Пошук

01.10.2022 07:07   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Камунія апосталаў. Фра Бэато Анджэліко / Pinterest

1 чыт.: Абк 1, 2–3; 2, 2–4;
Пс 95 (94), 1–2. 6–7a. 7b–9;
2 чыт.: 2 Цім 1, 6–8. 13–14;
Ев.: Лк 17, 5–10

Вера, якая вядзе праз выпрабаванні

Сённяшняя Літургія слова запрашае нас заглыбіцца ў тэму веры.

«Дадай нам веры», — гэтую просьбу вучняў і кожнаму з нас варта часцей скіроўваць да Пана.

Аднак адказ Езуса вымушае задумацца над тым, што насамрэч значыць мець веру. Хрыстус не хваліць апосталаў за такое, здаецца, пабожнае жаданне і не абяцае ім, што яго споўніць. Замест гэтага мы чуем параўнанне веры з гарчычным зернем і фантасмагарычнае сцвярджэнне пра смакоўніцу, якая сілай такой веры можа быць перасаджана ў мора.

Успомнім, што ў шматлікіх іншых сітуацыях Пан Езус хваліць і нават здзіўляецца, калі знаходзіць веру ў людзей, якія прыходзяць да Яго, і часта кажа, што менавіта іхняя вера дазваляе адбывацца цудам аздараўлення. Ці тут Езус хоча дакарыць сваіх вучняў за тое, што яны не маюць веры нават з гарчычнае зерне? Ці, хутчэй, жадае ў чарговы раз звярнуць увагу не на колькасць, а на якасць духоўнай рэчаіснасці?

У паралельным урыўку ў Евангеллі паводле Мацвея Хрыстус сцвярджае, што маючы веру з гарчычнае зерне можна перасоўваць горы (Мц 17, 20). Аднак сам Езус не займаўся такімі «спецэфектамі», якія дакладна ўразілі б чалавечае ўяўленне, бо, відавочна, не ў гэтым сутнасць веры.

У чым яна, нам дазваляе лепш зразумець сённяшняе першае чытанне.

«Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці», — абвяшчае прарок Абакум, і слова «вернасць» тут можа быць перакладзена таксама як «вера», бо ў лексіконе Старога Запавету гэта ўзаемазаменныя паняцці (зрэшты, невыпадкова і ў нашых сучасных мовах гэта аднакарэнныя словы). Абакум звяртаецца да Бога ў цяжкіх абставінах: сярод насілля і спусташэння, прынесеных вавілонцамі, якія тэрарызуюць Ізраэль і іншыя народы, прарок задаецца пытаннем, дзеля чаго і як доўга Пан будзе дазваляць такое зло. У адказ Найвышэйшы запэўнівае, што ўсялякаму насіллю прыйдзе канец і ў рэшце рэшт будзе «знемагаць той, у каго несправядлівая душа», а ў такіх трагічных абставінах больш, чым у любых іншых, найважнейшае — гэта захоўваць веру і вернасць, бо дзякуючы ім праведны чалавек пройдзе праз усе выпрабаванні.

Вера і вернасць — крыніца такога існавання, якое сярод шматлікіх выклікаў і трагедый не губляе годнасці, дадзенай Богам.

Вера ў дынаміцы

Пан Езус у сваім вучэнні вельмі часта звяртаецца да вобразу зерня. У параўнанні веры да гарчычнага зерня мы можам убачыць не толькі парадаксальнае ўказанне на моц веры, але таксама на яе дынамічную якасць: падобна зерню, вера павінна расці і прыносіць плён. Напэўна, правільней было б казаць не пра тое, што мы «маем веру» (і тады нібыта ёю валодаем і можам выхваляцца), але, хутчэй, што мы жывем ёю, «ходзім» паводле яе (пар. 2 Кар 5, 7).

Падобна логіцы Валадарства Божага (пар. Мц 13, 33), вера павінна стаць тым, што ахоплівае ўсё наша жыццё. У другім чытанні святы Павел заахвочвае свайго вучня Цімафея, каб той «распальваў дар Божы», які атрымаў. Менавіта такім чынам нам трэба клапаціцца пра тое, каб дар веры «разгараўся» ўсё мацней, каб мы жылі не ў боязі, але паводле Духа сілы, любові і цвярозасці, як апісвае Павел жыццё ў Духу Святым. Тады нас не столькі будзе цікавіць тое, як пераносіць смакоўніцы з коранем у мора ці перасоўваць горы, а як даваць сведчанне, годнае імені вучняў Езуса Хрыста.

Вера — не проста прыняцце таго факту, што Бог ёсць, што Бог стварыў велічны Сусвет, ці нават таго, што Бог уваскрасіў Хрыста з памерлых, што існуе жыццё пасля смерці…

Вера — гэта жывыя адносіны з уваскрослым Езусам як Панам майго жыцця і маім Збаўцам, якому я даручаю ўсё, кім я ёсць, прымаючы Ягонае Евангелле як канчатковую праўду пра лёс мой асабісты і ўсяго сусвету.

Паводле такога разумення вера расце тады, калі я аддаю гэтым адносінам абсалютны прыярытэт, імкнучыся, каб з іх не была выключана ніводная сфера майго жыцця. Гэта, канечне, азначае ў тым ліку шчырую штодзённую камунікацыю з Езусам — прабыванне ў малітве перад Ім.

Вера, уцелаўлёная ў любові

Словы Езуса, якія чуем пасля каментара да просьбы вучняў дадаць ім веры, могуць здацца пачаткам нейкай новай тэмы, не звязанай з тым, пра што гаворка ішла дагэтуль. Аднак у прыкладзе пра гаспадара і слугу хаваецца яшчэ адно вельмі важнае тлумачэнне адносна сутнасці веры. Як ужо сказана вышэй, вера і вернасць непарыўна звязаны.

Наша вера ўцелаўляецца ў тым, што мы захоўваем вернасць Хрыстоваму вучэнню ў канкрэтных паводзінах, выбарах, учынках. Інакш кажучы, вера азначае паслухмянасць Божаму слову.

Вобраз адносінаў гаспадара і слугі ў прыкладзе Езуса можа не зусім нам адпавядаць у святле сучасных уяўленняў аб сацыяльнай роўнасці, але ў святле Пісання роля Божага слугі, канечне, ніякім чынам не паніжае чалавечай годнасці, а, наадварот, бясконца яе ўзвышае. (Зрэшты, у нашай палітычнай культуры мы лічым міністраў важнымі людзьмі, а іх тытул азначае менавіта «слугі» — хоць гэта не заўсёды відавочна.) Пан Езус папярэджвае сваіх вучняў, каб не паддаваліся бескарысным прэтэнзіям і прагнасці, калі выконваюць сваё служэнне, і запрашае не затрымлівацца на ўжо дасягнутым.

Канечне, гэтая карціна будзе шэрай, калі мы забудземся пра тую радасць, якая спадарожнічае шчыраму служэнню ў духу любові. Езус называе шчаслівым слугу, які верна выконвае даручаныя яму абавязкі (Мц 24, 46), а слугу, які добра інвеставаў давераныя таленты, гаспадар запрашае ўвайсці «ў радасць гаспадара» (Мц 25, 21). А калі Пан патрбуе вернасці ад сваіх вернікаў, нам трэба перадусім памятаць пра тое, што Ён сам — Бог верны, які ніколі не адмяняе сваіх абяцанняў, калі толькі мы не закрываемся ад іх; Ён — Бог, які ў сваёй міласэрнасці прабачае нам нашу нявернасць, даючы новы шанц.

Урэшце, вобраз гаспадара, які Езус прадстаўляе нам сёння, трэба дапоўніць тым, што наш Настаўнік кажа ў іншым месцы: тых слугаў, якіх Пан знойдзе ў чуванні, калі вернецца, пасадзіць за стол і пачне служыць ім (пар. Лк 12, 37).

Такі наш нябесны Гаспадар, які запрашае нас служыць паводле свайго прыкладу — гэта значыць уцелаўляць любоў у канкрэтных жэстах.

Няхай «дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас» (2 Цім 1, 14) наша вера прыносіць багаты плён у любові. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа