Валадар свету ўваскрасіць нас да вечнага жыцця
Чытанне Другой кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Здарылася, што сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам. Адзін з іх, прамаўляючы ад імя астатніх, сказаў так: Пра што хочаш спытацца або пра што даведацца ад нас? Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы.
А другі брат на апошнім дыханні сказаў: Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон.
Пасля гэтага катавалі трэцяга. На патрабаванне даць язык адразу ж высунуў яго, адважна выцягнуў рукі і з годнасцю сказаў: З неба іх атрымаў, але дзеля Яго законаў пагарджаю імі, бо спадзяюся зноў атрымаць іх ад Яго. Нават сам кароль і ўсе, хто быў з ім, дзівіліся адважнасці юнака, які зусім не зважаў на пакуты.
Калі памёр і той, катавалі чацвёртага, здзекуючыся падобным чынам. Канаючы, той сказаў: Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя. А для цябе няма ўваскрашэння да жыцця.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Буду насычацца Тваім абліччам, Пане.
1. Выслухай, Пане, маю справядлівасць, *
пачуй маю просьбу,
прымі маю малітву *
з вуснаў неілжывых.
Рэфрэн:
5. Умацуй мае крокі на Тваіх шляхах, *
каб не пахіснуліся мае ногі.
6. Я клічу Цябе, бо Ты выслухаеш мяне, Божа; *
схілі вуха Тваё да мяне, пачуй мае словы.
Рэфрэн:
8. Сцеражы мяне, як зрэнку вока, *
у цені Тваіх крылаў схавай мяне.
15. Я ў справядлівасці ўбачу Тваё аблічча, *
калі прачнуся, буду насычацца Тваім абліччам.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Бог умацуе вас у кожнай справе і добрым слове
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.
Браты:
Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, няхай заахвоціць сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове.
Дык вось, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і праслаўлялася, як гэта ёсць сярод вас, і каб мы ўратаваліся ад падступных і ліхіх людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера. Але верны ёсць Пан. Ён умацуе вас і захавае ад злога. Мы ўпэўненыя наконт вас у Пану, што выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы вам наказваем. А Пан няхай накіруе сэрцы вашыя да Божай любові і да Хрыстовай цярплівасці.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Езус Хрыстус — першародны сярод памерлых;
Яму слава і моц на вякі вечныя.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана «Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба». Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ