Калі Майсей падымаў рукі, перамагаў Ізраэль
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Прыйшлі амалекіцяне і ваявалі з Ізраэлем у Рэфідыме. І сказаў Майсей Езусу Навіну: Выберы нам мужоў і ідзі біцца з амалекіцянамі; заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.
І зрабіў Езус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з амалекіцянамі. А Майсей, і Аарон, і Хур узышлі на вяршыню пагорка. Калі Майсей падымаў рукі свае, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў рукі свае, перамагаў Амалек. Калі рукі Майсеевы ацяжэлі, тады ўзялі камень і падставілі яму, і ён сеў на ім, а Аарон і Хур падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.
І перамог Езус Амалека і народ ягоны выстрыём мяча.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Дапамога ад Пана, які стварыў неба і зямлю.
1. Узнімаю вочы свае да вышыняў: *
адкуль прыйдзе мая дапамога?
2. Дапамога мая ад Пана, *
які стварыў неба і зямлю.
Рэфрэн:
3. Ён не дасць пахіснуцца назе тваёй, *
не задрэмле той, хто цябе сцеражэ.
4. Не дрэмле і не спіць *
той, хто сцеражэ Ізраэль.
Рэфрэн:
5. Пан сцеражэ цябе, *
Пан — твой цень, Ён праваруч цябе.
6. Удзень сонца не ўдарыць цябе, *
ані месяц ноччу.
Рэфрэн:
7. Пан захавае цябе ад усякага зла, *
будзе берагчы душу тваю.
8. Пан будзе сцерагчы выйсце тваё і вяртанне *
цяпер і навекі.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.
Заклінаю цябе перад Богам і Панам нашым Езусам Хрыстом, які будзе судзіць жывых і мёртвых, і перад прыйсцем Ягоным, і перад Валадарствам Ягоным: прапаведуй гэтае слова, настаўляй у час і не ў час, пераконвай, забараняй, заахвочвай з усёю доўгацярплівасцю і павучаннем.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Жывое слова Божае і дзейснае,
здольнае судзіць думкі і намеры сэрца.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Бог абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус расказаў сваім вучням прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам: У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. У тым самым горадзе была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: Абарані мяне ад праціўніка майго.
Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але з-за таго, што гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне.
І сказаў Пан: Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, хоць і марудзіць абараніць іх? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх.
Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ