Пошук

01.02.2014 20:35  

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе свята перш за ўсё з’яўляецца выразным пытаннем аб нашай рэлігійнасці. Калі мы зададзім сабе пытанне, на чым яна грунтуецца, то можам лёгка прыйсці да высновы, што грунтуецца яна  на верным выкананні Божай волі.

Чым жа ёсць гэтая вернасць? Яна адносіцца ў першую чаргу да Бога, які нас любіць, да Яго волі і да закліку, праз які Ён да кожнага з нас звяртаецца. Вернасць - тая цнота, якая добра сведчыць пра чалавека. Напэўна, кожны з нас можа сказаць, што цэніць верных сяброў.

Для нас, дарагія браты і сёстры, прыкладам гэтай вернасці, без сумніву, з’яўляюцца Марыя і Юзаф. Яны заўсёды былі паслухмянымі Божаму закліку і людзьмі вернымі. Таму прыйшлі да святыні, каб выканаць Яго святую волю, выканаць усё паводле Закона. Бо ў гэтым заключаецца справядлівасць.

Святы Лука Евангеліст чатыры разы падкрэслівае той момант, што Марыя і Юзаф выканалі ўсё паводле Божага закона, выканалі ўсё, што ім Бог наказаў. Падобным чынам - як мы з вамі чулі - паступілі Сімяон і прарочыца Ганна, яны былі паслухмянымі натхненням Святога Духа.

Паводле закона бацькам належала ахвяраваць свайго першароднага, як кажа кніга Зыходу: першародных з сыноў тваіх выкупіш. Аднак вельмі цікавы тэалагічны факт, што ў выпадку Езуса гэтага выкупу не было. Ён не быў ахвяраваны Богу, як любы іншы чалавек, таму што належаў свайму Айцу, на што сам пазней Езус казаў: “Я і Айцец адно”. Таму выкупу не адбывалася, адбыўся толькі рытуал, згодны з Законам Майсея, адносна першародных.

Такім чынам, бацькі не мелі адносна Езуса ніякага права, і, магчыма, таму Сімяон прамовіў да Марыі гэтыя словы: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў”. Таксама пазней, калі Езусу споўніцца дванаццаць год, Ён скажа: “Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым,  што належыць Айцу Майму?”

Айцец мае поўнае права на свайго Сына, і ні праз якое выкупленне ніхто гэтага права не можа набыць. Але гэты чын прынясення Езуса да святыні з’яўляецца ў пэўным сэнсе ўрачыстым прадстаўленнем Яго Богу, у месцы, якое асабліва Яму належыць – у святыні. Таксама праз гэта выканалася прароцтва Агея, які прамовіў да людзей, якія вярталіся з няволі і пачыналі адбудоўваць святыню, калі яны непакоіліся, што цяперашняя святыня не роўня былой, якую збудаваў Саламон, сын Давіда, і якую зруйнавалі Вавілонцы. Прарок Агей тады сказаў: “Будучая хвала гэтага дома будзе большая за мінулую!” Таксама выканаліся словы прарока Малахіі, які казаў, што прыйдзе да сваёй святыні Пан, якога вы чакаеце, і Анёл Запавету, якога прагнеце.

Калі чытаем Біблію, асабліва Стары Запавет, кнігі прарокаў, то ясна бачым, што выканаліся шматлікія прароцтвы, якіх людзі вякамі чакалі. Можа, толькі сучаснікі Езуса не спадзяваліся, нават не ведалі, які гэта Месія. Многія думалі, што Месія прыйдзе ў ззянні нябеснай хвалы, а Яго прыход знішчыць рымскі прыгнёт, які панаваў у тыя часы. Яўрэі не мелі вольнасці. Іх край быў адной са шматлікіх правінцый вялікай Рымскай імперыі. Але не такім быў Месія. Яго моц не заключалася ў сферы палітычнай або ваеннай. Ён Месія і Валадар нябачнага валадарства: валадарства сэрцаў.

І вось той доўгачаканы Месія, якога нясуць на руках простыя людзі, якія нічым знешне не адрозніваюцца ад усіх астатніх людзей, якія уваходзяць праз браму Ерузалемскай святыні. Уваходзіць Месія-Езус у гэтую святыню, як малое безабароннае немаўлятка. Аднак у Ім выразна бачаць сапраўднага Збавіцеля як старац Сімяон, так і прарочыца Ганна. І гэтае збаўленне, якое Езус нясе, праявіцца ў знаку, якому будуць працівіцца, і здзейсніца гэтае збаўленне праз некалькі дзясяткаў год, на супрацьлеглым адносна святыні ўзвышшы Гарэб, на якім узносіцца Галгофа.

Ведаем, дарагія браты і сёстры, прымаўку: сцяжынкі Божыя не з’яўляюцца людскімі сцяжынкамі, а спазнаць гэтыя сцяжынкі могуць людзі простыя ды ўбогія, падобныя Сімяону і Ганне. А для нас, якія жывем у ХХІ стагоддзі, гэты ўваход Пана ў святыню ў постаці дзіцяткі з’яўляецца напамінам, каб мы шанавалі дадзенае Богам жыццё. Бо ў кожным чалавеку, нават самым слабым і недасканалым, прыходзіць сам Бог. Таму свята Ахвяравання Пана з’яўляецца заклікам да аховы і абароны кожнага зачатага дзіцяці. Каб кожнае дзіця як перад, так і пасля нараджэння мела годныя ўмовы развіцця, якое асвяціў сваёю асобай сам Божы Сын, прынесены Марыяй і Юзафам да святыні.

Найсвяцейшая Панна Марыя складае гэтую ахвяру, каб прадставіць Айцу Яго Сына, які ў Яе ўлонні атрымаў чалавечую натуру, стаў падобным да нас ва ўсім, апрача граху. Праз гэта Бог кіруе да кожнага з нас сваё запрашэнне. Ён не абмяжоўваецца толькі сваім Выбраным народам, але збаўленне мае ўніверсальны характар. У ім заключаецца праўда аб тым, што Ён, Бог, сёння шукае мяне, прагне знайсці і прыгарнуць да Сябе, бо Ён мяне любіць.

Якім будзе мой асабісты адказ на гэтае запрашэнне? Ці вазьму я ў свае рукі Езуса, так, як браў Яго некалі Сімяон? Ці буду размаўляць пра Яго так, як рабіла гэта прарочыца Ганна? Урэшце, ці дазволю Богу, каб Ён мяне надалей вёў па жыцці, нягледзячы на выпрабаванні і цяжкасці, якія мяне могуць сустрэць? Каб я ўдзельнічаў у кожнай Эўхарыстыі, узбагачаючыся ў жыццёвым досведзе, які не заўсёды лёгкі і просты. Калі дазволю Богу весці мяне, то праз гэта ўзмоцніцца мая вернасць і прагненне Бога ў мяне будзе значна большым.

Вось у гэтым, дарагія браты і сёстры, заключаецца сэнс сённяшняга свята, якое разам перажываем. Бог, прымаючы свайго Сына ў святыні, напаўняе сэрцы Марыі, Юзафа, а таксама Сімяона і Ганны вялікай радасцю і энтузіязмам. Яны не застаюцца абыякавымі да таго, што ўбачылі і пачулі. Углядаючыся ў гэтых адданых Богу людзей, будзем жа прасіць Бога, каб ніколі не было такой Эўхарыстыі, у якой мы заставаліся б абыякавымі да Бога, глухімі да Яго жывога Слова.

Памятайма, што Бог штодзённа мае моц чыніць цуды для кожнага з нас. Але! Ці знойдзе Сын чалавечы веру на зямлі, калі прыйдзе? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.