Дарагія браты і сёстры! Прыпавесць, якую мы сёння пачулі ў Евангеллі аб работніках у вінаградніку, паказвае нам вялікую Божую дабрыню і міласэрнасць, але адначасова ўказвае на патрэбу пастаяннай працы і актыўнасці чалавека ў імкненні да збаўлення.
Распачынаецца чарговы тыдзень працы, навукі ў школе для дзяцей і моладзі. Напэўна, усе гэтыя штодзённыя праблемы нас цікавяць, можа, часам непакояць. Добра было б, каб кожны з нас задумаўся і паразважаў у кантэксце сённяшняга Евангелля, ці ўспрымаем мы сённяшні напамін Хрыста і як яго ўспрымаем.
«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?»
Гэтае пытанне Хрыстус сёння задае кожнаму з нас: дзецям, бацькам, настаўнікам, выхавацелям - усім нам. Справа ў тым, што шмат хто з нас вядзе вельмі актыўнае жыццё, займаецца рознага роду працай, аднак здараецца так, што не займаецца тым, чым займацца павінен. І прыходзіць час, калі мы становімся занепакоенымі і забеганымі менавіта з-за гэтай мітусні. І так, насамрэч, атрымоўваецца, што стаім бяздзейсна, бо не робім крок наперад, мітусімся, стоячы на месцы. Напрыклад, калі ўзгадаць справу выхавання дзяцей – напэўна, кожны з бацькоў жадае, каб яго дзеці былі выхаваны добра, каб у будучыні сталі апорай для сваіх бацькоў. А каб у гэтым выхаванні дабіцца добрых вынікаў, патрэбны час, патрэбны наш высілак у гэтым накірунку і, што самае важнае, патрэбна нашае ўласнае самавыхаванне. Часамі мы, дарослыя, якія павінны даваць добры прыклад у выхаванні, вядзем сябе як дзеці, а можа, нават яшчэ горш. Лічам сябе кампетэнтнымі і аўтарытэтнымі, каб навучаць або даваць добры прыклад, аднак чагосьці нам яшчэ не хапае ў гэтым навучанні ці выхаванні.
Шмат бацькоў, настаўнікаў ці выхавацеляў перажываюць крызіс сваёй веры. Можа, яны яшчэ неяк трымаюцца, ходзяць у касцёл, але толькі ў якасці пасіўных гледачоў, а не ўдзельнікаў. Мае дарагія, святая Імша — гэта не тэатральнае прадстаўленне, але супольная і адначасова індывідуальная сустрэча з Богам, у якой патрэбны наш чынны ўдзел. Любоў, якая ажыўляе нашу веру, накіравана ў два бакі, як пісаў аб гэтым Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus Caritas est”: “Жадаючы дарыць любоў, павінен сам атрымоўваць яе ў дары. Канешне, чалавек сам можа стаць крыніцай — як кажа Хрыстус — з якой пацякуць рэкі жывой вады. Аднак, каб стаць такой крыніцай, чалавек сам павінен чэрпаць гэтую ваду з першаснай крыніцы, якой з'яўляецца Езус Хрыстус, бо з Яго прабітага сэрца выцякае Божая любоў”. Таму, каб дзяліцца досведам веры з іншымі, нам трэба самім гэтую веру ў сабе мець, развіваць яе і ўмацоўваць. Бо здараецца і так, што бацькі трымаюць пры сябе дзяцей, якія практычна не бачаць Касцёла знутры.
«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» - усклікае сёння да нас Хрыстус, каб мы задумаліся над нашай верай, над нашымі адносінамі да іншых людзей. Каб не толькі спыніліся, сцвярджаючы слабасць нашай веры, але каб імкнуліся з гэтага крызісу выйсці. Таму Езус заахвочвае нас ісці да Яго вінаградніка, не стаяць бяздзейсна, не марнаваць сваіх талентаў у імя нейкіх амбіцый або недахопу пакоры. Кожны з нас праз веру вучыцца ў школе Хрыста, і бывае, нам трэба нанова, ад пачатку вучыцца веры праз слуханне Божага слова і поўны ўдзел у Эўхарыстыі.
Гэтае ж пытанне сёння Хрыстус паўтарае бацькам, настаўнікам і выхавацелям адносна дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця святой Камуніі. Колькі дзяцей у імя Езуса пыталі ў сваіх таты ці мамы: “Чаму не зойдзеш са мною ў касцёл? Чаму не прыступаеш разам са мною да святой Камуніі? Чаму не робіш тое, што хочаш, каб я рабіў?”
І адсюль паўстае пытанне для нас, дарослых: “Што нам рабіць?”
Дарагія! Напэўна, многія з нас зведалі блізкасць Бога, сузіраючы прыгажосць прыроды, магчыма, калі нас сустрэла няшчасце ці хвароба, або мы зведалі Яго міласэрнасць, слухаючы Божае слова. Адказнасць на нашых плячах спачывае вялікая, Хрыстус нас запрашае да супрацоўніцтва, таму адказам на гэтае пытанне можа стаць нашая сустрэча з Богам, які прабачае праз сакрамэнт пакаяння і паяднання. На пачатку гэтай нялёгкай місіі варта запытаць Бога праз святара ў канфесіянале: што мне рабіць? А потым з палёгкай, з вялікай цярплівасцю і даверам працаваць у Божым вінаградніку, слухаючы словы самога Хрыста ў Касцёле, чытаючы Святое Пісанне, молячыся з пакораю і сілкуючыся Эўхарыстыяй.
Умілаваныя! Хрыстус кожны дзень запрашае нас да свайго вінаградніка. Ніколі не позна ў ім працаваць. І заўсёды ёсць шанс сюды вярнуцца зноў, бо Хрыстус кожнага з нас чакае, каб мы вярнуліся да пачатку і яшчэ раз запыталі: дзе ёсць Бог, які сэнс майго жыцця? Словы пакорнай малітвы і канфесіянал — гэта істотная дапамога, каб верна крочыць правільным шляхам, не губляючы Хрыста з поля зроку.
«Ідзіце і вы да вінаградніка» — гэтае запрашэнне мы можам пачуць не толькі сёння. Пытанне толькі - як мы на гэта адрэагуем: ці будзем бяздзейсна стаяць, як некаторыя работнікі з сённяшняй прыпавесці; ці, можа, будзем апраўдвацца, што нас ніхто не наймае. Напэўна, не! Нягожа адкладваць збаўленне сваёй душы на апошнюю хвіліну. Бо хто ведае - можа быць занадта позна! Амэн.
А. Андрэй Авен OCD