Пошук

23.02.2026 20:29   Паводле: grodnensis.by

22 лютага, у першую нядзелю Вялікага посту, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй прызначыў студэнтаў 3, 4 і 5 курсаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне лектарамі, акалітамі і кандыдатамі да дыяканскага пасвячэння.

Адпаведны абрад адбыўся на Імшы, якую біскуп цэлебраваў у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў прысутнасці шматлікіх парафіян, а таксама родных і сяброў семінарыстаў.

Лектарамі сталі Уладзіслаў Прыгун і Станіслаў Бервячонак, акалітамі — Максім Ленец, Яўген Занеўскі, Аляксандр Крыштаповіч і Іван Шаранговіч, кандыдатамі да пасвячэння — Аляксандр Давідовіч, Ян Каськевіч, Аляксандр Швінта, Даніла Ракса і Павел Догель.

Падзея, як паведамляецца, была вельмі радаснай для саміх гэтых студэнтаў і для ўсёй супольнасці семінарыі.

У гаміліі біскуп сказаў, што першая нядзеля Вялікага посту «адкрывае перад Касцёлам асаблівую прастору цішыні і праўды, бо, распачынаючы гэты благаслаўлёны час, мы не проста ўваходзім у новы перыяд літургічнага календара, а становімся перад Богам такімі, якімі мы ёсць на самой справе, без масак, без апраўданняў і без ілюзій, дазваляючы Божаму Слову дакрануцца да самай глыбіні чалавечага сэрца».

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх заўважыў, што Бог пасля граху першых людзей «не перастае шукаць чалавека, пытаецца: "Дзе ты?"; гэта пытанне Айца, які не хоча страціць сваё дзіця», і што «з гэтага Божага пошуку пачынаецца Вялікі пост».

Біскуп адзначыў, што ў словах псальма «Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа» (Пс 51(50), 12) гучыць просьба не проста аб прабачэнні, а аб «новым сэрцы», бо «праблема чалавека не толькі ў памылках, а ў сэрцы, якое стамляецца любіць, губляе надзею і часта шукае лёгкіх шляхоў».

«Менавіта таму Касцёл прапануе пост, малітву і міласціну не як цяжар, а як лекі. Пост вучыць свабодзе ад таго, што намі валодае; малітва вяртае слуханне Бога; міласціна адкрывае сэрца на іншага чалавека»,

— патлумачыў іерарх.

Па яго словах, «гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя двух Адамаў: праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет, і разам з ім прыйшлі страх, смерць і падзел; але таксама праз аднаго Чалавека Езуса Хрыста у свет прыйшла ласка, якая мацнейшая за грэх».

Тлумачачы евангельскі фрагмент чытанняў гэтага дня, дзе паказанае спакушэнне Хрыста ў пустыні, біскуп сказаў, што пасля хросту «Езус ідзе ў цішыню, у пост, у барацьбу» і што сорак дзён пустыні — «дарога кожнага паклікання». Біскуп падкрэсліў, што спакусы д’ябла Езус «перамагае не сілай аргументаў, а Божым словам, Ён слухае Айца».

Іерарх нагадаў семінарыстам, што служэнне лектара «не проста чытанне тэксту на літургіі; гэта служэнне Слову, якое павінна спачатку жыць у вашым сэрцы».

«Бо святар не можа перадаваць тое, чым сам не жыве. Людзі не чакаюць ад святара прыгожых фразаў; яны чакаюць слова, якое прайшло праз малітву, праз барацьбу і праз асабісты досвед вернасці. Свет сёння поўны інфармацыі, але адчувае вялікі голад праўды. Таму лектар — гэта чалавек слухання. Той, хто дазваляе Богу першаму гаварыць»,

адзначыў біскуп.

Служэнне акаліта, па яго словах, «вядзе яшчэ глыбей — да алтара і Эўхарыстыі»: «Алтар вучыць цішыні. Вучыць пакоры. Вучыць, што святарства — не ўлада над святыняй, а служэнне таямніцы Божай прысутнасці. Побач з алтаром чалавек разумее, што найвялікшая сіла Касцёла — не ў структурах і не ў словах, а ў Хрысце, які становіцца Хлебам для свету».

Момант, калі семінарысты становяцца кандыдатамі да пасвячэння, біскуп назваў «момантам праўды»: «Касцёл сёння пытаецца ў вас: ці сапраўды вы хочаце ісці далей? Ці гатовыя вы аддаць жыццё не толькі ў хвіліны радасці, але і ў дні стомы, неразумення і, магчыма, адзіноты?»

«Вялікі пост нагадвае, што сапраўдны святар нараджаецца ў пустыні — у вернасці штодзённай малітве, у барацьбе з уласным эгаізмам, у здольнасці слухаць нават тады, калі Бог маўчыць»,

— падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што гэтая літургія датычыцца не толькі семінарыстаў: «У кожнага ахрышчанага сваё пакліканне. У кожнага з нас свая пустыня. Можа, сёння Пан пытаецца ў кагосьці: чаму ты так даўно не молішся? У кагосьці іншага: чаму не дараваў? А ў кагосьці: чаму баішся даверыць Мне сваё жыццё?»

Па словах біскупа, пост — «час надзеі», бо «Бог не стамляецца пачынаць нанова, не стамляецца шукаць чалавека, не стамляецца дараваць».

Іерарх пажадаў, каб кожны на пытанне Бога: «Дзе ты?» адказаў: «Вось я, Пане». Семінарыстам, якія сталі лектарамі, акалітамі і кандыдатамі да пасвячэння, ён пажадаў, каб для іх гэта было «пачаткам яшчэ больш глыбокага сяброўства з Хрыстом, які вядзе не да лёгкага жыцця, а да жыцця сапраўднага».

У канцы літургіі семінарысты выказалі падзяку біскупу і кіраўніцтву семінарыі, асабліва яе рэктару ксяндзу Яну Раманоўскаму.

Абноўлена 23.02.2026 21:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.