Пошук

03.06.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ос 6, 3–6

Міласэрнасці хачу, а не ахвяры

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Пазнаем жа і будзем імкнуцца пазнаць Пана.
Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання.
Ён прыйдзе да нас, як лівень,
як веснавы дождж, які напоіць зямлю.
Што ж зрабіць мне табе, Эфраім,
што ж зрабіць мне табе, Юда?
Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман
і раса, што хутка знікае.
Таму Я ўдараў іх прарокамі,
таму я забіваў іх словамі вуснаў Маіх,
таму суд Мой заяснее, як світанне.
Бо міласэрнасці хачу, а не ахвяры,
пазнання Бога, а не ўсеспалення.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 50 (49), 1 і 8. 12–13. 14–15 (Р.: 23b)

Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах Я адкрыю Божае збаўленне.

1. Прамовіў Пан, Бог над багамі *
і паклікаў зямлю ад усходу да захаду сонца.
8. Не буду дакараць цябе за твае ахвяры; *
твае ўсеспаленні заўжды перада Мною.

Рэфрэн:

12. Калі б Я быў галодны, не сказаў бы табе, *
бо сусвет Мой і ўсё, што яго напаўняе.
13. Ці ем Я мяса валоў *
або ці п’ю казліную кроў?

Рэфрэн:

14. Прынось Богу ахвяру падзякі, *
і выконвай свае абяцанні Найвышэйшаму.
15. Кліч Мяне ў дзень нядолі, *
Я ўратую цябе, а ты Мяне праславіш.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Рым 4, 18–25

Умацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Абрагам, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: Такое вялікае будзе патомства Тваё. І не аслаб ў веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары змярцвелым. Не сумняваўся праз нявер’е ў абяцаннях Божых, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу і будучы цалкам ўпэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае. Таму гэта і залічана яму як праведнасць. Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія верым у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрэшаны дзеля апраўдання нашага.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 4, 18–19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Пан намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 9, 9–13

Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім. І калі Езус сядзеў за сталом у доме, шмат мытнікаў і грэшнікаў прыйшло і села за стол з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: Чаму Настаўнік ваш есць і п’е разам з мытнікамі і грэшнікамі? Езус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: Не здаровым патрэбны лекар, але хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры». Бо Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця