Станавіся пакорным, і знойдзеш ласку ў вачах Пана
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Дзіця, рабі свае справы ў пакоры, і будзе любіць цябе чалавек богаўгодны. Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана, бо вялікая магутнасць Пана і праз пакорных праслаўляецца Ён.
Няма леку на нядолю ганарыстага, бо парастак зла пусціў у ім карані. Сэрца разумнага разважае над прыпавесцю, а мець уважлівае вуха — гэта жаданне мудраца.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Божа, Ты падрыхтаваў дом убогаму.
4. А справядлівыя няхай узрадуюцца і ўзвесяляцца перад Богам, *
і трыумфуюць у радасці.
5. Спявайце Богу, слаўце імя Яго, *
радуйцеся перад Яго абліччам.
Рэфрэн:
6. Айцец для сіротаў і суддзя ўдоваў — *
Бог у сваім святым жыллі.
7. Бог рыхтуе дом для самотных, *
вязняў выводзіць да шчасця.
Рэфрэн:
10. Шчодры дождж спаслаў Ты, Божа, *
падмацаваў сваю знямоглую спадчыну.
11. Твае стварэнні там жылі; *
у дабрыні сваёй Ты дапамагаў убогаму, Божа.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Вы прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Вы не прыступіліся ні да намацальнага, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гулу трубы і такога голасу словаў, што тыя, хто яго пачуў, прасілі больш не звяртацца да іх непасрэдна.
Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы Анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога — Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса — Пасрэдніка Новага Запавету.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Вазьміце ярмо Маё на сябе, — кажа Пан, —
і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: Саступі яму месца. І тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
А калі цябе запросяць, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца.
Пасля Езус сказаў таму, хто запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.
Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ