Пошук

05.11.2022 06:10   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Майсей перад палаючым кустом. Рафаэль. Роспіс у Станца д’Эльёдоро / meisterdrucke.uk

1 чыт.: 2 Мак 7, 1–2. 9–14;
Пс 17 (16), 1. 5–6. 8 і 15;
2 чыт.: 2 Тэс 2, 16 – 3, 5;
Ев.: Лк 20, 27–38

Моц Божая дзеля жыцця навекі

На мінулым тыдні літургія Касцёла ва ўрачыстасць Усіх Святых і ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў нагадала нам пра перспектыву вечнасці. Сённяшні евангельскі ўрывак запрашае нас яшчэ больш заглыбіцца ў таямніцу вечнага жыцця, дапамагаючы з адноўленай верай і надзеяй на працягу месяца лістапада асаблівым чынам памятаць у нашых малітвах пра памерлых родных і ўсіх, хто адышоў з гэтага свету.

У Евангеллі ў палеміку з Езусам уступаюць садукеі, якія не верылі ва ўваскрасенне ў адрозненне ад фарысеяў. Садукеі лічылі аўтарытэтнымі кнігамі для юдэяў толькі Пяцікніжжа — Закон Майсея, дзе, як яны сцвярджалі, няма мовы пра ўваскрасенне памерлых. У сваім адказе Езус выкарыстоўвае геніяльны і адначасова вельмі просты аргумент: Пан, з’яўляючыся Майсею, прадстаўляецца як «Бог Абрагама, Бог Ісака і Бог Якуба».

Спрадвечны і несмяротны Бог — Бог не мёртвых, а жывых: для Яго ўсе жывыя.

Таму фізічная смерць у гэтым свеце — не «перашкода» для Таго, хто ўсё кліча да існавання сваім словам, каб Ягоныя вернікі жылі далей у іншай якасці.

Евангелісты Марк і Мацвей дадаюць да словаў Езуса фразу: «Памыляецеся, таму што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай» (пар. Мк 12, 24). Часам, падобна да садукеяў, і хрысціянам не хапае ўяўлення і веры ў моц Божую, каб цалкам прыняць абяцанне датычна нашага жыцця ў вечнасці, якое да нас скіравана праз Божае Аб’яўленне — і канчаткова праз уваскрасенне самога Езуса.

Нам патрэбна пастаяннае навяртанне розуму і сэрца, каб бачыць сваё існаванне ў гэтым свеце праз прызму вечнасці, а не абмяжоўваць уяўленне зямным досведам.

Падобна да таго, як чалавецтва перажыло «капернікаўскую рэвалюцыю», даведаўшыся, што Зямля не знаходзіцца ў цэнтры Сусвету, так і нам трэба навучыцца глядзець на сваё прызначэнне з перспектывы нябёсаў — гэта значыць Божымі вачыма.

Як зерне, што памірае, каб прынесці плён

Зрэшты, калі мы заглыбляемся ў таямніцы створанага свету, ён дае нам дастаткова прычын, каб са здзіўленнем прызнаваць веліч і прыгажосць, схаваныя ў ім — у тым ліку ў тых працэсах, якія мы да канца не можам растлумачыць, а можам імі толькі захапляцца.

У Пісаннях з вуснаў Езуса, а потым і апостала Паўла часта чуем пра зерне — вобраз таямніцы Валадарства Божага і жыцця, якое перамяняецца. Пан Езус заахвочвае нас затрымацца і сузіраць працэс росту, які пачынаецца са смерцю зярнятка (пар. Мк 4, 26–29): чалавек можа ў абмежаванай ступені спрыяць гэтаму росту, але не мае ўлады, каб «запусціць» і кантраляваць працэс. Семя, прынятае ў жаночым целе, — пачатак кожнага чалавечага жыцця, якое развіваецца ва ўлонні, праходзячы праз неверагодныя і захапляльныя этапы. Езус параўноўвае сваё ўласнае зямное існаванне да зярнятка, якое павінна памерці ў зямлі, каб прынесці багаты плён — калі ж не памрэ, застанецца адно (Ян 12, 24). Урэшце, апостал Павел кажа, што нашае зямное цела — гэта насенне, якое памірае, каб з яго магло нарадзіцца «цела духоўнае», нятленнае (пар. 1 Кар 15, 42-44).

У задуме ўсемагутнага Стварыцеля смерць — гэта пераход да новай якасці. Смерць у Божай задуме не можа мець канчатковай улады над жыццём.

У паэтычным стылі літургія ў І Прэфацыі на Імшу за памерлых сцвярджае: «Жыццё Тваіх верных, Пане, змяняецца, але не заканчваецца, і калі знікне дом іх зямнога жыхарства, яны знойдуць падрыхтаванае для іх у небе месца вечнага прабывання».

Тое, што Бог аб’яўляе ў Пісаннях пра наш канчатковы лёс — пра існаванне ў вечнасці не проста як духі, але ў новым целе, — вучыць нас правільна ўспрымаць нашае жыццё ў целе і адпаведна ставіцца да нашых зямных целаў, клапоцячыся пра іх неабходным чынам: не пагарджаючы імі, але і не песцячы занадта. Прызнаемся, што часта ператвараем свае целы ў інструменты атрымання прыемнасцяў і асалоды ў той час, як яны «хацелі б» ад нас чагосьці зусім іншага — здаровага клопату і адпачынку. Нам варта імкнуцца да такога стаўлення, калі мы не «карыстаемся» целам, а ўспрымаем сябе як духоўна-цялесных істот на ўзор уцелаўлёнага Божага Сына.

Ад сужэнцаў — да анёлаў

Невыпадкова дыскусія пра ўваскрасенне пачынаецца з пытання пра жаніцьбу і сужэнства: хоць гэта лёс не ўсіх людзей, большасць выбірае менавіта шлях сумеснага жыцця, стварэння сям’і, нараджэння і выхавання патомства.

Словы Езуса пра тое, як будзе выглядаць існаванне на нябёсах, могуць выклікаць пэўную збянтэжанасць у сужэнцаў: ці гэта значыць, што асаблівыя, эксклюзіўныя адносіны паміж імі не будуць больш мець сілы? Што сужэнцы там будуць абыякавыя адно да аднаго?

Адказ на гэтыя пытанні варта шукаць, з пакорай прымаючы чалавечыя абмежаваныя магчымасці ўяўлення таго, што нас чакае ў вечным жыцці.

Напэўна, можам сказаць разам са святым Паўлам, што «любоў ніколі не мінае» (1 Кар 13, 8): сапраўдная любоў перамагае смерць, яна будзе адзіным нашым скарбам у вечнасці. Гэта сцвярджэнне датычыцца і сужэнскіх, і любых іншых адносінаў. Прымаючы яго да сэрца, нам варта імкнуцца ўсімі сіламі да таго, каб у супрацоўніцтве з ласкай Божай ачышчаць усе нашыя адносіны ад праяваў эгаізму, своекарыслівасці, паблажлівасці да граху — ад усяго, што супярэчыць любові, якой нас вучыць Божы Сын, Уцелаўлёная Любоў. Тады мы можам мець абгрунтаваную надзею на тое, што ў вечнасці нашыя адносіны з сужэнцамі, дзецьмі, сябрамі знойдуць такі цудоўны працяг, пробліскі якога мы можам адчуць у найлепшыя моманты свайго зямнога жыцця.

Пан Езус параўноўвае тых, якія дасягнулі неба, з анёламі. З аднаго боку, можам разумець гэтае параўнанне як нашую будучую непрывязанасць да матэрыяльных рэчаў, ад якіх сёння залежым. Але іншы, важнейшы аспект «анёльскага» існавання — гэта іх пасланніцтва: слова «анёл» перакладаецца як «вястун, пасланнік».

У гэтым сэнсе мы таксама можам быць «анёламі» для ўсіх, каго сустракаем на нашым шляху, пачынаючы ад самых блізкіх людзей: нам даручана місія быць сведкамі той надзеі, якую Пан уліў у нашыя сэрцы, і дзяліцца любоўю, якую Ён няспынна вылівае на нас.

Няхай мы будзем адно для аднаго носьбітамі Радаснай Весткі пра перамогу Любові над смерцю праз Езуса Хрыста, які да канца нас палюбіў. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа