Пошук

10.06.2023 08:09   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Пакліканне Мацвея. Мастак: Караваджа / Wikipedia Commons

1 чыт.: Ос 6, 3–6;
Пс 50 (49) 1 і 8. 12–13. 14–15;
2 чыт.: Рым 4, 18–25;
Ев.: Мц 9, 9–13

Пакліканне — новае стварэнне

У сённяшнюю нядзелю мы вяртаемся да зялёнага колеру ў літургіі: пасля завяршэння Пасхальнага перыяду ў Пяцідзесятніцу, на працягу апошніх тыдняў мы святкавалі Найсвяцейшую Тройцу і Божае Цела — урачыстасці, якія раскрываюць для нас паўнату Божага аб’яўлення ў Езусе Хрысце.

У Літургіі слова мы чуем працяг Евангелля паводле Мацвея, якое пачалі чытаць у нядзелі звычайнага перыяду ў гэтым годзе «А». Так атрымліваецца, што пасля доўгага перапынку ў нядзельным паслядоўным чытанні першага кананічнага Евангелля сённяшні ўрывак — гэта аповед пра пакліканне Езусам самога евангеліста Мацвея: пачатак новай прыгоды ў жыцці гэтага былога ўжо цяпер мытніка. Верагодна, гэта самае незвычайнае і нечаканае пакліканне сярод усіх апосталаў.

У нядаўнім серыяле «Выбраныя» (The Chosen) добра паказана напружанне сярод вучняў Езуса з-за прысутнасці сярод іх аднаго з тых, хто дагэтуль не грэбаваў супрацоўніцтвам з рымскімі акупантамі-язычнікамі, прымаючы ўдзел ва ўціску сваіх суайчыннікаў.

Здзіўленне, выкліканае такім выбарам Хрыста, геніяльна паказана ў яшчэ адным мастацкім творы: карціне Караваджа, якая адлюстроўвае менавіта момант сустрэчы Езуса з мытнікам Мацвеем.

У той час, як сам Мацвей яшчэ нават не разумее, што Настаўнік з Назарэта скіроўвае да яго свой заклік, іншыя персанажы — апостал Пётр і адзін з «калег» мытніка — жэстам рукі нібыта пытаюцца, ці Езус дакладна кліча яго, занятага падлікам грошай. Працягнутая ж рука Хрыста нагадвае жэст рукі Бога-Стварыцеля, які бачым на знакамітай фрэсцы Мікеланджэла ў Сіксцінскай капэле. Пакліканне — момант новага стварэння для гэтай згубленай авечкі з роду Ізраэля.

Цікава, што ў двух іншых Евангеллях — паводле Марка і Лукі — мытнік, які ператворыцца ў апостала, названы Левіем. Верагодна, Мацвей — гэта новае імя, атрыманае пазней Левіем, падобна да таго, як рыбак Сымон стаў апосталам Пятром.

Хрыстус дае новую ідэнтычнасць, новае жыццё тым, каго кліча ісці за сабой.

У той жа час Божы Сын не адмаўляе таго, хто мы ёсць, а наадварот дазваляе раскрыцца ў паўнаце нашай тоеснасці. «Мацвей» у перакладзе з габрэйскай азначае «дар Ягвэ», а ў старазапаветнай кнізе Лічбаў племя Левія (з якога, найхутчэй, паходзіў наш герой) названа «дарам Богу» і адначасова «дарам Ізраэлю» (пар. Ліч 18, 6).

Мацвей дзякуючы сваім здольнасцям напіша Евангелле — бясцэнны дар для Божага народа, прыносячы ў дар Богу сваё жыццё. Варта памятаць, што менавіта аб гэтым і мы просім для саміх сябе ў Эўхарыстычнай малітве: каб стацца «вечным дарам» для Пана. Ці сапраўды гэтага жадаем?

Бог выбірае, аказваючы міласэрнасць

Цікава ўзгадаць, як гісторыя паклікання мытніка Левія-Мацвея звязана з гісторыяй Папы Францішка. Пакліканне будучага Папы нараджаецца 21 верасня 1953 года, у літургічнае свята евангеліста, калі падчас сакрамэнту споведзі Хорхэ Марыё асаблівым чынам адчуў міласэрны позірк Пана на сабе і вырашыў ісці за Ім. Пазней ён выбраў як свой біскупскі дэвіз словы святога Бэды Вялебнага, які каментуе наш сённяшні евангельскі эпізод: Miserando atque eligendo — «Аказваючы міласэрнасць, [Езус] выбірае». Распачынаючы нядаўна цыкл катэхез, прысвечаных евангелізацыйнаму запалу ў Касцёле, Папа Францішак узяўся каментаваць менавіта гэты ўрывак, звяртаючы ўвагу на позірк Езуса, які бачыць Мацвея інакш, чым усе тыя, хто асуджаў яго за ягоную прафесію.

«Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў», — чуем сёння ад Езуса, і нам варта сур’ёзна ўспрыняць гэтыя словы. Калі хтосьці лічыць сябе праведнікам, «у парадку», нічога не вінным Богу, бо нібыта ўжо дасягнуў вяршыні святасці і мае права судзіць «тых іншых», не атрымае заклік ісці за Езусам. Зноў і зноў бачым мы ў Святым Пісанні, як Бог выбірае не найлепшых, не наймацнейшых, не святых, а ў сваёй міласэрнай любові схіляецца да тых, хто мае патрэбу ў Ягонай сіле, Ягоным прабачэнні і збаўленні.

Яшчэ адна цытата Папы Францішка: на пытанне пра тое, хто ён такі, Святы Айцец неаднойчы адказваў: «Я — грэшнік, на якога Пан паглядзеў з міласэрнасцю», — дадаючы, што кажа гэта не дзеля красамоўства, а з глыбокім унутраным перакананнем.

Усведамляць, што я грэшнік/грэшніца, не значыць жыць з пастаянным хворым пачуццём віны і комплексам непаўнавартаснасці. Гэтае ўсведамленне ў святле Евангелля вядзе нас да прыняцця Божага прабачэння, да заглыблення ў Божую любоў, якая няспынна нас ачышчае, падымае, стварае нанава.

Грэх у Святым Пісанні — не проста маральная катэгорыя; грашыць — значыць ісці па жыцці памылковым шляхам, які вядзе не да нашай мэты, а да смерці; імкнуцца да таго, што раней ці пазней акажацца прахам і прывядзе да глыбокага расчаравання. Без Божай ласкі мы блукаем там, дзе нашая душа хварэе. Пан не можа нас выбіраць, клікаць ісці за сабой інакш, як аказваючы сваю міласэрнасць, схіляючыся над нашай слабасцю і радыкальнай несамадастатковасцю.

Маючы досвед такой любові, якая ніколі не асуджае, а адкрывае новы шлях, па-сапраўднаму разумеем, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры»: менавіта так мы пакліканыя паводзіць сябе з «мытнікамі і грэшнікамі» нашага часу.

Аддаючы ў гэтым месяцы чэрвені пашану Сэрцу Езуса, «палымнеючаму вогнішчу міласці», будзем імкнуцца да таго, каб быць «міласэрнымі, як міласэрны Айцец наш» (пар. Лк 6, 36). Няхай Пан дасць нам адчуць, што Ён сваім міласэрным позіркам кліча кожнага з нас ісці за сабой, быць Ягонымі вучнямі — і далей несці Добрую Навіну аб Яго міласэрнай любові да ўсіх людзей. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця