Пошук

27.07.2016 16:33  

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога».

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус заклікае нас, каб мы ўпарадкавалі свае прагненні. Каб мы сваю ўвагу ў жыцці канцэнтравалі не толькі на дабротах матэрыяльных, прамінальных, але, што вельмі важна, каб памяталі і пра вечныя даброты, з якімі мы можам увайсці ў Валадарства Нябеснае. Таму сёння ў Евангеллі чуем даволі катэгарычныя словы, над сэнсам якіх кожнаму з нас варта задумацца: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці!»

Чаму менавіта прагнасць, чым яна так для нас небяспечная? Па-першае, Езус добра ведае нашу чалавечую натуру, нашыя планы, жаданні, ведае кожнага з нас. Па сваёй натуры кожны чалавек мае жаданне мець нейкія даброты выключна для сябе, якія патрэбны яму не толькі дзеля самарэалізацыі, але і дзеля таго, каб, імі карыстаючыся, упрыгожваць сваё жыццё.

Па-другое, гэтыя прагненні, якія ўпісаныя ў натуру чалавека, мае кожны з нас: дастаткова прайсціся па крамах, па кірмашах, па розных кіёсках ці супермаркетах. У нас ёсць з сабою невялічкі лісток са спісам таго, што нам трэба, а вачыма мы нярэдка хацелі б скупіць добрую палову супермаркета. Такая праўда. Але не гэта самае горшае. Для нас жаданне нешта планаваць, марыць, паціху рэалізоўваць свае планы не з’яўляецца чымсьці дрэнным. Па сутнасці, гэта нармальна. Вялікай заганай з’яўяецца прагнасць, перад якой нас сёння перасцерагае Езус.

Чым жа так небяспечная прагнасць? Давайце паглядзім, што аб гэтым кажуць айцы Касцёла. Святы Анзэльм акрэслівае прагнасць як «агідную хваробу душы». А вялікі доктар Касцёла св. Тамаш Аквінскі аб прагнасці кажа больш шырока: прагнасць, паводле яго, у шырокім значэнні з’яўляецца «неўмеркаваным пажаданнем якой-небудзь рэчы». У вузкім значэнні гэта неўмеркаваная любоў да ўсялякага роду маёмасці, таксама і грошай. Гэтая любоў да матэрыяльных дабротаў па сваёй сутнасці моцна прывязвае чалавека, забірае ў яго свабоду. Менавіта гэта неўмеркаванае пажаданне.

Мы можам запытацца: зло заключаецца ў тым, каб мець нейкія матэрыяльныя даброты, ці злом з’яўляецца той факт, што існуюць багатыя людзі? Канешне, не. Не пярэчаць гэтаму нават словы, якія Езус скіраваў калісьці да багатых людзей: «Гора вам, багатыя, бо маеце суцяшэнне вашае». Тут, як і ў сённяшнім урыўку з Евангелля, гаворка ідзе аб неўпарадкаванай прывязанасці, якая і з’яўляецца гэтым горам для чалавека залежнага ад прагнасці. Таксама, калі багацце нажыта не зусім сумленным чынам, яно па сваёй сутнасці з'яўляецца горам для багацея, бо абцяжарвае яго несумленнасцю і ўсялякага роду крыўдай. Гэта бруднае багацце, ад якога чалавек хутчэй пакутуе, чым атрымлівае асалоду і супакой.

Заўважце, што Езус у сваім навучанні не ўзгадваў, што багацце само па сабе з’яўляецца злом ці грахом. Езус не асуджае непасрэдна багатых і багацце. Галоўная рэч, на якую Езус хоча звярнуць увагу, — гэта менавіта прагнасць. Бо яна нараджае іншыя недасканаласці і грахі, дыструктыўна ўплывае на жыццё чалавека. Бо чалавек, які паддаецца спакусе прагнасці, стаўшы яе нявольнікам, становіцца адначасова ворагам сваіх бліжніх. Учынкі такога чалавека крыўдзяць бліжніх, прыносячы ім шкоду. Таму прагнасць ніколі не можа стаць цнотай. І ў нашым жыцці яна не з’яўляецца нармальнай з’явай. А што вынікае з прагнасці — мы ўсе добра ведаем: у першую чаргу зайздрасць, потым крывадушнасць, злосць і, канешне, нянавісць, і многае іншае да таго падобнае.

Як бачым, прагнасць з’яўляецца вельмі вялікай памылкай, з-за якой можа ўзнікнуць шэраг іншых, не менш небяспечных памылак у нашым жыцці. Як жа нам паступаць, каб падобных памылак не здзяйсняць? Адказ на гэтае пытанне дае нам сёння Езус у Евангеллі, распавядаючы прыпавесць аб багацеі. Існуюць два шляхі, як належыць мудра ставіцца да матэрыяльных дабротаў, каб намі не кіравала прагнасць.

Першая дарога вельмі кароценькая: ёй з’яўляецца наша ўсведамленне адыходу з гэтага свету. Гэта смерць. Бог забірае жыццё, а чалавек, у гэты час, мае магчымасць адкрыць сваю памылку. Так, як сёння ў евангельскай прыпавесці. Не хопіць шмат сабраць у гэтым жыцці — яшчэ патрэбна моцнае здароўе, добрыя нервы, каб усё сабранае ўтрымаць. Рукі, у якіх няма жыццёвай сілы, не здольныя ўтрымаць ніякай маёмасці.

І чалавека, які здзяйсняе падобную памылку, Езус называе неразумным. Вось словы, якія мы пачулі: «Неразумны, гэтай жа ноччузабяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?» І не трэба гэтаму здзіўляцца. Калі бярэм пад увагу свае магчымасці, сваё здароўе і адпаведна працуем — то ўжо гэта з’яўляецца элементарнай паставай мудрасці, якой належыць кіравацца ў жыцці. А перашкодзіць гэтай мудрасці можа толькі прагнасць.

Мае дарагія! Той, хто не хоча быць падобным да багацея з сённяшняга Евангелля, павінен падрыхтаваць сябе да таго, каб пайсці другой дарогай: заключаецца яна таксама ў страце, але не жыцця… Ведаеце чаго? Тых засекаў, пра якія кажа сённяшняе Евангелле. І гэтае сабранае багацце можа быць не толькі ў форме матэрыяльных дабротаў, яно больш шырокае: здароўе, сябры, алкагольная ці іншая залежнасць, дзеці, муж, жонка, праца, добрае імя і г.д. Цяжкасці і цярпенні, якія мы сустракаем у сваім жыцці, хоць непажаданыя, але патрэбныя для таго, каб мы былі гатовы замяніць засекі з матэрыяльнымі дабротамі на засекі з духоўным багаццем, якое таксама збіраем на працягу свайго жыцця. А часам чалавек пазбаўляецца ўсяго, магчыма, каб лепш зразумець, што сэнс жыцця не ў тым, каб шмат мець, але каб быць па жыцці мудрым і падрыхтаваным.

«Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць. Але збірайце сабе скарбы на небе… Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё». Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця