Вечарам 4 красавіка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў у катэдры святога Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебрацыю Імшы Пасхальнай вігіліі. Ёю распачалося святкаванне Вялікадня — самай важнай хрысціянскай урачыстасці.
Прысутнічала, як і кожны год, вялікая колькасць вернікаў. Імша пачалася Літургіяй святла. У яе межах біскуп здзейсніў благаслаўленне агню, ад якога затым быў запалены пасхал — сімвал Езуса Хрыста. Пасхал быў унесены ў касцёл з воклічам: «Святло Хрыста», на які прысутныя адказалі: «Дзякуем Богу». У межах наступнай часткі Імшы — Літургіі слова — разважалася над гісторыяй збаўлення, апісанай у Старым і Новым Запаветах, пачынаючы ад стварэння свету да Мукі і Уваскрасення Хрыста. Таксама біскуп здзейсніў благаслаўленне хрысцільнай вады. Прысутныя аднавілі абяцанні хросту.
У гаміліі, тлумачачы літургічныя чытанні гэтага дня, біскуп сказаў:
«Бог стварыў усё — неба і зямлю, расліны, жывёл і чалавека — з любові. Бог бачыў, што ўсё створанае Ім было добрае, а чалавек — вельмі добры, бо жыццё і існаванне добрыя, а ўсё жывое, асабліва чалавек, мае ў сабе Божы вобраз і падабенства.
Гэтае Божае падабенства павінна было быць крыніцай шчасця і годнасці кожнага чалавека. На жаль, праз вераломства сатаны ў свет увайшла трагічная рэчаіснасць граху. Сатане ўдалося крывадушна пасяліць у сэрцах нашых прабацькоў злую вестку: Бог вас не любіць і не хоча вашага дабра. Прыняцце людзьмі гэтай няпраўды прывяло да страты блізкасці і гармоніі з Богам. Яны сталі нявольнікамі граху і падпарадкаваліся панаванню смерці. Аднак Ён не пакінуў сваіх слабых, грэшных дзяцей, не пазбавіў іх сваёй любові і айцоўскай апекі».
Біскуп нагадаў, што, каб людзі змаглі перайсці «з няволі граху і смерці да свабоды Божых дзяцей і паўнаты жыцця», Бог даў ім свайго Сына Езуса Хрыста — бо такі пераход самі яны «не ў стане былі б здзейсніць уласнымі сіламі, не справіліся б з грахом і яго наступствамі». Узяўшы на сябе грахі чалавецтва, прыняўшы за іх смерць на крыжы, а пасля ўваскросшы, Езус ажыццявіў гэтае збаўленне людзей, дадаў іерарх. У гэтым, па яго словах, прычына незвычайнасці велікоднай ночы: «Яе азарае святло Уваскрасення Хрыста. Сёння споўнілася ўсё, што было прадказана стагоддзі таму. Усё пачынаецца нанова ў гэтую благаслаўлёную ноч».
«Увесь ход гісторыі свету, а найперш жыццё кожнага чалавека ў святле праўды аб Уваскрасенні былі пераменены: апошняе слова належыць ужо не смерці, а жыццю. Зло, якое, здавалася, панавала над усім стварэннем, аказалася цалкам бяссільным перад дабром, — сказаў біскуп. — Наша асабістая Пасха, пачаткам якой было прыняцце хросту, працягваецца ўсё жыццё да хвіліны смерці. Яе можна параўнаць з зернем, якое, упаўшы ў зямлю, памірае, каб прыносіць шчодры плён.
Мы, хрысціяне, пакліканы штодзённа паміраць так для зла і граху і штодзённа нараджацца зноў, станавіцца новым стварэннем».
Іерарх заклікаў святкаваць Вялікдзень «у веры і надзеі»: «Езус уваскрос, Ён жыве і знаходзіцца сярод нас, не перастае вучыць нас і дзейнічаць сваёй боскай моцай.
Не будзем ніколі казаць пра Яго: "Езус быў". Будзем заўсёды казаць: "Езус ёсць!"»
Біскуп заўважыў, што, «калі мы адчуваем страх перад смерцю і, здаецца, не гатовыя да яе, гэта значыць, што мы яшчэ не ўсвядомілі да канца, што азначае тое, што Хрыстус уваскрос». Па яго словах, тое, што магіла Езуса Хрыста пустая — інакш кажучы, што Ён уваскрос, — абуджае ў сэрцы радасць і нясе простае і адназначнае пасланне: «Ты жывы? Будзь шчаслівы, цешся і радуйся, бо гэтага жыцця ў цябе ніхто не можа адабраць. Ты будзеш жыць вечна!»































