1 чыт. Ёв 7, 1-4. 6-7; Пс 147A (146), 1-2. 3-4. 5-6.
2 чыт. 1 Кар 9, 16-19. 22-23.
Ев. Мк 1, 29-39.
Хвароба, боль і гора вядомы ўсім — яны ўніверсальныя і не абыдуць нікога. Чалавек не ведае больш моцнага перажывання. Бо ўсё гэта ўздзейнічае не толькі на цела, але і на душу. Хвароба і гора супярэчаць марам чалавека пра шчасце і жыццё. А гэта два жаданні, якія ў чалавеку глыбока запусцілі свае карані. Яны выклікаюць дыскусію пра чалавечае жыццё, пра яе сэнс і мэты. Значыць, яны выклікаюць дыскусію пра самога Бога.
Хвароба, боль і гора — гэта факты, якія істотна датычаць чалавека, і ў іх вельмі глыбока і драматычна праяўляецца «праблема Бога». Калі Бог добры, навошта мы павінны цярпець? Кожны, хто ўжо перажыў цяжкую хваробу ці гора, на ўласным вопыце ведае, што, хоць на хвілінку, але падобныя пытанні нараджаюцца ў думках і сэрцы. Таму Святое Пісанне, якое адлюстроўвае вопыт і праблемы чалавецтва, не пакідае такія пытанні без адказу.
Пратэст Ёва
У Кнізе Ёва гаворка ідзе не пра абстрактны боль, а пра церпячага чалавека, які пакутуе ад мноства фізічных і духоўных бедаў. Ёў не быў габрэем. Такім чынам, аўтар указвае на ўніверсальнасць гэтага выпадку. Ёў прадстаўляе кожнага чалавека. Ён пратэстуе супраць цярпення, якое жорстка абрушваецца на чалавека. Ён адмаўляе спрошчаную тэорыю сваіх сяброў, паводле якой пакутуе толькі той, хто зграшыў. Ён усклікае да Бога з гневам і жаданнем пазнаць Яго сапраўднае аблічча, а значыць, хоча ведаць, ці разумее Бог, што такое боль, гора чалавека, жадае ці не жадае Бог вызваліць чалавека. Асноўную тэму Кнігі Ёва можна акрэсліць як «церпячы чалавек перад абліччам Бога» або «Бог і Яго адносіны да чалавечага болю».
Ва ўрыўку, які нам сёння прапануе літургія, мы чуем нараканне: «Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт прагне платы сваёй, так я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці, і ночы пакутаў адведзены мне».
Аднак нявольнік адпачне ў ценю, а найміт атрымае сваю плату. А вось Ёў не мае перспектывы — боль не дае яму адпачынку ні на хвіліну, бо ён з ім праз увесь дзень і ноч. Спадзявацца, што боль і пакуты знікнуць самі па сабе, азначае «атрымаць у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў». Дні мінаюць і безнадзейна набліжаюцца да свайго завяршэння. Жыццё горкае і кароткае, аднак выключнае. Гэта і стала довадам для Ёва, каб завязаць размову з Богам. Калі Ёву явіцца Бог, ён зможа ўключыць боль у Божую таямнічую логіку і адкрые, што Бог не дае ціхай згоды на чалавечыя пакуты, што Ён не абыякавы да церпячага чалавека. Заключэнне Кнігі Ёва кажа нам, што было б неразумным разважаць пра Бога, зыходзячы з чалавечага болю. Наадварот, нам трэба ісці іншым шляхам: трэба зыходзіць з Божай таямніцы, мудрай і добрай, каб зразумець чалавечы боль і пакуты.
Горкі пратэст Ёва заканчваецца малітвай: «Помні!» Гнеў і адмаўленне пакутаў змяняюцца заклікам да Бога і Яго праслаўленнем. Такім чынам Ёў адкрывае, што Бог знаходзіцца на баку чалавека, а не на баку яго цярпенняў.
Езус — Збаўца
У слаўны «капернаумскі дзень» — адзін з дзён Езуса — евангеліст Марк прадстаўляе Езуса ў трох асяроддзях: калі Ён ідзе ў сінагогу (рэлігійная сфера), затым ідучага ў дом Сымона (сфера прыватнага і сямейнага жыцця), і Езуса ля гарадскіх брамаў (сфера грамадскага жыцця). Езус уваходзіць ва ўсе сферы чалавечага жыцця, каб збаўляць і аздараўляць. У сінагозе Ён аздараўляе апантанага чалавека. У доме Сымона аздараўляе яго цешчу, ля гарадской брамы — многіх іншых, якія церпяць ад розных хваробаў і немачаў, выганяе злых духаў. Усё чалавечае жыццё прасякнута ацаляючай моцай Езуса. Калі Езус чуе крык болю і пратэсту церпячага чалавецтва, які мы чулі з вуснаў Ёва, Ён ідзе насустрач хвораму і пакутуючаму чалавеку, каб аздаравіць яго. З Езусам прыйшла ў наш свет збаўленчая і ацаляючая моц Бога, а значыць, Божае Валадарства.
Цешча Сымона хварэла, у яе была гарачка, і яна ляжала. Езус падышоў да яе і дапамог прыўстаць, узяўшы яе за руку. Жэст Езуса сімвалізуе перанос жыватворчай сілы. Езус вырывае гэтую жанчыну з абдымкаў смерці, уплыў якой адчуваецца таксама ў хваробе, Ён «ажыўляе» яе. Дзеянне Езуса дае жыццё.
Устаўшы, жанчына пачала служыць. І не толькі Езусу, а ўсім прысутным — бліжнім.
Слоўнік, якім карыстаецца евангеліст, нагадвае пазіцыю хрысціяніна: «ажыўляць і служыць» — гэта два спецыфічныя словы з хрысціянскага слоўніка. Той, хто ахрышчаны, становіцца для сваіх братоў слугою.
Цешча Сымона стала сімвалам усіх хрысціянаў, кожнага з нас. Зло, боль, хвароба замыкаюць нас у сабе, перашкаджаюць нам служыць іншым. Аднак найбольшая праўда заключаецца ў тым, што зло — гэта наш эгаізм, які перашкаджае нам служыць Езусу і бліжнім. А гэта самае сапраўднае і самае цяжкае зло, таму што яно парушае жыццё больш, чым фізічнае зло.
На заканчэнне сённяшняга ўрыўку з Евангелля гаворыцца, што Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, «прапаведаваў у сінагогах і выганяў злых духаў». Езус не з’яўляецца нямым збаўцам, які вяртае здароўе, на гэтым усё заканчваецца. Езус «прапаведуе», а гэта значыць ізноў дае хворым мэту, сэнс, дзеля чаго трэба жыць і дзеля чаго трэба цярпець. Ён аздараўляе не толькі праз тое, што выганяе злых духаў, але і праз тое — і перш за ўсё праз тое! — што прапаведуе Евангелле.
Служэнне Паўла
Другое чытанне звязана з тэмай першага чытання і Евангелля. Яно прадстаўляе славесны партрэт апостала — стараннага, адданага і руплівага місіянера: «Якая ж мая ўзнагарода? Каб, бескарысліва прапаведуючы Евангелле, я даносіў навіну пра Хрыста, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Евангеллі». Аднак гэтая дзейнасць зыходзіць не толькі з уласнай ініцыятывы і старанняў Паўла: яму гэта даручылі. І нішто яму не перашкаджае: «Для ўсіх я стаў усім».
Гэты партрэт апостала можна назваць партрэтам кожнага хрысціяніна, якога аздаравіў Езус. Падобна таму, як цешча Сымона, Павел мог аддацца самаадданаму служэнню бліжняму, таму што ён сустрэў Езуса, які яго «аздаравіў».
Узнікае пытанне: а ці не было б менш хваробаў і цярпення, калі б у нашых хрысціянскіх супольнасцях мы больш удзялялі ўвагі ўзаемнай адданасці, у якой узнаўляецца адданасць Езуса нам?
ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.