Пошук

26.06.2025 09:21   Catholic.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе Зварот да вернікаў ў сувязі са святкаваннем урачыстасці Маці Божай Будслаўскай.

Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>

Зварот
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
ў сувязі са святкаваннем урачыстасці Маці Божай Будслаўскай

Шаноўныя браты ў біскупскім служэнні, святары, манаскія асобы, семінарысты! Любыя дзеці, дарагая моладзь, браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі, пілігрымы надзеі!

У гэтым годзе спаўняецца 35 гадоў як аднавіліся пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, нашай Апякункі і Каралевы. У хуткім часе мы зноў сустрэнемся на ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, на Будслаўскім фэсце. Перажываючы Юбілейны год хрысціянства, сардэчна запрашаю ўсіх святкаваць свята святаў. Запрашаю ўсіх, хто адчувае сябе пілігрымам надзеі, з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны: Віцебска і Гродна, Гомеля і Магілёва, Брэста і Пінска, пілігрымаў з Мінска, з нашых беларускіх вёсак і хутароў, каб і ў гэтым годзе мы маглі разам сустрэцца, бо, як кажа папа Леў XIV, хоць усе мы розныя, аднак у Хрысце ўсе мы адно.

Гэты год асаблівы. Сёлета падчас фэсту мы здзейснім прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Таму заахвочваю ўсіх пілігрымаў, якія неўзабаве вырушаць у гэтую юбілейную пілігрымку, маліцца аб ласцы Божай Міласэрнасці і аб спакоі ў свеце. Спадзяюся таксама на малітоўную падтрымку тых, хто з-за хваробы ці пажылога ўзросту не можа ўдзельнічаць у пілігрымцы, і прашу вас, мае дарагія, ахвяраваць свае цярпенні ў гэтай інтэнцыі.

Умілаваныя браты і сёстры! Зразумела, што не ўсе мы зможам удзельнічаць у гэтай урачыстасці, таму запрашаю да супольнай малітвы праз інтэрнэт-рэсурсы, а таксама праз Беларускае тэлебачанне, якое ў прамым эфіры 5 ліпеня, пачынаючы з 11.30 будзе трансліраваць нашыя гістарычныя падзеі з Будслава.

Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, давяраем Табе! Беззаганнае Сэрца Марыі, будзь нашай надзеяй!

✠ Юзаф Станеўскі
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 03.07.2025 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа