Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці
Чытанне кнігі прарока Абакума.
Дакуль я, Пане, буду клікаць, а Ты не чуеш; дакуль буду крычаць Табе: Гвалт! — а Ты не ратуеш? Навошта паказваеш несправядлівасць і глядзіш на няшчасці? Рабунак і гвалт перада мною, і ўзнікае спрэчка, і паўстае разлад.
І сказаў мне Пан у адказ: Запішы, што бачыш, і растлумач на табліцах, каб чытач мог лёгка прачытаць. Бо тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае. Калі нават будзе марудзіць, чакай, бо прыйдзе абавязкова, не спозніцца.
Вось знемагае той, у каго несправядлівая душа, а праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: На голас Пана сэрц не закрывайце.
5. Прыйдзіце, заспяваем Пану, *
усклікнем Богу, скале нашага збаўлення.
6. Станем з падзякаю перад абліччам Ягоным, *
у песнях усклікнем Яму.
Рэфрэн:
6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.
Рэфрэн:
О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
8. Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыба, *
як на пустыні ў дзень Масса,
9. дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Не саромейся сведчання нашага Пана
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што Бог даў нам не Духа боязі, але сілы, любові і цвярозасці.
Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але, паводле сілы Божай, далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля. Трымайся прыкладу здаровага вучэння, якое ты чуў ад мяне ў любові і веры, якія ў Хрысце Езусе.
Гэты прыгожы скарб захавай, дзякуючы Духу Святому, які жыве ў нас.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Слова Пана трывае навекі;
а тым словам ёсць Добрая Навіна, абвешчаная вам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Калі б вы мелі веру
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Апосталы сказалі Пану: Дадай нам веры. Пан сказаў: Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас.
Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае?
І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ