«Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё».
Дарагія браты і сёстры!
Словы, якія мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі і якія я працытаваў на пачатку нядзельнай гаміліі, раскрываюць праўду аб пакліканні. Гэтыя словы змешчаны ў кантэксце паклікання першых апосталаў і адлюстроўваюць праўду аб тым, што трэба маліцца за тых, каго Бог кліча на сваю службу. Просьбу да Гаспадара жніва мы часта ўзгадваем, калі молімся за святароў і аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, а таксама калі мы молімся з думкаю пра годных працаўнікоў на жніве Пана.
Дарагія! Сёння асаблівую ўвагу хачу звярнуць на вобраз, які папярэднічае просьбе аб работніках на жніве Гаспадара, — на само жніво. Калі няма жніва, непатрэбныя і работнікі. Тым не менш яно існуе і развіваецца, і ў нейкай ступені ўплывае на гэтых будучых работнікаў. Як вы ўжо здагадаліся, жніво Пана — гэта Ягоны Касцёл, усе тыя вернікі, якія ўдзельнічаюць у паўсюдным святарстве Хрыста, з сем'яў якіх і выходзяць новыя пакліканні да Божай службы.
Паглядзеўшы на сучасны свет, мы можам заўважыць, у якіх няпростых умовах знаходзіцца зараз жніво Пана. Хрысціянскія карані, на якіх была пабудавана еўрапейская культура і культура нашых земляў, перажываюць сур'ёзны крызіс. Людзі адыходзяць ад сапраўдных вартасцяў, а жывуць выключна матэрыяльнымі катэгорыямі, у якіх дамінуе прыярытэт матэрыяльных каштоўнасцяў. Сучасная культура ўжо доўгі час будуе вавілонскую вежу. Хрысцянскія традыцыі лічацца старамоднымі, перажыткамі грамадства. А з такім падыходам чалавеку ўжо не патрэбны Касцёл, не патрэбны нават іншы чалавек, а калі і патрэбны, то настолькі, наколькі гэты чалавек яму карысны — для свайго бізнесу.
Аднак матэрыяльныя каштоўнасці ніколі цалкам не заспакояць прагненне чалавека. Нават чалавека сучаснасці. Найбольшае, што яны могуць даць, — гэта рэалізацыю планаў ці мараў, аднак адна толькі рэалізацыя чалавека шчаслівым не зробіць. Таксама ў сучасным свеце існуе рэальная пагроза, што маральны рэлятывізм, які разумецца як новая норма грамадскага жыцця, будзе ўсё больш падрываць фундамент свабоды сумлення і веравызнання. На гэта часта звяртае ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліваючы, што маральны рэлятывізм і секулярызм — гэта сур’ёзная небяспека нашага часу, якую нельга ігнараваць.
Давайце паставім перад сабой пытанне: якіх людзей патрабуе сучасны свет? Напэўна, добрых і адказных медыкаў, паспяховых бізнесмэнаў, добрых настаўнікаў, выдатных інжынераў, сумленных банкіраў, шчырых працаўнікоў, любячых бацькоў... Без сумніву, сучасны свет патрабуе такіх людзей. Аднак патрабуе і тых, хто будзе ўказваць сучаснаму чалавеку больш шырэйшыя гарызонты, чым тыя, якімі ён жыве.
Свет, у якім мы жывем сёння, пакутуе ад хваробы сучаснасці, ён хворы на празмерны матэрыялізм, і таму патрабуе добрых святароў, законных асобаў, якія здольныя дапамагчы сучаснаму чалавеку заспакоіць голад духоўнага жыцця. Мала ў свеце таксама тых, хто імкнецца будаваць сваё жыццё на фундаменце Хрыста. І як вынік — пусцеюць парафіі і касцёлы, пусцеюць семінарыі і кляштары, людзі блукаюць у пошуку арыенціраў, але часцей за ўсё выбіраюць тыя, якія прапануе ім свет. Шукаюць парады ў сучасных гуру ці псіхааналітыкаў. Аднак такія арыенціры няздольныя даць чалавеку пачуццё бяспекі і адказаць на самыя хвалюючыя пытанні. Таму Хрыстус сёння заклікае нас усіх прасіць Гаспадара жніва, прасіць і маліцца, каб былі тыя, хто будзе ўказваць правільны арыенцір чалавеку ў сучасным свеце, хто будзе супрацівіцца прамінальным традыцыям, якія адводзяць чалавека ад дарогі жыцця.
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Сітуацыя, у якой апынуўся сучасны свет, а разам з ім і Хрыстовы Касцёл — жніво Пана, хоць і цяжкая, але не безнадзейная. Тым больш, якія б тэндэнцыі не існавалі ў свеце, іх заўсёды можа перамагчы шчырая вера і вернасць тым традыцыям, якія нясуць у сабе вечныя і непрамінальныя каштоўнасці.
Такімі традыцыямі жылі нашыя веруючыя продкі, гераічнае жніво нашай веры — нашыя бацькі і дзяды, тыя, хто падзяліўся сваёй верай з намі, сучасным пакаленнем. Нам варта вярнуцца да нашых каранёў, каб адкрыць прагненне жыцця з Хрыстом, каб пабудаваць нашае ўласнае жыццё на трывалым фундаменце. «Не бойцеся, — кажа Хрыстус, — Я перамог свет!» Калі наш Збаўца яго перамог, то і мы разам з Ім пераможам. Асабліва, калі ўсвядомім, што мы — уласнасць Бога, што мы Ягонае валадарства святароў і народ святы. Хрыстус запрашае кожнага з нас стаць сумленным і адказным працаўніком Яго жніва, бо ў Божым Валадарстве праца знойдзецца для кожнага. Амэн.