1 чыт. Мал 1, 14b — 2, 2b. 8-10; Пс 131(130), 1. 2. 3.
2 чыт. 1 Тэс 2, 7b-9. 13.
Ев. Мц 23, 1-12.
Хто мае ў грамадстве паўнамоцтвы, той часта патрабуе, каб да яго звярталіся, ужываючы ганаровыя званні, каб яго акружалі слугі. А званні і слугі з’яўляюцца выражэннем пэўнага вобразу мыслення і спосабу жыцця, заснаваных на суперніцтве і на ўладзе. Улада падзяляе, робіць розніцу паміж моцнымі і ўплывовымі і слабымі, паміж слугамі і іх гаспадарамі, шэфамі і падначаленымі. Узнікаюць канфлікты і сацыяльная барацьба, напружанне і класавае расслаенне грамадства. Нярэдка ўлада суправаджаецца праяўленнем грубага і эгаістычнага спосабу будавання грамадскіх адносінаў. А якога грамадства жадае Езус?
Ніякія настаўнікі
Сваім вучням Езус кажа: «Вы ж не дазваляйце называць сябе „настаўнік“, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты» (Мц 23, 8). І дадае: «I не дазваляйце называць сябе кіраўнікамі, бо адзін у вас Кіраўнік — Хрыстус» (Мц 23,10).
Евангеліст Мацвей рэагуе на праблему ганаровых званняў у Касцёле грунтоўна і чулліва. Мацвей даходзіць нават да забароны такога звання як «настаўнік», якое хутчэй выражае пасаду ў Касцёле, чым ганаровае званне.
Вучні Езуса з’яўляюцца адной сям’ёй, у якой усе браты, а не школай, дзе ёсць настаўнік і вучні. Таксама ў сям’і бацька можа быць настаўнікам, брат інжынерам, сястра фармацэўтам, мама ўрачом, аднак сямейныя адносіны застаюцца адносінамі як паміж бацькам, маці, братам і сястрой, незалежна ад пасады ці звання. Ці не павінны быць такія адносіны таксама ў Касцёле? Зразумела, што кожны пры гэтым будзе выконваць сваю ролю.
Ніякі Айцец
Езус кажа: «І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны» (Мц 23, 9). Верагодна, што, звяртаючыся да Айца, Езус выкарыстоўвае арамейскае слова «Абба». Менавіта так звярталіся дзеці да свайго бацькі. «Абба» эквівалентна сённяшняму «татачка». Чаму Езус дае такую забарону?
Калі мы маем на ўвазе вучняў Езуса, то мы бачым, што яны пакінулі бацьку, маці, працу, каб ісці за Ім, што яны сталі часткаю новай сям’і Езуса. Хрыстус патрабуе, каб мы, калі хочам належаць Яму, былі гатовыя пакінуць сваю ўласную сям’ю: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім» (Лк 14, 26). Аднак у новай сям’і Езуса ёсць Айцец — Нябесны Айцец. Для вучняў Бог стаў Айцом замест зямнога айца. Калі вучні ішлі за Езусам, яны, пакінуўшы свайго зямнога айца, знайшлі Аббу, Айца, які клапоціцца пра іх: «Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым» (Мц 6, 32).
У гэтым кантэксце мы можам зразумець малітву «Ойча наш». Гэта малітва вучняў, якія пакінулі ўсё і знайшлі Айца і просяць Яго даць хлеб на сёння.
Вучні не павінны называць «айцом» нікога іншага на зямлі. Яны — новая сям’я Езуса, у якой усе браты і сёстры. Адзіны, хто мае аўтарытэт і ўладу — гэта Бог. У адносінах паміж вучнямі ўжо няма адносін панавання ці рабства. Яны знаходзяць братоў, сясцёр, маці і дзяцей, але не айца — толькі Нябеснага Айца.
Усе — слугі
Езус выказвае сваё ўяўленне наступным чынам: «Большы з вас няхай будзе слугою для вас» (Мц 23, 11). Узгадаем, якім было жыццё Езуса. Ён адмовіўся ад таго, каб іншыя служылі Яму. Так падчас Апошняй Вячэры Ён не жадаў, каб вучні абмылі ногі Ягоныя (пар. Ян 13, 1–20).
У юдэяў жа было прынята, каб настаўнік дазволіў вучням сваім абслугоўваць сябе. Пра гэта сведчыць таксама вядомае выказванне рабіна Ёханана, які быў сучаснікам Езуса: «Кожны, хто перашкаджае свайму вучню, каб той служыў яму, з’яўляецца чалавекам, які перашкаджае, каб яго любілі». Аднак Езус — не звычайны юдэйскі настаўнік. Ён прыйшоў, каб служыць іншым, а не для таго, каб іншыя служылі Яму. І Яго вучні павінны наследаваць Яго ў гэтым.
Евангелле на гэтую нядзелю прапануе нам ідэал братэрскай супольнасці без айцоў, супольнасці слугаў, а значыць супольнасці, якая з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю свецкіх грамадстваў, дзе адносіны базуюцца на панаванні, уладзе, на прыёме паслуг і выражэнні пашаны (пар. Мк 10, 42–45).
Езус прапануе зусім іншую супольнасць, якая адрозніваецца ад тых грамадстваў, якія пабудавалі людзі. А ці пабудаваны нашы хрысціянскія абшчыны на гэтых патрабаваннях Евангелля?
Два кантрасты
Літургічныя чытанні малююць карціну, якая пераносіць евангельскую вестку ў два супрацьлеглыя кірункі: у чытанні з Кнігі прарока Малахія крытыкуецца падкупное служэнне юдэйскіх святароў, а ў чытанні з Першага паслання Паўла да Фесаланікійцаў станоўча разглядаецца служэнне апосталаў.
Крытыка Малахія ў адносінах да святароў матывуецца тым фактам, што яны занядбоўвалі Божае навучанне, не захоўвалі Закон, таму што не прыносілі ахвяраў, якія прадпісваў культ. Аднак Бог — адзіны Айцец для ўсіх, і таму Ён жадае, каб мы жылі як браты. У наступных вершах, якія не чытаюцца падчас літургіі на гэтую нядзелю, Бог жадае, каб мы паводзілі сябе лаяльна і захоўвалі сужэнскую вернасць. Ахвяру можна прыняць толькі тады, калі яна звязана з добрымі паводзінамі, якія спрыяюць будаванню грамадства Божага народу.
У другім чытанні апостал Павел заклікае нас зразумець сапраўдны характар яго апостальскага служэння: ён не жадае ўлады, не хоча быць настаўнікам, ён пераносіць цяжар працы і прыкладае намаганні толькі таму, што робіць гэта з любові да сваіх братоў, таму, што перадае ім Божую вестку. Пры гэтым Павел не жадае прапаведаваць свае ўласныя думкі, але толькі Божае Евангелле. І Фесаланікійцы прынялі прапаведаванне Паўла як Божае слова. Бо толькі Бог з’яўляецца Настаўнікам, а Яго слова дзейнічае ў веруючых.
У старазапаветных чытаннях гаворка ідзе пра «шлях» (пар. Мал 2, 8) і пра «пачутае слова» (1 Тэс 2, 13), а значыць пра служэнне Божаму «Закону» (пар. Мал 2, 8) і «Божаму слову» (1 Тэс 2, 13). Бо толькі адзін ёсць Бог, Айцец усіх, які дзейнічае ў тых, хто верыць і прымае Яго слова.
Гэтыя нядзельныя чытанні (напрыканцы літургічнага года) заклікаюць усіх слугаў Слова да стараннага рахунку сумлення: як мы нясём Божае слова?
ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.