
Папяльцовай серадой, якая сёлета прыпадае на 18 лютага, Касцёл распачынае літургічны перыяд Вялікага посту — часу пакаяння, навяртання і духоўнай падрыхтоўкі да ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана. Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе вернікам сваё пастырскае слова, прызначанае на гэты дзень.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на Папяльцовую сераду 2026 года
«Хоць вецер снег па полі гоніць,
Ды Божы дзень пайшоў у рост.
Распачынаецца сягоння:
Вялікі пост — Вялікі пост.
Пасыплем попелам галовы.
Хай неба шчасце нам нясе,
Каб нашы думкі, нашы словы —
Імкнуліся да Бога ўсе».
З верша «Папялец» Мар’яна Дуксы
Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту. Гэта час, які даецца вернікам для падрыхтоўкі да святкавання Уваскрасення Пана, Пасхі — найважнейшай падзеі ў хрысціянстве. Сённяшні дзень па традыцыі называецца Папяльцом ці Папяльцовай серадою. Гэта звязана з абрадам пасыпання попелам, які выконваецца падчас літургіі. Ён суправаджаецца заклікам: «Кайцеся і верце ў Евангелле».
Мае дарагія, звярніце ўвагу, што толькі сёння, адзін раз у год, Касцёл праводзіць гэты абрад, у якім можна ўдзельнічаць, не выконваючы ніякіх дадатковых умоваў. Сёння да гэтага абраду можа падысці кожны ахрышчаны. Усе прыходзяць і пакорліва схіляюць галовы, прызнаючы ўласную недасканаласць перад таямніцай Бога — ахвярнай і дасканалай любові. Гэты абрад можна параўнаць з хростам, які здзяйсняў Ян Хрысціцель у Ярдане. Бо да святога Яна Хрысціцеля таксама прыходзілі самыя розныя людзі. Магчыма, не ўсе з іх адчувалі глыбокую патрэбу ў навяртанні і перамене жыцця. Але ўсе — праз абрад акунання ў ваду Ярдана — адчувалі, што ім гэта неабходна, бо яны прагнулі дабра. І хоць яны не былі дасканалымі, Пан Езус, стоячы з імі ў чарзе да хросту, дапоўніў усё, што ім было патрэбна.
Так адбываецца і сёння ва ўсіх каталіцкіх касцёлах і капліцах.
Самыя розныя людзі падыходзяць, каб іх галовы пасыпалі попелам — а над імі чувае Пан Езус. Ён дапаўняе тое, што недасканалае ў чалавеку, якому не хапае ўсведамлення свайго граху і не хапае адвагі і разумення патрэбы ў навяртанні. Бо калі чалавек не прызнае свайго граху, ён таксама закрываецца і для веры.
Больш за тое, святы Аўгустын нават казаў, што «хрысціянін, які ўсведамляе свае грахі, застаецца хрысціянінам, але чалавек, які не лічыць сябе грэшнікам, не можа быць хрысціянінам». Усведамленне сваіх грахоў дазваляе нам называць сябе хрысціянамі. Бо, як сказаў Слуга Божы арцыбіскуп Фултан Шын, «быць грэшнікам — гэта наша няшчасце, але ўсведамляць гэта — наша надзея».
Браты і сёстры. Звярніце ўвагу, як шматлюдна сёння ў святынях. Нягледзячы на тое, што сёння няма абавязку прыходзіць у касцёл, у Папяльцовую сераду звычайна прыходзіць значна больш людзей, чым нават у некаторыя касцёльныя святы. Сёння няма асвячэння рэчаў ці адмысловага благаслаўлення, сёння святары прапануюць попел — знак прамінальнасці і напамін пра тое, кім мы з’яўляемся, бо мы ўсе створаны з зямнога пылу і пылам станем, як пра гэта нагадвае нам Кніга Быцця. Сапраўды, вялікія багацці, грунтоўныя веды, улада — усё гэта аднойчы скончыцца з момантам нашай смерці. Застанецца толькі наша несмяротная душа, далейшы лёс якой — у Божых руках.
Мае дарагія! Вялікі пост з'яўляецца «спрыяльным часам» (гл. 2 Кар 6, 2), які дазваляе нам больш поўна адкрыцца на прыняцце Божай ласкі. Менавіта таму святы Ян Павел ІІ называў яго «сакрамэнтальным знакам нашага навяртання» — знакам і дзейсным інструментам радыкальнай перамены жыцця, якую вернікі павінны пастаянна нанова ажыццяўляць. Падчас Вялікага посту Касцёл прапануе вернікам практыкі, якія дапамагаюць у духоўнай падрыхтоўцы да Вялікадня. Гэта пост, малітва і міласціна.
Папа Леў XIV у пасланні на Вялікі пост 2026 года «Слухаць і пасціць» сцвярджае:
«Вялікі пост — гэта час, калі Касцёл з матчыным клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу».
Пантыфік падкрэсліў, што «кожны шлях навяртання пачынаецца, калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго з паслухмянасцю духа». Таму Леў XIV сёлета заахвочвае «звярнуць увагу, у першую чаргу, на важнасць стварэння прасторы для Божага слова праз слуханне, бо гатоўнасць слухаць — гэта першы знак, які выяўляе жаданне ўвайсці ў адносіны з іншым».
Таксама Папа адзначыў, што прыняццю Божага слова спрыяе пост: «Устрыманне ад ежы з’яўляецца старажытнейшым і незаменным практыкаваннем на шляху навяртання. Закранаючы цела, яно робіць больш відавочным тое, чаго мы “прагнем” і што лічым неабходным для нашага існавання». Аднак, каб пост захоўваў сваю евангельскую праўду і быў пазбаўлены спакусы напаўнення сэрца пыхай, ён павінен заўсёды перажывацца з верай і пакорай. Пантыфік заклікае нас да практыкавання недаацэненай формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга. «Давайце паспрабуем, — заахвочвае ён, — навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады многія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру».
Знакам абсалютнай любові Бога, сімвалам адкуплення і падмуркам наследавання Хрыста ў беднасці і пакоры святы Францішак Асізскі лічыў крыж. Як пісаў святы Банавентура: «Праз палымянасць велізарнай любові Францішак прагнуў цалкам перамяніцца ў Хрыста Укрыжаванага». Езус пачуў яго прагненне і адарыў стыгматамі. Для святога Францішка крыж быў сімвалам не паражэння, але перамогі любові, з якой ён чэрпаў сілы, каб радасна абвяшчаць Евангелле.
У кастрычніку спаўняецца 800 гадоў з дня смерці гэтага вялікага святога і містыка. Папа Леў XIV устанавіў Год святога Францішка, «каб кожны хрысціянін, ідучы за прыкладам святога з Асізі, сам станавіўся прыкладам святасці жыцця і нястомным сведкам міру».
Мае дарагія. Калі напрыканцы Вялікага посту або падчас рэкалекцый мы зразумеем, што Бог найважнейшы ў нашым жыцці, тады можна сказаць, што мы добра пражылі гэты Вялікі пост. Мэта Вялікага посту — гэта таксама адкрытае і чуйнае сэрца, каб мы ўбачылі іншага чалавека, якому патрэбна дапамога, і працягнулі яму руку падтрымкі. Магчыма, камусьці з суседзяў патрэбен наш час, наша размова ці спачуванне. Магчыма, хтосьці захварэў і чакае, каб мы яго наведалі, дапамаглі купіць лекі ці прадукты, ці хаця б патэлефанавалі і выслухалі. Усведамленне гэтага — таксама навяртанне.
У катэхізісе падкрэсліваецца, што грахом з’яўляецца «знявага Бога. Яна супярэчыць любові Бога і адварочвае нашы сэрцы ад Яго» (пар. ККК 1850). Яна не адварочвае Божае Сэрца ад нас, але адварочвае нашы сэрцы ад Бога. Ён не адварочваецца, а заўсёды глядзіць на нас з любоўю, міласэрным позіркам, заклікаючы, каб мы даверыліся Яму, каб сказалі: «Езу, давяраю Табе».
Пастараемся, каб падчас Вялікага посту ў нашым жыцці было больш малітвы, любові да Бога, больш адкрытасці на Яго слова, больш часу, праведзенага на ціхай адарацыі Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Не забывайма, што наша малітва — гэта размова сэрца з Богам, гэта не толькі нашае маленне, але таксама і слуханне, слуханне ў маўчанні, бо без маўчання няма сапраўднай малітвы. Суцішанасць сэрца — гэта прастора, у якой Бог прамаўляе да нас. Не забывайма пра міласціну, якой чакаюць тыя, хто ў патрэбе, пра нашу падтрымку. Сёлета каталіцкая дабрачынная арганізацыя Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачынае велікапосную акцыю, скіраваную на дзяцей, пад назвай «Скарбонка дабрыні», мэтай якой з’яўляецца даць дзецям з нашых парафій магчымасць праз канкрэтны добры ўчынак — міласціну — дапамагчы сваім аднагодкам, якія праходзяць рэабілітацыю ў нашым Дзіцячым цэнтры святога Лукі, што ў вёсцы Ляскоўка каля Мінска.
Браты і сёстры. Вялікі пост вядзе нас да Пасхальнага Трыдуума, каб мы нанова адкрылі сэнс сілкавання Целам і Крывёю Хрыста, бо ў Ім заключана Пасха — перамога Хрыста над смерцю. Вялікі пост мае вялікі сэнс у адным слове, якое вельмі важнае для веруючага чалавека, — гэта слова «збаўленне». Бог — наш Збавіцель. Езус Хрыстус прыходзіць, каб уратаваць чалавека ад вечнай згубы.
Каб добра і плённа перажыць Вялікі пост, дазволім Духу Святому правесці нас праз гэты перыяд нашага імкнення выйсці з цемры да святла, са змроку да жыцця, з граху да свабоды, аж да Пасхі.
Няхай Панна Марыя, якая раздзяліла балесныя пакуты са сваім Боскім Сынам і адчула радасць Яго ўваскрасення, суправаджае нас падчас гэтага Вялікага посту на нашым шляху да таямніцы Пасхі.
Жадаючы святога і плённага Вялікага посту і даручаючы вас заступніцтву Маці Божай Балеснай, ад сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі






