«Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар»
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняе Евангелле маляўніча паказвае вобраз, дзе Езус — вінаградная лаза, Айцец — вінаградар, а мы — галінкі гэтай вінаграднай лазы, якія пакліканыя прыносіць плён. Прадстаўлены вобраз вельмі сімвалічны і адлюстроўвае нашае пакліканне і нашую прыналежнасць да Бога. Давайце зараз прыгледзімся больш дакладна, што Езус мае тут на ўвазе.
Па-першае, Ён ставіць для нас пэўныя практычныя патрабаванні: «…Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён…» І гэта, мае дарагія, не тэорыя! Езус заклікае, каб мы практычна паставіліся да Ягоных словаў. Каб трываць у Богу, трэба са свайго боку прыкласці шмат сур’ёзных намаганняў. Таму Езус хоча, каб мы зразумелі гэтую праўду, а зразумеўшы, рэалізавалі яе ў сваім жыцці. Якім чынам? Перадусім выконваючы Божыя запаведзі і жывучы ў стане ласкі. Гэта і ёсць трыванне ў Езусе, якое прыносіць багаты плён. Езус кожнага з нас заклікае, каб мы заставаліся ў Ім.
Па-другое, апрача патрабаванняў, Езус ажыўляе нашую веру: «…Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам…» Зразумела, што сённяшняе Евангелле датычыць не толькі тэарэтычнага, але і практычнага боку нашай веры, гэта значыць паказвае, як яе трэба рэалізоўваць у нашым жыцці.
У сённяшнім Божым слове Езус выразна паказвае нам крытэрыі сапраўднай веры. Яна, вера, па-іншаму жывая сувязь з Богам, грунтуецца на тым, што чалавек дзякуючы гэтай веры прыносіць плён. А плён — гэта заўсёды тое, што можна ахарактарызаваць ці параўнаць. І вельмі важна, што вера — гэта не нейкая чыста тэарэтычная канцэпцыя, не толькі пэўны стыль жыцця ці нейкі своеасаблівы светапогляд. Вера — гэта таксама не толькі сляпое выкананне фармальных патрабаванняў, напрыклад: хаджэнне ў касцёл, велікодная споведзь, адпраўленне сваіх дзяцей на катэхезу і да Камуніі і г.д.
Запытаецеся: чаму? Гэта ж пабожная практыка! Так. Але ў выпадку, калі чалавек мае веру! Калі прыходзіць у касцёл і ўдзельнічае ў святой Імшы свядома. Калі ён сам прыходзіць, а не так, што яго цягнуць у касцёл родныя. Прыходзіць у касцёла, практыкуючы веру — значыць прыходзіць з патрэбай для сваёй душы, а не робячы гэтым міласць для кагосьці. Дзеля Бога прыходзім, а не дзеля таго, каб ад нас адчапіліся.
Тады якою павінна быць нашая вера, каб мы, як хрысціяне, як галінкі вінаграднай лазы, прыносілі багаты плён? Адказ можам знайсці ў першым пасланні святога апостала Яна ў другім сённяшнім чытанні: «…Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя…» Значыць, рэалізацыя веры – гэта не што іншае як выкананне запаведзяў Езуса. Якія яны, гэтыя запаведзі? Гаворка тут ідзе не толькі пра дзесяць Божых запаведзяў, якія мы калісьці вучылі перад Першай святой Камуніяй. Святы апостал Ян піша: «А запаведзь Яго такая, каб мы верылі ў імя Сына Яго Езуса Хрыста і любілі адзін аднаго…» Гэтая запаведзь перш за ўсё! Бо з веры вынікае сапраўдны давер і супакой сэрца, а з любові — учынак і праўда.
Значна прасцей пачуццё любові выказваць моўна, вусна ці пісьмова, але цяжэй выказаць гэтую любоў канкрэтнымі ўчынкамі. Вось тут і правяраецца сапраўднасць гэтай любові: калі любоў сапраўдная і моцная, калі гэта насамрэч любоў, то сведчыць пра яе будуць учынкі, калі не — то ў лепшым выпадку толькі словы… Але словы тыя будуць не чым іншым, як толькі маніпуляцыяй, як бы маскай, бо ад пачатку не згаджаюцца з праўдай. А каб такога не было, трэба, каб нашая тэорыя ішла ў пары з практыкай, словы з учынкамі. Нам патрэбны глыбокі ўнутраны супакой, які можа з’явіцца толькі як дар Святога Духа, як плён еднасці з Богам. Толькі з’яднаныя з Ім, мы можам жыць ў праўдзе.
Дарагія! Такім чынам, мы зноў вяртаемся да вобразу вінаграднай лазы, толькі зараз паразважаем крыху з іншага боку — першапачатковага. Бо плён — гэта вынік, які не можа існаваць сам па сабе: спачатку павінна быць вінаградная лаза, а толькі тады гронкі; спачатку павінна быць з’яднанне з Богам у веры, а толькі пасля плёны гэтай веры ў жыцці. Калі б мы захацелі гэтую паслядоўнасць змяніць, то апынуліся б перад заданнем, якое бясконца пераўзыходзіць нашыя чалавечыя сілы і магчымасці, гэта быў бы нават абсурд. Езус выразна нам кажа: «…без Мяне нічога не можаце зрабіць…», — а тым больш, напэўна, не зробіце тое, што самае істотнае і важнае.
Ці чалавек здольны сам уласнымі сіламі збавіцца? Ніколі! Ён можа паляцець у космас, даляцець да Месяца ці Марса, але неба не знаходзіцца дзесьці вышэй, у нейкім далёкім кутку касмічнай прасторы. Неба знаходзіцца ў пазафізічнай рэчаіснасці, да якой чалавек не мае доступу. Толькі Бог можа нас туды перанесці. Але для гэтага патрэбная наша вера, нашае трыванне ў Богу, як галінак у вінаграднай лазе.
Дарагія браты і сёстры! Кожны з нас павінен глядзець і клапаціцца, каб быць з Богам, каб жыць у Богу, каб быць з Ім з’яднаным. У сваю чаргу вера, малітва, любоў і праўда павінны мець першынство перад дзейнасцю і ўчынкамі. Але падкрэсліваю — першынство, а не замену. У сапраўдным хрысціянскім жыцці павінна быць адно і другое: вера і дзейнасць, малітва і ўчынак. Адно без другога — не існуе, так, як не існуе вінаграду без лазы. Амэн.