«У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, павялічыў моц маёй душы».
Дарагія браты і сёстры!
Кожны з нас у сэрцы мае прагненні, жаданне дабра для сябе і для іншых. І мы адчуваем сябе па-сапраўднаму шчаслівымі, калі ў нас атрымоўваецца рэалізаваць гэтыя прагненні ў сваім жыцці. Колькі радасці і пазітыўных эмоцый мы тады адчуваем!
Вельмі важна, каб гэтыя прагненні былі не толькі прыемнымі для нас, але і карыснымі, добрымі па сваёй натуры. Мы ведаем, адчуваем, верым, што самыя глыбокія і шчырыя прагненні нам можа дапамагчы рэалізаваць толькі Бог. Бо некаторыя рэчы або абставіны нам самім здзейсніць не пад сілу. І што тады мы звычайна робім? Канешне, просім Бога, каб нам у гэтым дапамог. Мы молімся да Яго, просячы, каб пачуў і выслухаў нашую малітву, каб узглянуў на нашую просьбу і дапамог нам рэалізаваць гэтыя добрыя памкненні.
Паглядзіце, так робіць і Абрагам. Ён мае ў сабе прагненні дапамагчы жыхарам Садомы і Гаморы, якія абралі жыццёвы шлях вернасці Богу, згодны з Яго воляй стыль жыцця. «Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?» — усклікае Абрагам. Ён жадае заступіцца за тых людзей і вядзе дыялог з Богам тыпова па-габрэйску: пытаецца ў Бога, ці Ён не пашкадуе жыхароў, калі там будзе 50 справядлівых, потым 45, 40, 30, 20 і ўрэшце 10. Аднак з усяго гэтага вынікае, што там не засталося наогул ніводнага справядлівага чалавека, таму гэтыя гарады былі знішчаны.
Можна было б падумаць, што Абрагам маліўся бессэнсоуна. Але гэта не так. Ён цалкам даверыўся Божай волі, а для іншых жадаў толькі дабра. Толькі тыя людзі не былі здольныя прыняць гэтае заступніцтва. Ім ніхто не быў патрэбны — ні Бог з Яго Законам справядлівасці і міласэрнасці, ні Абрагам, які за іх заступаўся. Адзінае, што іх цікавіла — толькі ўласная пажадлівасць і грэх, які яны здзяйснялі. У іх былі прагненні, але не такія, як трэба. Прагненні, ад якіх яны даўно павінны былі адмовіцца. Бо іх грэшныя памкненні сталі прычынай іх уласнай самаліквідацыі.
Мае дарагія! Кожны грэх мае тую ж паслядоўнасць. Кожны дрэнны ўчынак замыкае нас у сабе, ізалюе ад іншых, хоць на першы погляд гэта не заўважна. Зло, якое здзяйсняе чалавек, кожны ягоны грэх змушае да таго, каб ніхто нам не быў патрэбны, а асабліва Бог і Яго запаведзі. Такія прагненні насамрэч небяспечныя для нас. І таму Езус нам адкрывае перспектыву шчырай малітвы, скіраванай да Айца. У гэтай малітве заключаюцца ўсе самыя асноўныя прагненні чалавека, і толькі яны дазваляюць нам быць па-сапраўднаму свабоднымі, адчуваць сябе Божымі дзецьмі.
Калісьці быў час, калі чалавек шукаў выканання сваіх мараў і прагненняў, але не бачыў выразнага шляху да іх рэалізацыі. Чалавек адчуваў прагненне таго, што было дзесьці вельмі глыбока ў сэрцы, але на гэтым шляху яму спадарожнічаў вялікі непакой і боязь таго, ці дойдзе ён да мэты, ці рэалізуе тое, чаго жадае, ці добрыя яго жаданні па сваёй сутнасці.
Штосьці падобнае хвалюе і сучаснага чалавека. Толькі нам зараз значна лягчэй. Таму што Езус нам сёння паказвае тыя вартасці, якімі належыць жыць, паказвае тыя прагненні і мары, якія прывядуць нас да сапраўднага шчасця, якія нас па-сапраўднаму ўзбагацяць. Езус не толькі вучыў гэтым вартасцям і прагненням, Ён сам гэтым жыў. Ён паказвае нам сёння ў Божым слове, што гэтым варта жыць: варта быць міласэрным, бо міласэрнасць атрымаем ад Бога. Варта любіць, шанаваць, паважаць бліжніх, бо і Айцец, які ў небе, так з намі ўчыніць.
Езус нам сёння адкрывае аблічча свайго Айца. Толькі Ён дасканала ведае, які Айцец. Толькі Ён можа нас навучыць як нам пазнаваць Айца ў сваім жыцці. Езус вучыць нас аб тым, што Бог святы, што Яму належыць хвала і падзяка, што, праслаўляючы Яго, чалавек лепш пазнае сваю годнасць, свой вобраз, які з’яўляецца вобразам і падабенствам самога Бога. Езус сёння нам кажа, што Айцец ведае нашыя штодзенныя патрэбы, да такой ступені, што нам не трэба аб гэтым празмерна клапаціцца — дастаткова цалкам даверыцца. Гэтую праўду Езус выражае ў вобразе штодзённага хлеба, які дае любячы Айцец нам, якія гэтага патрабуем. Бог ніколі нам не адмовіць у самым неабходным, у тым, што найбольш нам патрэбна ў жыцці, а тым больш у тым, што нам будзе неабходна ў далейшай перспектыве — збаўлення.
Менавіта дзеля гэтага Айцец і спаслаў свайго Сына, каб нашы прагненні — быць разам са сваім Стварыцелем — маглі быць рэалізаваны. Адзін з асноўных прынцыпаў, якім мы павінны кіравацца ў сваім жыцці, — гэта прынцып прабачэння. Езус заахвочвае нас да малітвы аб прабачэнні і да яго асабліва заклікае. Калі наша малітва шчырая і сапраўдная, то менавіта прабачэнне ў ёй займае галоўнае месца. Бо калі яго не будзе, то губляецца сэнс нашай малітвы наогул. Дарагія! Мы здольныя прыняць і спазаць Божае прабачэнне толькі ў тым выпадку, калі самі міласэрныя і прабачаем.
Наш Пан і Настаўнік Езус Хрыстус усім сваім жыццём паказвае неабходнасць малітвы ў рэалізацыі нашых добрых памкненняў і мараў. Малітва па сваёй сутнасці магутная, паколькі магутным ёсць Бог, а мы часта гэта не ўсведамляем. Слабыя — гэта мы. Таму малітва патрэбная і неабходная ў нашым жыцці.
А паколькі рэалізацыю нашых мараў Бог зрабіў залежнай ад нашага супрацоўніцтва з Ім, то мы перад тым, каб штосьці прасіць у Яго, спачатку павінны быць вернымі і годнымі таго, аб чым просім. Безумоўна, сваю волю нам трэба падпарадкаваць волі Божай, каб лепш зразумець, што нам на дадзены момант па-сапаўднаму патрэбна. Таму прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
Гамілія на XVII Звычайную нядзелю, Год С (24 ліпеня)
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .