Пошук

27.08.2022 00:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Апошняя вячэра. Мастак Франс Пурбус Малодшы / chegg.com

1 чыт.: Сір 3, 17–18. 20. 28–29;
Пс 68 (67), 4–5ab. 6–7ab. 10–11;
2 чыт.: Гбр 12, 18–19. 22–24a;
Ев.: Лк 14, 1. 7–14

Імкнуцца да сапраўднай велічы

У Евангеллі часта апісваюцца сутычкі і канфлікты фарысеяў з Езусам: ім не падабалася, што Настаўнік з Назарэта па-свойму інтэрпрэтаваў веру ў Бога Ізраэля, не паважаючы, як яны лічылі, традыцыю айцоў, а Хрыстус, у сваю чаргу, жорстка крытыкаваў іх за прывязанасць да знешніх абрадаў і крывадушнасць. Але ў разуменні юдэйскай рэлігіі паміж фарысеямі і Хрыстом было насамрэч шмат супольнага: напрыклад, у адрозненне ад садукеяў, і Езус, і фарысеі верылі ва ўваскрашэнне памерлых, аб якім кажа Пан напрыканцы ўрыўка. Сённяшні і некаторыя іншыя евангельскія эпізоды паказваюць, што фарысеі нават запрашалі Езуса ў свае дамы і вялі з ім дыялог, хоць паводзілі сябе насцярожана.

У словах Хрыста, скіраваных да сабраных на абед, не адчуваецца варожасці: можна сказаць, Ён ім прапануе пэўны «лайф-хак», як пазбегнуць непрыемных сітуацый. Але за парадай наконт таго, як не трапіць у ганебную гісторыю, хаваецца рэвалюцыйная праўда, якая датычыць не толькі лепшых ці горшых месцаў на гасціне, але ўспрымання сэнсу чалавечага жыцця: «Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

Пан Езус пераварочвае звычайнае разуменне велічы і вучыць рабіць крытэрыем нашай самаацэнкі не параўнанне сябе з іншымі, а тое, якія мы ёсць у Божых вачах.

Наш Настаўнік і Збаўца сваім жыццём дае нам прыклад пакоры, якая заключаецца не ў прыніжэнні сябе як самамэце і тым больш не ў адмове ад нашай сапраўднай годнасці, а ў тым, каб ведаць сваё месца перад Богам і з гэтай перспектывы глядзець на ўсё астатняе.

Як жа часта праз амбіцыі і імкненне да дасягненняў мы стараемся кампенсаваць свае комплексы, крыўды, незалечаныя душэўныя раны, недахоп любові і веры ва ўласную годнасць! Варта імкнуцца да велічы — але правільна зразуметай, гэта значыць, велічы евангельскай, якая парадаксальна азначае не месца на п’едэстале, але служэнне, бо менавіта так рабіў Пан Езус, уцелаўляючы любоў.

Узнагарода любові

Евангелле запрашае нас правільна зразумець сэнс узнагароды. Нашае бачанне можа быць закладнікам тых абменаў, якія звычайна адбываюцца ў чалавечых адносінах («я даю табе, каб ты даў мне» — часта пры гэтым стараючыся атрымаць больш на сваю карысць…). Гэта датычыць і матэрыяльных узнагародаў — за нашу працу і паслугі, і чакання эмацыйных кампенсацый ва ўзаемадзеянні з іншымі: нам хочацца атрымаць узамен тое, што мы «запрацавалі» сваёй «інвестыцыяй» часу, высілку, нерваў…

Але згодна з гэтай логікай, вучыць Пан Езус, мы такім чынам ужо атрымліваем сваю ўзнагароду (пар. Мц 6, 2) і губляем права на іншую — нябесную. Нябесная ж узнагарода не параўнальная з ніякай зямной кампенсацыяй, бо «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).

Гаспадару дома, які Яго прымае, і нам разам з ім, Пан Езус адкрывае дакладны спосаб атрымаць гэтую нябесную адплату: прыняць у сваім доме — і ў сваім сэрцы ў першую чаргу — тых, хто знаходзіцца ў патрэбе і не мае сродкаў, каб аддзячыць матэрыяльна.

Такім чынам мы наследуем Нябеснага Айца, ад якога ўсё атрымалі дарма: «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» — рытарычна пытаецца святы Павел у сваіх адрасатаў (1 Кар 4, 7). Больш за тое, прымаючы слова Езуса, што ў «Ягоных братах меншых» (пар. Мц 25, 40) мы сустракаем Яго самога, мы імкнемся жыць гэтай праўдай, вучыцца прымаць іх нібыта самога Бога.

Каб навучыцца гэтай здольнасці задарма даваць бліжнім, бачачы ў іх твар Пана, нам трэба імкнуцца не да таго, каб заняць прэстыжныя месцы праваруч і леваруч Хрыста ў Ягонай славе, як просяць апосталы-браты Якуб і Ян (гл. Мк 10, 35–40), але месца на грудзях Езуса — месца любімага вучня, побач з сэрцам Настаўніка, каб спасцігнуць, наколькі гэта магчыма, Ягоную любоў і навучыцца любіць у Яго, бо менавіта такім чынам нябесная ўзнагарода ўжо пачынае адкрывацца нам у гэтым жыцці. Любоў, якая ўцелаўляецца ў служэнні, — вось шлях да вечнай узнагароды, якая не адымецца ў нас, але адначасова, кажа святы Бэрнард, любоў — узнагарода сама ў сабе.

Уваскрэснем, як Езус

У сваім звароце да гаспадара гасціны Пан Езус узгадвае «дзень уваскрасення справядлівых»: тую надзею, якая аб’ядноўвала Хрыста і фарысеяў у бачанні канчатковага прызначэння чалавека. Калі мы кожную нядзелю святкуем уваскрасенне з памерлых Езуса, нам варта ўзгадваць і нашае будучае ўваскрашэнне — той лёс, які нас чакае ў вечнасці.

У мінулую сераду на генеральнай аўдыенцыі Папа Францішак вельмі прыгожа і вымоўна нагадаў пра гэтую праўду нашай веры, звяртаючыся асабліва да пажылых людзей.

«Падобна таму, як пакінуўшы ўлонне маці, мы застаемся самімі сабой — тым жа чалавекам, які быў ва ўлонні — так і пасля смерці мы нараджаемся ў небе, у прасторы Бога, і гэта ўсё яшчэ мы, якія хадзілі па гэтай зямлі», — казаў Папа.

«Усё наша жыццё падобна на зерне, якое павінна трапіць у зямлю, каб прарасці і прынесці плод. Яно прарасце, як і ўсё іншае ў свеце. Не без пакут, не без болю, але прарасце. І жыццё ўваскрослага цела будзе ў сто і тысячу разоў больш яскравым, чым тое, якое мы пакаштавалі на гэтай зямлі», — патлумачыў Папа Францішак.

Няхай у нашым імкненні любіць, служачы бліжнім, мы будзем узмоцненыя Духам Святым надзеяй на вечную радасць у прысутнасці Таго, хто палюбіў нас да канца і падрыхтаваў нам месца ў доме Айца. Амэн.

Абноўлена 27.08.2022 00:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.