Пошук

26.10.2013 14:11  

Дарагія браты і сёстры! Апошнія радкі сённяшняга Евангелля прымушаюць нас яшчэ раз прыгледзецца і задумацца над уласным жыццём, учынкамі, паставай перад нашымі бліжнімі. “Хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца”. Як нам разумець гэтыя словы? Што значыць прыніжаць сябе і што значыць сябе ўзвышаць?

Дарагія! Над словамі гэтымі належыць разважаць у кантэксце вышэй узгаданай прыпавесці аб фарысею і мытніку. Яна шмат чаго нам тлумачыць. Бачым два вобразы: вобраз фарысея і вобраз мытніка. Давайце ўважліва прыгледзімся да іх.

Мытнік часоў Езуса Хрыста – гэта быў чалавек, які збіраў падаткі са свайго народа. Мытнікі працавалі на карысць пракуратара Юдэі, іншымі словамі гэтыя падаткі аддавалі рымскім акупантам. Можам сабе ўявіць, як ставіўся просты народ да гэтых людзей. За такую працу іх лічылі здраднікамі і грэшнікамі.

А вось з фарысеямі было па-іншаму. Гэта былі аўтарытэтныя настаўнікі ізраэльскага народа, якіх паважалі і з якімі лічыліся. Яны скрупулёзна імкнуліся выконваць усе традыцыйныя прадпісанні, якія змяшчаў ў сабе закон Майсея, і патрабавалі гэтага ад іншых. Таму бачым, наколькі адрозніваліся яны між сабою: фарысей і мытнік.

І, напэўна, у вачах людзей, якія знаходзіліся ў святыні, большай павагі заслугоўваў, канешне, фарысей, які ўжо толькі адным сваім відам рабіў уражанне глыбока духоўнай і маральнай асобы. Ніхто не смеў нават і сумнявацца ў яго праведнасці. Іншая справа — мытнік. Тыя, хто яго бачыў, маглі задаць сабе пытанне: а чаго ён тут забыўся, здраднік, няхай  хутчэй адсюль выходзіць. Мае дарагія, напэўна, да гэтага мытніка іншыя людзі ставіліся далёка не з энтузіязмам.

І вось сапраўды дзіўная сцэна, пра якую мы сёння чуем з вуснаў Езуса: у святыні фарысей і мытнік разам. Абодва сюды прыйшлі, каб памаліцца. Як адзін, так і другі, прыйшлі, каб праз малітву звярнуцца да Бога. І, напэўна, у іншых людзей, якія прысутнічалі ў той момант у святыні, не было іншага меркавання, як толькі тое, што малітва фарысея, яго пануры твар, твар такога дастойнага пакутніка, яго ўрачыстая вопратка — усё гэта выклікала захапленне яго пабожнасцю, бачнай усім звонку, быццам толькі яго малітва прынятая Богам. А на мытніка, напэўна, ніхто і не зважаў. Можам сказаць, што мытнік быў персонай нон-грата ў святыні, дзе месца толькі пабожным і праведным. Калі да яго ў святыні і не ставіліся варожа, то, напэўна, ігнаравалі.

Але Пан – справядлівы суддзя, які не зважае на асобы — што мы чулі ў першым чытанні. Чалавек судзіць паводле знешніх паводзінаў, паводле таго, што бачыць і чуе, Бог жа ведае сэрца кожнага. І толькі Ягоны прысуд па-сапраўднаму справядлівы.

Калі прыгледзецца да малітвы фарысея, то асабіста ў мяне складваецца ўражанне: ці яму наогул патрэбна было Божае прабачэнне? Я б яго малітву  назваў малітвай самапраслаўлення: Божа, дзякую, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, нясправядлівыя, распуснікі і гэтак далей…

Ці можна такую малітву назваць шчырай малітвай удзячнасці? Мне здаецца, нельга. Гэта малітва ўзвышэння над іншымі людзьмі. У ёй фарысей хоча сказаць, што ён лепшы за іншых, і намагаецца падзякаваць Богу, толькі невядома за што, бо з яго словаў вынікае, што менавіта дзякуючы ўласным намаганням, выключна ўласнай працы над сабою, фарысей такі выдатны, пабожны, паспяховы.

Затым да гэтай літаніі самапраслаўлення фарысей дадае, што ён посціцца два разы на тыдзень, дае дзесяціну з усяго, што набывае. Чым не прыклад для наследвання? Здаецца, што яму няма роўных ва ўсіх сферах жыцця: грамадскай, рэлігійнай, маральнай. Але гэтыя словы, якія прамовіў фарысей у сваёй малітве да Бога, насамрэч малітвай не з’яўляюцца. Хутчэй гэта антыпрыклад малітвы. Як нельга маліцца да Бога.

Дарагія! Паглядзіце, як моліцца мытнік. Ён усведамляе сваю грэшнасць. Гэтая свядомасць сваёй слабай чалавечай натуры, свядомасць віны супраць Бога і бліжняга не дазваляе мытніку нават вачэй падняць да неба. У яго няма аніводнага слова апраўдання ў свой адрас. Ён мог бы некаторыя свае ўчынкі пачаць апраўдваць перад Богам, спісваючы на жыццёвыя акалічнасці. Нават, можа, меў бы і рацыю ў некаторых выпадках, але гэтага не ўчыніў.

Сапраўдная пакора, з якой прыступіў той мытнік да Бога, прымусіла яго з вялікай скрухай біць у грудзі, кажучы: Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка. Інакш кажучы, мытнік усведамляе, што ў яго нічога няма ў сваё апраўданне. Адзінае, чаго ён патрабуе, — гэта апраўдання ад самога Бога. Мытнік прагне Божага прабачэння. Заўважце, што толькі фарысей, у сваёй псеўдамалітве, параўноўвае сябе з іншымі людзьмі. Мытнік жа цалкам сябе даручае Божай міласэрнасці, нікога не крытыкуючы, ні з кім сябе не параўноўваючы. Таму менавіта ён і быў апраўданы перад Богам, а не фарысей.

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Божае слова вучыць нас быць пакорнымі ў жыцці, вучыць прызнавацца ў сваіх памылках. У гэтым і заключаецца сапраўднае прыніжэнне перад Богам: каб быць узвышаным і атрымаць Божае прабачэнне, трэба ўмець прыняць гэтае прабачэнне. Трэба адчуваць яго неабходнасць. Заўважце, што фарысей, з сённяшняй прыпавесці насамрэч не патрабаваў Божага прабачэння. Ён прыйшоў пахваліцца Богу сваімі жыццёвымі дасягненнямі, нічога больш. А сапраўднае прабачэнне патрэбна было толькі мытніку.

Таму няхай сённяшняе Божае слова і Эўхарыстыя дапамогуць нам адкрыць у сабе малітву мытніка, дапамогуць адкрыць патрэбу Божага прабачэння, каб кожны з нас мог таксама ў сваім сэрцы шчыра прамовіць: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка”. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 23.06.2017 21:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.