
Ваша Святасць,
Святы Ойча!
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, разам з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду сабраліся на 94-й Пленарнай асамблеі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у прысутнасці монсіньёра Кшыштафа Сэрокі, Часовага паверанага ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, у духу еднасці і павагі маем гонар перадаць Вашай Святасці самыя цёплыя прывітанні і найлепшыя пажаданні таксама ад імя духавенства, кансэкраваных асобаў, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць у нашай краіне.
Толькі што мінула 12-я гадавіна з часу Вашага абрання на катэдру Пятра. Сёння, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апекуна Святога Касцёла, мы разам з Вашай Святасцю дзякуем Усемагутнаму Богу за багатыя і каштоўныя плёны Вашага Пантыфікату.
Мы дзякуем Вашай Святасці за шматлікія ініцыятывы, накіраваныя на найбольш патрабуючых і маргіналізаваных людзей у гэтым свеце. Асабліва мы ўдзячныя за пасланне надзеі, скіраванае да Касцёла і свету, якое змяшчаецца ў Буле звычайнага Юбілею Spes non confundit. Сёння, аб’яднаныя з Вамі, Святы Ойча, мы знаходзімся ў пілігрымцы надзеі да будучыні, якая належыць Богу.
Жадаем Вашай Святасці праз магутнае заступніцтва святога Юзафа хутчэйшага выздараўлення і моцнага здароўя, багацця Божых ласкаў і Божай дапамогі ў вырашэнні цяжкіх і хвалюючых пытанняў Касцёла.
Мы запэўніваем Вашу Святасць у нашых гарачых малітвах, асабліва цяпер, калі Вы шпіталізаваны, і мы карыстаемся гэтай магчымасцю, каб аднавіць нашу сыноўнюю адданасць.
Вашай Святасці пакорны і паслухмяны сын
✠ Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 19.03.2025