Пошук

15.10.2022 08:08   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
«Дай перамогу, о Пане!» Фрагмент. Мастак Джон Эверэт Міле

1 чыт.: Зых 17, 8–13;
Пс 121 (120), 1–2. 3–4. 5–6. 7–8;
2 чыт.: 2 Цім 3, 14 – 4, 2;
Ев.: Лк 18, 1–8

Маліцца заўсёды

У сённяшнім Евангеллі Пан Езус зноў выступае як настаўнік малітвы, навучаючы, што трэба клікаць да Бога заўсёды і не падаць духам.

Бадай што кожны чалавек умее маліцца, асабліва калі знаходзіцца ў патрэбе: калі пагражае штосьці сур’ёзнае, большае за нашыя магчымасці, амаль інстынктыўна мы шукаем дапамогі ў нейкай сілы, якая абароніць нас ад бяды і няшчасця.

У нашыя часы можна пачуць меркаванне, што ў той драматычнай сітуацыі, у якой знаходзіцца свет, людзі нанава адкрываюць неабходнасць звароту да Кагосьці, хто можа ўратаваць нас, бо сама чалавечая сям’я не ўмее знайсці шлях да мірнага і справядлівага суіснавання.

Кажуць, што на вайне моляцца нават атэісты. «Як трывога, то да Бога», — сцвярджае прымаўка, але, на жаль, часта, калі трывога міне, чалавек забываецца пра Бога, уладкоўвае жыццё па-свойму, нібыта нічога не здарылася. Бывае і іншая сітуацыя: хтосьці горача моліцца ў пільнай патрэбе, але не атрымлівае таго, аб чым просіць, і тады цалкам губляе веру. У абодвух гэтых выпадках Бог паводле людскіх чаканняў выступае як той, хто запэўніць здзяйсненне нашых жаданняў.

Здаецца, Пан Езус у прыпавесці сцвярджае менавіта такую гатоўнасць Нябеснага Айца даць сваім дзецям тое, аб чым яны просяць, але нам варта бліжэй прыгледзецца да сутнасці адносін паміж Богам і чалавекам, выразам якіх з’яўляецца малітва. Малітва — гэта не манета, якую мы кідаем у аўтамат, каб атрымаць тое, што прапануе меню.

Езус абяцае, што дзякуючы малітве Бог напэўна «абароніць выбраных сваіх». Хто такія гэтыя выбраныя? «Шмат пакліканых, але мала выбраных», — сцвярджае Хрыстус (Мц 22, 14): запрашэнне стаць удзельнікамі Новага Запавету скіравана да ўсіх, але не ўсе прымаюць яго. Быць сярод выбраных значыць мець тую веру, пра якую Пан рытарычна пытаецца напрыканцы сённяшняга ўрыўка: гэта значыць прыняць Евангелле, абвешчанае Сынам Божым, і тое збаўленне, якое Ён прынёс, уцелавіўшы сваё ўласнае пасланне.

Малітва Хрыстовых вернікаў — гэта перш за ўсё прастора на тое, каб адкрывацца і «засвойваць» Божыя абяцанні, здзейсненыя ў Езусе Хрысце.

Шчырая малітва, у якой чалавек просіць аб дары збаўлення ў Хрысце, ніколі не застанецца нявыслуханай.

Хто мой вораг?

Першае чытанне малюе для нас вельмі вымоўны вобраз эфектыўнасці малітвы: у той час, як Ізраэль змагаецца са сваім заклятым ворагам — амалекіцянамі, Майсей моліцца аб перамозе, узносячы рукі ўгору. Тое, наколькі поспех ізраэльцянаў залежыць ад малітвы, паказвае той факт, што калі рукі Майсея апускаюцца, амалекіцяне бяруць верх.

Хрысціянская традыцыя ўбачыла ў гэтым апісанні вобраз бітвы не ваеннай, а духоўнай, якую даводзіцца весці вернікам. Кожны вучань Хрыстовы павінен ведаць, як узысці на гару, каб узносіць шчырую малітву, поўную даверу да Бога — крыніцы ўсялякай моцы і перамогі. Але нам таксама добра ведаць, хто той вораг, супраць якога нам трэба ваяваць. Варта заўважыць, што Амалек атакуе Ізраэль тады, калі вызваленыя з няволі спакушаюць Пана, наракаючы і пытаючыся: «Ці сапраўды Пан прабывае паміж нас, ці не?» (Зых 17, 7).

Такім чынам Святое Пісанне паказвае, што самы небяспечны вораг — гэта недавер да Бога, нявер’е у тое, што Ён сапраўды дзейнічае дзеля нашага дабра.

Менавіта гэта было сутнасцю першай спакусы ў Эдэне: змей хацеў пасеяць сумнеў у адносіны даверу паміж Богам і людзьмі, і дагэтуль яго мэтай з’яўляецца ўводзіць падзелы ў кожныя адносіны. Нам вельмі важна ведаць свайго ворага і яго стратэгію: ягоная галоўная тактыка — гэта заставацца незаўважаным, дзейнічаць употай, хаваючыся за прапановамі фальшывага дабра і задавальнення.

У прыпавесці Пан Езус не ўдакладняе, хто праціўнік удавы — магчыма, для таго, каб кожны з нас задаўся пытаннем: а хто мой праціўнік на шляху да Бога і да Божага абяцання? Як канкрэтна ён перашкаджае мне? Нам вельмі проста абвінаваціць тых людзей, якія нам дакучаюць або нават наносяць рэальную шкоду, але варта памятаць, што «нашая барацьба не супраць крыві і цела, але <…> супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці» (Эф 6, 12).

Ці Бог марудзіць?

У новым перакладзе на беларускую мову фраза «хоць і марудзіць [Бог] абараніць іх» гучыць больш правільна: «ці будзе марудзіць у іх справе?» Аднак у чалавечым успрыманні (магчыма, адсюль адпаведны пераклад у розных мовах) Бог акурат часта «марудзіць» з тым, каб прыйсці на дапамогу, каб выслухаць нашыя просьбы. Чаму так адбываецца?

Наш Нябесны Тата дакладна не кіруецца злосцю ці капрызам, калі не дае нам адразу (а часам наогул не дае) тое, аб чым Яго просім — нават вельмі добрыя і святыя рэчы.

Ён найлепш ведае адпаведны час і спосаб задавальнення нашых просьбаў, і ў гэтым нам таксама трэба даверыцца Яму. Пан Езус вучыць маліцца няспынна, не падаючы духам, і такая настойлівасць патрэбная перш за ўсё не Богу, а нам, каб наш намер «прайшоў праверку», каб нашыя просьбы ачысціліся, каб мы ўзрасталі ў гатоўнасці прыняць волю Божую з даверам, што Пан учыніць так, як будзе найлепш для нас у перспектыве нашага падарожжа да вечнасці з Ім. Варта ў нашых просьбах задаваць сабе пытанне: чаго жадаю, да чаго імкнуся больш — да Божых дароў ці да самога Бога?

«Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго», — сцвярджае Пан Езус у іншым уроку пра малітву (Лк 11, 13), яшчэ раз заклікаючы давяраць Тату, але адначасова навучаючы, аб чым нам варта прасіць у першую чаргу.

Дух Святы — крыніца ўсялякіх цнотаў і духоўных дароў, перадусім жа — жывой веры, дзякуючы якой праз наш саўдзел адбываюцца Божыя цуды.

Будзем жа прасіць і адкрыемся на дар Духа Святога, які вучыць нас сыноўняму і даччынаму даверу да Айца разам з упэўненасцю, што ў сваёй любові Ён заўсёды чуе нашыя просьбы аб прыйсці Ягонага Валадарства. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця