Пошук

24.03.2026 12:36   Тэкст: Aleteia.org / Пераклад і адаптацыя: Catholic.by

Фота: clonline.org

7 сакавіка ў архідыяцэзіі Мілана, у тым самым горадзе, адкуль родам быў святы Карла Акуціс, пачаўся працэс беатыфікацыі Марка Гала, 17-гадовага юнака, які загінуў у аўтакатастрофе ў 2011 годзе.

Гэта пачатковы этап працэсу, які будзе заключацца ў даследаванні яго біяграфіі, каб вызначыць, ці вёў ён жыццё, поўнае «гераічных цнотаў». Пасля завяршэння гэтага этапу справа будзе перададзена ў Ватыкан, дзе яго могуць аб'явіць «вялебным», а пакуль Касцёл называе яго «слуга Божы».

Кім быў Марка Гала?

Марка нарадзіўся ў 1994 годзе ў лігурыйскім К'явары, пазней яго сям'я пераехала ў Лека, а затым у Монцу, дзе жыве з 2009 года. З ранняга ўзросту яго вабіла каталіцкая вера, а, будучы падлеткам, ён быў удзельнікам касцёльнага руху «Зносіны і вызваленне».

Па словах яго бацькоў, Антоніа і Паолы, ён быў энергічным і дапытлівым, сарамлівым і задуменным. Яго вера спела ў сям'і і ў вопыце руху падчас вучобы ў старэйшых класах. Паола ўспамінае, што з юнага ўзросту яе сын адрозніваўся асаблівай чуласцю. Так, у дзіцячым садку ён суцяшаў выхавальніцу, сястру Эсэндру, якая засмуцілася з-за дажджу, які перашкодзіў дзецям гуляць на вуліцы. «Сястра, — сказаў ён, — сонца ёсць заўсёды, проста зараз яно хаваецца за хмарамі».

Марка быў такім: любіў сваіх сясцёр, захапляўся паэтам Леапардзі і філосафам Платонам, невырашальнай задачай падваення куба, лёгкай атлетыкай (ён прайшоў адбор на нацыянальныя чэмпіянаты па бегу і па бегу з перашкодамі), танчыў на канцэртах амерыканскага кельцік-панк-гурта «Dropkick Murphys».

У 2007 годзе ён вучыўся ў навуковым ліцэі імя Дона Ньёкі ў Каратэ-Брыянцы, прыгарадзе Мілана. Там Марка часта займаўся рэпетытарствам з малодшымі вучнямі, заўсёды заканчваючы заняткі кароткай катэхізацыяй. Ён таксама некаторы час аказваў духоўную падтрымку пажылым людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў Інстытуце Дона Арыёне.

Марка любіў спорт і паходы ў горы, і карыстаўся папулярнасцю сярод аднагодкаў дзякуючы сваёй хрысціянскай жыццярадаснасці. Бацькі кажуць: «Марка заўсёды шукаў сяброў, таму што ў кожным сустрэтым чалавеку бачыў магчымасць дачынення з Таямніцай, якая прысутнічае ў рэальнасці, ад нашага васьмідзесяцігадовага суседа да пачаткоўца ў школе. Калі летам мы вярталіся ў Лігурыю і сустракаліся з роднымі, ён не прамінаў выпадку завесці глыбокую гутарку. У яго гэта атрымлівалася натуральна, ім рухала нястрымнае запатрабаванне ў сапраўднасці». Вось адзін з яго запісаў: «Сяброўства праўдзівае толькі калі яно дапамагае імкнуцца да праўды, да праўды аб чалавеку, гэта значыць да зносін з Таямніцай».

Паола і Антоніа Гала, бацькі Марка. Фота: clonline.org

У апошнія месяцы яго жыццё нібы паскорылася. «З гэтага моманту я ўсяго сябе без астатку прысвячу пошуку шчасця», — запісаў ён 19 сакавіка 2011 года. «Я хачу зразумець, ці ў Ім маё сапраўднае жыццё, ці не». І яшчэ:

«Усё роўна, пра што гаворка, у цэнтры заўсёды Езус».

Неяк увечары ён увайшоў на кухню, а тата быў занураны ў думкі аб працы і не звярнуў на яго ўвагі. «Я інжынер і ў тыя часы займаў пасаду дырэктара кампаніі ў Брыянцы. У руках у Марка быў лісток паперы — верш, які ён напісаў. Ён прачытаў мне яго, але я не занадта ўслухоўваўся. Тады ён прымацаваў яго на халадзільнік, жадаючы падзяліцца са мной сваімі думкамі. Я прачытаў тыя радкі адразу пасля таго, як мы атрымалі вестку аб смерці. Тады я зразумеў, што Марка не быў нашым. Ён заўсёды належаў і належыць Богу».

Глыбокая змена адбылася ў ім пасля пілігрымкі з сям'ёй і сябрамі ў Рым з нагоды беатыфікацыі Яна Паўла ІІ 1 мая 2011 года. «Мы, бацькі, не казалі аб гэтым, а толькі глядзелі і ў маўчанні, не задаючы пытанняў, прымалі сталасць, якую бачылі ў ім». Марка ўразіла фраза Вайтылы:

«Не бойцеся, адчыніце, расчыніце дзверы Хрысту».

Ён павесіў яе ў сябе ў пакоі і адразу ж адправіўся ў касцёл — папрасіць, каб словы папы сталі праўдзівымі і для яго.

Фота: aleteia.org

Праз паўгода, 5 лістапада 2011 года, па дарозе ў школу Марка трапіў у аварыю і загінуў імгненна. Напярэдадні вечарам ён зрабіў нешта для сябе нехарактэрнае. Чорнай ручкай ён напісаў на сцяне свайго пакоя побач з распяццем святога Даміяна, якое вісела над ложкам: «Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» Ён ведаў, што бацькі раззлуюцца: не справа — пісаць на сценах. Але гэтая фраза павінна была быць там, на бачным месцы. На наступную раніцу Марка ў выдатным настроі сеў на матацыкл і паехаў на заняткі ў школу. Па дарозе перад ім з паркоўкі выязджаў аўтамабіль. Марка затармазіў, асфальт быў мокры. Сутыкненне аказалася смяротным.

Тое, што стала адбывацца пасля, напаўняла бацькоў усё большым здзіўленнем. Паола расказвае: «Ужо ў першыя гадзіны пасля яго смерці пачалі адбывацца дзіўныя рэчы, якія складана апісаць. Яго сябры са школы і руху сабраліся ў шпіталі на малітву. Выстраілася цэлая чарга з моладзі, якая жадалі паспавядацца. На працягу двух гадоў штомесяц яны прасілі цэлебраваць Імшу за іх сябра. Потым нарадзілася ідэя пілігрымкі ў Манталегра недалёка ад Рапалла, таму што Марка пахаваны ў Лігурыі. Кожны год у ім удзельнічаюць тысячы людзей. Многія з іх не былі знаёмыя з Марка пры жыцці, некаторыя нават не вернікі, але яны сустрэліся з яго верай, з яго пытаннямі да Бога, з яго любоўю да праўды».

Моладзь у пілігрымцы да санктуарыя Манталегра. Фота: clonline.org

Антоніа расказвае пра сяброўства, якое нечакана завязалася з маладымі людзьмі падчас доўгага і маўклівага ўздыму да санктуарыя.

«У нейкім сэнсе яны адчулі сябе пакліканымі. Нехта з іх навярнуўся. Я кажу гэта ў паўголаса: мы і самі не ў стане зразумець, што адбылося, калі не дар ласкі».

Ціха-ціха Антоніа дадае: «Думаю, іх прыцягвае тое, як насычана ён жыў». Як напісаў калісьці сам Марка: «Калі я стану шчаслівейшым, навакольным прыйдзецца спытаць сябе, адкуль бярэцца мая радасць».

Абноўлена 24.03.2026 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.