Пошук

17.02.2018 08:48   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«На пачатку Вялікага посту Касцёл заклікае нас схіліць галаву перад Богам. Калі ж потым мы ўзнімем яе, то ўбачым Хрыста, Адкупіцеля чалавека, які ўсім сваім жыццём, а затым сваёю мукаю і смерцю, вучыць нас, што гэта значыць: быць вольнымі».

Дарагія браты і сёстры!

Гэтымі словамі з разважанняў на Вялікі пост святога Яна Паўла ІІ хачу заахвоціць сябе і вас да плённага перажывання гэтага важнага ў нашым жыцці літургічнага перыяду. Чаму важнага — таму што гэты саракадзённы пост павінен для нас стаць той жа пустыняй, якую некалі спазнаў Езус перад тым, як распачаць сваю збаўчую місію. Зрэшты, менавіта аб гэтым мы сёння чуем у Евангеллі. Досвед, які спадарожнічаў Езусу ў момант Яго прабывання ў пустыні, распачаўся і ў нашым жыцці зусім нядаўна, некалькі дзён таму — Папяльцовай серадою. Для нас гэта асаблівы знак пакуты і навяртання.

Ці патрэбна навяртанне веруючаму чалавеку? — запытаеце вы. Адкажу: патрэбна. Ніхто на зямлі не з’яўляецца святым, таму для адных гэта будзе радыкальнае навяртанне, змена жыцця на 180 градусаў, для іншых — нейкая невялікая «касметычная карэкцыя», але сэнс у тым, што навяртання патрабуе кожны. Хтосьці павінен пабудаваць зусім іншы, новы дом, а хтосьці — зрабіць рамонт або толькі ўборку ў сваім доме. І менавіта гэта нам сёння хоча сказаць Езус, калі ідзе ў пустыню, каб для нас адкрыць важнасць гэтага досведу.

На першы погляд Езус падобны да своеасаблівага духоўнага «экстрэмала», але калі мы больш уважліва прыгледзімся да Яго паводзінаў, то прыйдзем да высновы, што кожны з нас перажываў або перажывае пустыню свайго жыцця. У жыцці мы вымушаны быць свайго роду «экстрэмаламі». І неабавязкова ў перыяд Вялікага посту. Здараецца так, што жыццё само стварае абставіны і прымушае нас акунуцца ў атмасферу пустыні, дзе мы становімся чагосьці пазбаўлены — таго, што ў нас калісьці было кожны дзень, да чаго мы, магчыма, прызвычаіліся. І неабавязкова гэта нейкія дрэнныя рэчы — наадварот, могуць быць добрыя, але мы да іх прывязаны. І бывае так, што гэтая прывязанасць перашкаджае нам убачыць прысутнасць і дзейнасць Бога, і толькі калі мы пазбаўляемся гэтых прывязанасцяў, то можам зусім з іншай перспектывы паглядзець на сябе і на сваё жыццё. А перш за ўсё ўбачыць у ім Бога, тое, што Ён блізка да нас. Што мы не пакінуты, як нам здавалася раней. І ў такім выпадку досвед пустыні адкрывае нам вочы.

Дарагія! Напэўна, Езус не патрабаваў ані кардынальнага навяртання, ані «касметычнай карэкцыі» ў навяртанні да Айца. Ён гэта ўчыніў у імя праўды, даючы нам стымул да пераадольвання ўсялякага роду цяжкасцяў у сваім жыцці, а таксама паказаў нам, што ў гэтых цяжкасцях Ён з намі салідарны. Езус паказаў, што гэтыя цяжкасці прысутныя ў жыцці чалавека не таму, што Бог яго пакараў ці сам чалавек сваімі паводзінамі выклікаў тое, што гэтыя цяжкасці ўзніклі ў яго жыцці. Езус адкрывае нам новае вымярэнне і больш глыбокі сэнс гэтых цяжкасцяў. Езус адкрывае сэнс і неабходнасць пустыні ў нашым жыцці.

Досвед пустыні павінен нас ачысціць, толькі нам трэба быць да гэтага гатовымі. Нам трэба гэта зразумець і спакойна прыняць. І гэта зробіць нас свабоднымі, як узгадаў святы Ян Павел ІІ. Гэтая свабода Божых дзяцей вызваліць нас не толькі ад граху, але і ад усялякіх дробных залежнасцяў ці прывязанасцяў, якія да яго вядуць. Існуе такі жыццёвы парадокс, дарагія браты і сёстры: чым больш мы прывязаны сэрцам да разнастайных залежнасцяў, нават да самых дробных і бяскрыўдных, тым менш наша сэрца прагне Бога. І таму духоўная пустыня Вялікага посту проста неабходная ў нашым жыцці. Толькі важна яе правільна перажыць, а ў гэтым нам дапаможа разуменне патрэбы посту ў нашым жыцці. Пост — гэта не дэкарацыя, не павярхоўны дызайн нашых паводзінаў, які можа нас знешне адрозніваць ад іншых людзей. Гэта рэчаіснасць, якая спачатку ахоплівае сэрца чалавека, а ўжо толькі потым змяняе яго стыль паводзінаў.

«Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе».

Ёсць яшчэ адзін аспект пасля практычнага аспекту пустыні, і мы яго чуем у сёняшняй евангельскай навуцы Езуса. Гэта Яго словы: кайцеся і верце ў Евангелле. Гэтыя словы мы ўжо чулі ў Папяльцовую сераду, калі на нашы схіленыя галовы святар сыпаў дробку попелу. Мае дарагія! Гэта дэвіз нашага саракадзённага прабывання ў духоўнай пустыні. Гэта тая галоўная мэта, дзеля якой мы адважваемся рабіць якія-небудзь пастановы на Вялікі пост. Бо пакаянне і вера набліжаюць нас да Божага Валадарства. Таму наша пакаянне і навяртанне — гэта першы крок, які прыводзіць нас да веры ў Евангелле Езуса Хрыста. Наша вера можа быць астуджаная па прычыне нашай чалавечай слабасці і недасканаласці. Дык вось: практыка посту павінна запаліць нашу веру, наблізіць евангельскія прынцыпы да нашага жыцця. Іх сэрцам з’яўляецца запаведзь любові да Бога і бліжняга. Бо толькі так мы можам адказаць на Божую любоў.

Умілаваныя браты і сёстры! Досвед пустыні, да якога нас сёння запрашае Езус, — гэта невялікі этап, які нам можа прынесці шмат карысці. Кожны з нас пакліканы ў школу Хрыста, каб быць сумленным і старанным вучнем, таму варта як найлепш перажыць гэты досвед, каб паспяхова здаваць экзамены з жыцця. Падчас Вялікага посту мы разважаем над момантамі мукі і смерці Езуса Хрыста, каб лепш убачыць канчатковую мэту ўсяго гэтага — а менавіта ўваскрасенне. Мука і смерць не былі мэтаю самі па сабе. Яны былі патрэбныя для нас. Таму, дарагія браты і сёстры, няхай гэты час саракадзённага посту стане для нас этапам духоўнага ачышчэння, каб мы лепш пазнавалі Божую волю, адкрываючы ў ёй любоў і міласэрнасць. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця