У нядзелю 13 кастрычніка папа Францішак кананізаваў пяць новых святых, сярод якіх і кардынал Джон Генры Ньюман — англійскі рэлігійны дзеяч і мысляр.
Касцёл у Вялікабрытаніі з радасцю прыняў гэтую вестку, што сведчыць пра вялікую папулярнасць гэтага чалавека на радзіме.
Джон Генры Ньюман нарадзіўся 21 лютага 1801 г. у Лондане. Ён вывучаў англіканскую тэалогію ў Оксфардзе, і 13 чэрвеня 1824 г. стаў пастарам у англіканскай супольнасці.
З каталіцтвам будучы кардынал, а тады яшчэ англіканскі пастар упершыню блізка пазнаёміўся падчас свайго падарожжа па Італіі.
Вярнуўшыся ў Англію, ён заснаваў у 1833 г. Оксфардскі рух — англіканскі аднаўленчы рух, асноўнаю мэтаю якога было нанава адкрыць каталіцкую спадчыну ў літургіі, тэалогіі і касцёльных структурах.
Пасля некалькіх гадоў вывучэння твораў айцоў Касцёла, разважанняў і малітваў, Ньюман пераканаўся, што не Каталіцкі Касцёл памыляўся ў сваім вучэнні, а наадварот, англіканская супольнасць заблукала ў сваім вандраванні. Ён заявіў, што нацыянальны Касцёл вельмі далёка аддаліўся ад першапачатковага дэпазіту веры.
Увосень 1845 г. Джон Генры Ньюман вырашыў перайсці ў каталіцтва, і 9 кастрычніка быў афіцыйна прыняты ў Каталіцкі Касцёл.
Пасля вучобы ў Рыме ў кастрычніку 1846 г. ён прыняў сакрамэнт пасвячэння і стаў прэзбітэрам каталіцкага Касцёла.
У перыяд вострых канфліктаў паміж Касцёлам і буржуазнымі рухамі на пачатку шасцідзесятых гадоў ХIХ стагоддзя, ксёндз Ньюман быў абвінавачаны ў празмерным лібералізме і мусіў адхіліцца ад актыўнага касцёльнага жыцця. За гэты час ён напісаў творы, якія ў выніку сталі класікай тэалогіі духоўнасці. Ксяндза Джона Генры Ньюмана «рэабілітаваў» папа Леў XIII, прызначыўшы яго 12 мая 1879 кардыналам Каталіцкага Касцёла.
Джон Генры Ньюман адышоў у вечнасць 11 жніўня 1890 года ў Бірмінгеме.
«Кардынал Ньюман змог дайсці так далёка выключна дзякуючы сваёй сціпласці.
Пакора — гэта самая важная рыса яго характару»,
— мяркуе кс. прафесар Фартунато Маронэ, вядучы эксперт па пытаннях Ньюмана ў Італіі. «Яго веліч была ў тым, што ён быў сціплым па-хрысціянску, падобны да Марыі, — тлумачыць італьянскі тэолаг. — Гэта значыць, што ён мог паглядзець на сябе па-сапраўднаму і распазнаць „вялікія рэчы, якія яму ўчыніў Усемагутны“». «Ён усведамляў свой геній і аддаў яго на служэнне простым людзям», — дадае прафесар Маронэ.
Ньюман шукаў праўду ўсё сваё жыццё і часам плаціў за яе вялікую цану.
Найбольш пераломным момантам стала для яго прыняцце каталіцкай веры. Тады яму было 44 гады. Наступствам гэтага кроку стаў канец універсітэцкай кар’еры ў Оксфардзе, а таксама адыход і асуджэнне з боку многіх сяброў і сваякоў. Аднак вернасць Праўдзе была для яго найважнейшай.
«Гэта было наступствам яго інтэлектуальнай сумленнасці, пошукаў ісціны. Ён шукаў праўду ў малітве, і перш за ўсё ў вывучэнні твораў айцоў Касцёла і гісторыі хрысціянства. І калі гэтая праўда стала для яго відавочнай, калі ён знайшоў яе ў Каталіцкім Касцёле, ён змог прызнаць яе і дазволіць ёй кіраваць сабою, — кажа прафесар Маронэ Ватыканскаму радыё. — Такім чынам, мы бачым інтэлектуальную сумленнасць, сціпласць і здольнасць пашыраць свой кругагляд».
«Ньюман ніколі не адмаўляўся ад свайго англіканскага мінулага. Прыняцце каталіцкай веры стала для яго толькі крокам наперад. Яго досвед працы ў англіканскай супольнасці аказаўся занадта малым у параўнанні з праўдай, якую ён знайшоў ў каталіцкім Касцёле.
Кардынал Джон Генры Ньюман — мысляр, які аказаў велізарны ўплыў на развіццё Касцёла ў XX ст., таму нездарма яго лічаць папярэднікам Другога Ватыканскага Сабору», — нагадвае прафесар Маронэ.