Пошук

24.02.2018 08:25   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«З воблака светлага пачуўся голас Айца: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце»

Дарагія браты і сёстры!

Уваходзячы ў досвед пустыні, аб якім мы разважалі на пачатку Вялікага посту, мы становімся перад шэрагам выпрабаванняў і цяжкасцяў. Пазбаўленне матэрыяльнага камфорту, разнастайныя аскетычныя практыкі: пост, абмежаванне ў ежы і піцці — усё гэта мае на мэце нас выхаваць і ўмацаваць, зрабіць падобнымі да Хрыста, каб пасля выхаду з гэтай пустыні мы былі ўмацаванымі і поўнымі духу. Хрыстус жадае, каб мы з гэтага досведу выйшлі пераможцамі, і таму важным крокам на шляху да гэтай перамогі становіцца ўрывак з сённяшняга Евангелля, дзе гаворка ідзе аб Перамяненні Пана.

Напэўна, вучні не ведалі, што чакае іх Настаўніка ў недалёкай будучыні. Хоць Ён ім і неаднаразова казаў пра сваю муку, смерць і ўваскрасенне, а яны хоць між сабою і разважалі, што значыць уваскрэснуць, аднак поўнасцю зразумець словы Хрыста адносна ўваскрасення не былі ў стане. Ведаючы гэта, Езус пажадаў умацаваць веру сваіх вучняў. І таму разам з імі Ён ідзе на гару Перамянення. На гэтую гару Езус бярэ далёка не ўсіх, але толькі траіх. Нам можа здавацца, што гэта неяк несправядліва, але Езус так робіць, каб быць верным Святому Пісанню, дзе гаворыцца, што ў прысутнасці двух або трох сведкаў мае моц усялякае сведчанне праўды. Цяжка сабе ўявіць, калі б там былі ўсе вучні, – магчыма, на гары Перамянення мог бы ўзнікнуць своеасаблівы балаган. Таму Езус тут паступае вельмі разважліва, беручы з сабою Пятра, Якуба і Яна.

Нас можа зацікавіць, якім чынам сённяшні ўрывак Евангелля ўпісваецца ў кантэкст Вялікага посту. Бо падзеі перамянення Пана храналагічна пачалі існаваць значна раней. Мяркую, што кароценькі ўрывак з другога чытання можа стаць злучным звяном, каб зразумець, што нам хоча сказаць Хрыстус сёння ў перыяд Вялікага посту. «Калі Бог за нас, хто ж супраць нас? (...) Хто будзе абвінавачваць выбраных Богам?..»

Словы, напісаныя апосталам Паўлам да Рымлянаў, якія мы сёння чуем, выражаюць глыбокі рэалізм. Чаму? Бо мы, людзі, у выніку сваёй слабой чалавечай натуры з самага пачатку заслужылі безумоўнага асуджэння паводле сваіх грэшных учынкаў. І, калі чалавецтва судзіць толькі паводле крытэрыю справядлівасці, то ласка збаўлення была б недаступнай нікому. Інакш кажучы, ніхто з людзей уласнымі сіламі не здольны збавіцца. Бо нас можна асудзіць і прызнаць вінаватымі, паколькі мы гэтага заслужылі. Калі б не справа адкуплення, здзейсненая Езусам Хрыстом, то мы і надалей жылі б у цемры граху і смерці. І цяжка гэта было б назваць жыццём, бо яно вяло б на пагібель. Аднак у сённяшнім урыўку апостал Павел падкрэслівае, што Бог у сваёй усемагутнай моцы не жадае нас асудзіць і знішчыць за здзейсненыя грахі. Бо мы ўжо маем апраўданне ў Езусе Хрысце.

Гэта д'ябал нас асуджае перад Богам, бо жадае нам пагібелі і мае шмат розных доказаў супраць кожнага з нас: шматлікія прыклады нашай слабасці і граху, нашыя розныя ўпадкі на жыццёвым шляху, нашая нявернасць і здрады супраць любові да Бога і бліжніх і шмат іншага, чаго мы самі, магчыма, ужо і не памятаем.

Дарагія! Бог не хоча нас судзіць, Ён жадае нас вызваліць з грахоўнай слабасці і падняць з усіх нашых упадкаў, і таму мы можам быць некалі здзіўленыя, калі даведаемся, што не Бог нас будзе асуджаць але мы саміх сябе будзім судзіць у святле Ягонага Слова, якое Ён дзеля нас прамовіў і якое сталася Целам. І таму ў момант сённяшняга перамянення Езуса Хрыста Айцец прамаўляе да нашых сэрцаў гэтыя словы: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце!»

У святле словаў апостала Паўла можам заўважыць сувязь першага чытання з Евангеллем, а таксама заўважыць актуальнасць гэтых словаў у нашым досведзе пустыні Вялікага посту. Бог, які з'яўляецца Любоўю, адносіцца да нас, не ствараючы ў нас непакою ці страху, але пануючы над намі з далікатнасцю і айцоўскай любоўю. Так, як некалі да сваіх выбраных Бог звяртаўся: Абрагаме, Пётр, Паўле, Яне... Так і да кожнага з нас Ён сёння звяртаецца па імені. Звяртаецца да кожнага з нас індывідуальна. Кліча, бо кожнага ведае дасканала. Нам можа здавацца дзіўным, што Бог кліча мяне, беднага грэшніка, — ці я гэтага нейкім чынам заслугоўваю, і што Бог ад мяне хоча? Але, паколькі мяне і цябе кліча Бог, дарагі браце, дарагая сястра, то варта адказаць, як некалі адказаў Самуэль: «Вось я!» Гэта словы гатоўнасці адказаць Богу на Ягоны заклік. Гэта словы маёй ці тваёй рашучасці, каб выканаць усё тое, што загадае Бог.

Так учыніў Абрагам, як чуем у першым чытанні. Ён, пачуўшы голас Бога, адразу адказаў: гэта я. Да чаго заклікаў Бог Абрагама? Перадусім, каб той склаў у ахвяру свайго адзінага ўмілаванага сына Ісаака. З аднаго боку, гэта быў цяжкі, складаны, нават жудасны досвед Абрагама, праз які, напэўна, Бог хацеў праверыць яго веру. Але разам з гэтым нельга не заўважыць правобраз той ахвяры, якую сам Бог Айцец складзе для збаўлення грэшнага чалавека. Ахвяру са свайго адзінага ўмілаванага Сына Езуса Хрыста. Бачыце гэтую сувязь? І таму ахвяра Абрагама стала сімвалам той ахвяры, якая ў перспектыве будзе мець месца на Галгоце. Праз гэта Бог аб'яўляе сваю волю, інфармуючы нас, людзей, пра тое, што некалі станецца ў будучыні. Каб мы паверылі Пісанню, як жывому і дзейснаму слову Бога, якое збаўляе.

Не хачу спыняцца над тым, што мог адчуваць Абрагам у тую хвіліну, калі ўздымаў нож над ахвярнікам, — напэўна, ягонае сэрца кроўю аблівалася. Аднак урэшце Бог не пажадаў ахвяры з чалавека, і таму анёл Пана, паклікаўшы Абрагама, сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне.

Мае дарагія! Ахвяра Абрагама вельмі цесна пераплятаецца з перамяненнем Пана, таму што ў гэтым вобразе мы можам выразна ўбачыць прадвесце Ахвяры за збаўленне роду людскога. Сам Айцец сёння прадстаўляе свайго Сына як улюбёнага і заклікае, каб Яго слухалі. Сёння Бог кліча кожнага з нас, каб мы да Яго наблізіліся! У кантэксце Вялікага посту – гэта асабліва актуальны заклік. Бог жадае, каб мы наблізіліся да Яго і зачэрпнулі для сябе столькі Божай ласкі, колькі нам трэба. Аднак наблізіцца да Бога без ахвяры немагчыма.

А гэтая ахвяра заключаецца ў нашым уласным перамяненні: у спосабе мыслення і дзейнасці, у сферы ўсяго нашага жыцця. Нельга перамяніць нейкую асобную частку сябе, але трэба перамяніцца цалкам. Толькі такое перамяненне сапраўднае, калі яно поўнае і ахоплівае ўсю асобу чалавека: фізічную, псіхалагічную і духоўную сферы. Таму Езус сёння нас запрашае на гару Перамянення, каб мы, зняўшы з сябе вопратку старога грэшнага чалавека, перамяніліся ў новага адкупленага чалавека, які ззяе беллю новай вопраткі, падобна як Хрыстус! А паўсюдным месцам гэтага перамянення становяцца канфесіяналы — трыбуналы Божай міласэрнасці, дзе праз споведзь чалавек яднаецца з Богам і бліжнімі, усталёўваючы мір і гармонію Божай ласкі ў сваім сэрцы.

Умілаваныя браты і сёстры! Добра ведаем са Святога Пісання наступныя словы: Бог не жадае смерці грэшніка, але каб навярнуўся і меў жыццё. Чаму перыяд Вялікага посту становіцца асабліва актуальным для закліку Езуса: кайцеся і верце ў Евангелле? Напэўна, таму, што гэты літургічны перыяд стварае спрыяльную атмасферу, з мэтай, каб мы па-чалавечы вучыліся суперажываць падзеям мукі і смерці Езуса Хрыста. І бачыць у гэтых падзеях не трагедыю і роспач, а ўласнае ачышчэнне і вялікую надзею, якую прынясе велікодны ранак і навіна аб пустой грабніцы. Дух Святы — выдатны фарматар нашых сэрцаў. Таму даверымся Яму, дарагія браты і сёстры, каб праз саракадзённы пост сфарміраваць у нашых сэрцах фундамент сапраўднай хрысціянскай радасці, адказваючы ўласным жыццём на заклік надзеі, якую дае Езус Хрыстус. А задатак гэтай надзеі мы бачым сёння на гары Перамянення ў словах Айца: гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце! Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа