Пошук


01.01.2016 14:40  

«Пахвала мудрасці — у ёй самой, і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа».

Дарагія браты і сёстры!

Жыццё веруючага хрысціяніна — гэта своеасаблівая гісторыя супрацоўніцтва слабога, грэшнага чалавека з Божай мудрасцю. Зрэшты, аб гэтым сёння выдатна распавядае літургія слова.

Кожны з нас, прыходзячы ў гэты свет, атрымоўвае ад Бога шматлікія дары, таленты, заданні… Некаторыя з іх можна заўважыць амаль адразу, некаторыя – бачныя крыху пазней; самае важнае ў гэтым, каб мы, адкрыўшы ў сабе той ці іншы талент, маглі развіваць яго ў пакоры і цярплівасці. Тады нашыя таленты з цягам часу памножацца і дадуць доўгачаканы плён. Самае важнае — гэта не паддацца ляноце, якая нішчыць Божыя дары, перашкаджае нам іх у сабе адкрываць.

Самым асноўным, базавым дарам з’яўляецца само жыццё. Жыццё нам дадзена Богам, каб мы яго пражылі адзін раз і пры гэтым каб адчулі нашу чалавечую годнасць, каб умелі мудра ўкласці сваё жыццё, быць адкрытым на дапамогу бліжнім. Карацей кажучы, каб мы свайго жыцця не змарнавалі, не змарнавалі гэтага каштоўнага Божага дару. І дзеля гэтага ў нашым жыцці патрэбны яшчэ адзін дар, які мы атрымоўваем, вучымся і развіваем яго ў сабе. І гэта, мае дарагія, дар мудрасці. Святы Павел у другім сённяшнім чытанні выразна падкрэслівае аб вартасці гэтага дару: «Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага, Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці».

Дарагія! Памятаеце ў Старым Запавеце Саламона, сына Давіда, які не прасіў ні грошай, ні славы, але прасіў Божай мудрасці. Дзякуючы ёй ён заслужыў павагу самага знакамітага тагачаснага чалавека і манарха Усходу. Значыць, мудрасць не толькі робіць чалавека славутым, але перадусім гарманічна ўкладае яго жыццё. Дзякуючы мудрасці веруючы чалавек здольны разважліва крочыць па дарозе свайго жыцця, бо гэты дар адкрывае нас на Бога і на іншага чалавека. Дазваляе выйсці па-за межы свайго “Я”. Мудрасць – гэта ўменне дзяліцца сабою, сваёй асобай. У мудрасці Бог дзеліцца з намі сабою. Вельмі прыгожа аб дары мудрасці сёння апавядае першае чытанне: “Пахвала мудрасці — у ёй самой, і праслаўлена будзе яна сярод свайго народа…” Калі ўважліва прыгледзецца да гэтага чытання, то ў апісанні мудрасці можам заўважыць адну рэч: што яна прадстаўляецца як асоба, ёй прыпісваюцца асабовыя рысы: “На сходзе Найвышэйшага яна адкрые вусны свае,… спрадвеку, з самага пачатку Ён стварыў мяне, і ніколі я не перастану існаваць”. І г.д.

Тут мы можам правесці паралель паміж першым чытаннем і Евангеллем, якое кажа пра Слова, якое прыйшло ў свет, каб яго збавіць. Гэтае Слова атаясамляецца з мудрасцю, і не памылюся, калі, парафразуючы, скажу: “На пачатку была Мудрасць, і Мудрасць была ў Бога, і Богам была Мудрасць”.

Такім чынам, першае чытанне з кнігі Мудрасці Сіраха абвяшчае нам праўду пра Езуса Хрыста, які прыходзіць у свет да сваіх. Слова сталася целам і пасялілася між намі, каб мы маглі ўбачыць славу Ягоную. Бо дзякуючы Слову, якое нарадзілася, як піша святы апостал Павел, Айцец славы даў вам духа мудрасці і прасвятліў вочы сэрца вашага.

Умілаваныя! Бог здольны заўважыць прыгажосць і дабро кожнага чалавека, нават тады, калі мы самі гэтага заўважыць не здольныя. Бо менавіта ў чалавеку Бог пакінуў свой вобраз і падабенства, таму кожны чалавек мае годнасць, якую асаблівым чынам падкрэсліў Езус Хрыстус, Божы Сын. Ён прыняў нашу чалавечую натуру і стаўся падобным да нас ва ўсім, апроч граху. Як кажа апостал Павел у другім чытанні: праз Езуса Хрыста мы сталі ўсыноўленымі Божымі дзецьмі, якіх благаслаўляе Бог Айцец, бо выбраў нас праз Езуса Хрыста яшчэ перад стварэннем свету. Мы маем у сабе гэтую Божую прыгажосць, знішчыць якую можа толькі грэх. І бывае так, што мы забываем пра гэта або не ўсведамляем належным чынам сваю годнасць ці застаемся абыякавымі і сляпымі, так, што не можам яе ўбачыць.

Мудрасць – гэта той дар, які нам дазваляе ўбачыць не толькі нейкі аспект нашай асобы або нашага жыцця, але дзякуючы ёй мы можам бачыць сябе і бліжніх цалкам, у святле праўды, якую адкрывае Езус Хрыстус, даўца мудрасці. Усе мы без выключэння пакліканы да святасці, да таго, каб быць “беззаганнымі” перад Божым абліччам. Дар мудрасці, прыняты намі, адкрывае перад намі святло Божай праўды, у якім мы можам убачыць “надзею нашага паклікання.” Паклікання жыццёвага, якое сцісла злучана з нашай вераю ў Божае Слова, у Езуса Хрыста, які ёсць Божай Мудрасцю і Моцай.

Дарагія! Сам Бог перамагае нашу боязь перад уласнай цемрай і безнадзейнасцю. Езус сёння кажа нам, што паколькі ніякая цемра Яго не агарнула, то і нас, веруючых у Яго, не агарне, бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку, каб называцца і быць Божымі дзецьмі. Таму няхай сённяшняе Божае слова і наш удзел у Эўхарыстыі памножыць у нашых сэрцах дар мудрасці і яго плёны. Каб Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі, прынесла кожнаму з нас супакой і радасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа