчаслівай будучыні. Мігрант Хадры здолеў знайсці працу і пачаць дапамагаць іншым. «Валанцёрка Алісія падтрымлівае жанчын у складаных жыццёвых сітуацыях, дапамагае ім пачаць новае жыццё, нанова здабыць годнасць, самастойнасць, надзею і павагу. Іх сведчанні адкрываюць перад намі велізарную панараму, населеную мноствам такіх жанчын і мужчын», — заўважыў Святы Айцец.
Папа нагадаў дэвіз апостальскага падарожжа — «Падыміце вашыя вочы» (Ян 4, 35) — назваўшы яго запрашэннем паглядзець на палі, якія паспелі і чакаюць жніва. Яны заклікаюць не адкладваць справы міласэрнасці, узяць на сябе адказнасць за тых, хто пакутуе.
«Любоў Хрыста падштурхоўвае нас да братоў, а любоў і клопат, з якімі мы адказваем на Яго заклікі, з’яўляюцца праверкай нашай веры»,
— сказаў Леў XIV.

Папа заклікаў прысутных захоўваць чулае сэрца і не губляць імкнення да дабра, якое Бог заклаў у чалавечую прыроду. Ён нагадаў словы Францішка аб тым, што вера павінна нараджаць у чалавеку жывую зацікаўленасць, запал, мару і жаданне дзейнічаць. Ён папярэдзіў пра небяспеку абыякавага, «халоднага сэрца», якое замыкаецца ў спакойным жыцці, чарсцвее і перастае спачуваць іншым. «Жывое сэрца дорыць жыццё, тады як ледзяное сэрца вядзе да смерці», — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў не абмяжоўвацца міласцінай, але бачыць у тых, хто пакутуе, братоў і сясцёр.
Ён згадаў словы Францішка пра тое, што сапраўдная міласэрнасць патрабуе глядзець чалавеку ў вочы, дакранацца да рукі, слухаць яго гісторыю і спрабаваць зразумець яе.
Сваю прамову Леў XIV завяршыў малітоўным зваротам да Найсвяцейшай Панны Марыі Альмудэнскай, апякункі Мадрыда, даручыўшы яе заступніцтву ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў і падапечных дабрачыннага цэнтра.




















Пантыфік да моладзі: будзьце іскрамі новай чалавечнасці
Увечары Папа ўзначаліў малітоўнае чуванне з моладдзю, якое ў рамках яго візіту ў Іспанію прайшло на мадрыдскай плошчы Лімы.

Святыя, якія паўплывалі на Папу
Леў XIV распавёў маладым іспанцам пра трох святых, якія паўплывалі на яго жыццё і веру, акрамя святога Аўгустына. Ён вылучыў святога Яна Залатавуста за яго «цудоўную катэхізацыю, якая спалучае ў сабе любоў да праўды з цэласнасцю жыцця» ; святога Тамаша з Вілановы як прыклад палкай любоў да бліжняга, а таксама святога Турыбія Магравэха, місіянера ў Перу, які спалучаў глыбокае малітоўнае жыццё з адданасцю справе справядлівасці, асабліва ў тым, што датычылася злоўжыванняў і карупцыі яго часу.
«Разважаючы над жыццём гэтых святых, я сказаў сабе, як святы Аўгустын: калі яны змаглі гэта зрабіць, чаму не я? (пар. Споведзь, VIII, 27). Гэта пытанне, якім я рады падзяліцца і з вамі, запрашаючы вас выбіраць прыклады добрага жыцця, якія натхняюць як вас, так і іншых», — звярнуўся да юнакоў і дзяўчат Папа.
Місіянерскае служэнне ў Перу
Затым Святы Айцец падзяліўся ўспамінамі пра гады місіянерскай працы ў Перу. Ён адзначыў, што вера людзей, пазначаная шматлікімі цяжкасцямі, але поўная надзеі, дапамагла яму самому глыбей пазнаць Езуса.
«Абвяшчаючы Евангелле, я і сам змяняўся пад яго ўплывам, спазнаючы на ўласным вопыце, як слова Пана прыносіць мір туды, дзе ёсць канфлікт, і становіцца для кожнага крыніцай паяднання і справядлівасці»,
— сказаў Леў XIV.
Распазнаць пакліканне
Адказваючы на пытанне пра тое, як распазнаць Божы голас, Папа падкрэсліў важнасць цішыні і малітвы. Пантыфік падкрэсліў, што Бог чуе кожнага чалавека і ведае яго сэрца.
Малітва — гэта шчырая размова з Богам, у якой чалавек адкрывае свае думкі і пачуцці. Калі чалавек моліцца ад усяго сэрца, Пан адказвае яму сваім Словам, якое стала чалавекам дзеля нас, паказваючы нам сваю любоў.
«Выказвайце тое, што адчуваеце ў сэрцы», — параіў Святы Айцец. Ідэальным месцам для сустрэчы з Хрыстом ён назваў Эўхарыстычную адарацыю.

Суправаджаць іншых на шляху да веры
Леў XIV заклікаў моладзь сведчыць пра веру ўласным жыццём. Ён падкрэсліў, што ўсе людзі заўсёды застаюцца вучнямі перад Панам, таму важна шчыра дзяліцца сваім духоўным шляхам, сведчачы пра яго аўтэнтычнасцю свайго жыцця. «Пераймайце прыклад Настаўніка: менавіта так я заклікаю вас дзейнічаць, як пастыраў, выхавацеляў і сяброў. Калі вы будзеце маліцца з любоўю, моладзь распазнае важнасць малітвы. Калі ваша вера будзе гарэць унутры вас, вы перадасце яе жывы агонь. Калі вы застаняцеся вернымі свайму пакліканню, вы будзеце адлюстроўваць яго прыцягальную ласку», — сказаў Папа.
Жыць у сучасным грамадстве
Гаворачы пра місію маладых хрысціян у сучасным свеце, Леў XIV адзначыў, што хрысціяне пакліканы быць «соллю зямлі і святлом свету». Ён заахвоціў моладзь заставацца вернымі Хрысту, не паддавацца хлусні, страху і модным плыням, будаваць грамадства на праўдзе, справядлівасці і любові.
Місія моладзі
Напрыканцы сустрэчы Папа даручыў моладзі місію — быць чалавечнымі. Быць людзьмі, якія шукаюць справядлівасці, бо прагнуць яе, як штодзённага хлеба. Людзьмі, якія жадаюць сумленнага і праведнага жыцця, бо ахвотна робяць іншым тое, што хацелі б, каб іншыя рабілі ім.
Папа нагадаў, што прыкладам сапраўднай чалавечнасці з’яўляецца Хрыстус. Як апосталы і першыя хрысціяне ў язычніцкім свеце, сучасная моладзь таксама паклікана быць місіянерамі Евангелля сярод духоўнай і матэрыяльнай беднасці нашага часу. Асноўнай цнотай, якая можа змяніць гісторыю, Папа назваў міласэрнасць.





























