1 чыт.: Дз 5, 27b–32. 40b–41;
Пс 30 (29), 2 і 4. 5 і 6. 11 і 12a і 13b;
2 чыт.: Ап 5, 11–14;
Ев.: Ян 21, 1–19
Уваскрослы Пан на беразе нашай штодзённасці
У сённяшнім Евангеллі вучні пасля ўваскрасення Езуса вяртаюцца да сваіх штодзённых заняткаў. Раней яны сустрэлі Уваскрослага Пана, перажылі вельмі інтэнсіўныя моманты ў Яго прысутнасці, але потым звычайная рэчаіснасць з усёй яе няўмольнасцю (у тым ліку, напэўна, і неабходнасцю нейкім чынам зарабляць сабе на кавалак хлеба) патрабуе свайго.
Трэба чымсьці займацца, трэба неяк запаўняць гадзіны свайго жыцця, дастасоўвацца да існуючых умоваў…
Такое становішча рэчаў бадай што ўсім нам знаёмае. Мы можам перажыць інтэнсіўны духоўны досвед, суцяшэнне, унутраны пад’ём і радасць, напрыклад, святкуючы Вялікдзень, іншую літургічную ўрачыстасць, рэкалекцыі ці проста актыўна ўдзельнічаючы ў нядзельнай Эўхарыстыі і атрымліваючы асалоду ад адпачынку ў дзень, прысвечаны Пану, або дзякуючы іншай ласцы ад Бога. Але потым вяртаецца шэрая штодзённасць з усімі яе выклікамі, якая зацягвае ў свае правілы, вымаганні і логіку, і ад досведу Бога, здаецца, нічога не застаецца.
Напэўна, кожнаму вядомае таксама пачуццё прыкрасці з-за няўдалага ўлову, якое, можам здагадацца, ахапіла вучняў пасля ночы дарэмнага высілку… Менавіта ў такіх умовах Езус з’яўляецца на беразе, аднак Яго нялёгка распазнаць, як паказвае нам сённяшні аповед: хоць апосталы ўжо сустракалі Пана і ведаюць Яго, але яны занадта паглынутыя сваім расчараваннем.
Распазнаць Езуса, бо любімыя Ім
Евангеліст Ян у гэтым ўрыўку наўмысна не выкарыстоўвае дзеяслоў «бачыць», калі апісвае, як вучні ўспрымаюць Пана, такім чынам ствараючы сувязь з благаслаўленнем тых, хто «не бачыў, а паверыў», якое мы чулі ў мінулую нядзелю. Езус — той, які «прыходзіць» (так больш дакладна перакладаецца дзеяслоў, які ў тэксце гучыць «падышоў») і падае вучням хлеб, а таксама і рыбу.
Рыба сталася сімвалам Хрыста, бо ўжо першыя хрысціяне заўважылі, што ў грэчаскім слове ἰχθύς «зашыфраваны» тытул «Езус Хрыстус, Божы Сын, Збаўца», паводле першых літар кожнага са словаў выразу Ἰησοῦς Χρіστός Θεοῦ Υἱός Σωτήρ.
Але дзеля таго, каб распазнаць прысутнасць Езуса ў таямнічай постаці, патрэбны позірк таго вучня, «якога любіў Езус».
Раней ён, увайшоўшы ў пустую грабніцу, «паверыў», не бачачы самога Езуса (Ян 20, 8), і цяпер ягоны голас нібыта абуджае Пятра, каб той зразумеў, што гэта менавіта Пан стаіць на беразе.
Быць любімым вучнем — не эксклюзіўнае права аўтара Чацвёртага Евангелля і, канечне, не яго спосаб «хваліцца», нібыта ён выбраны сярод іншых за нейкія асаблівыя якасці. Гаворка пра здольнасць і запрашэнне для кожнага вучня ўсвядоміць і прыняць любоў Езуса, бо менавіта гэтая здольнасць дазваляе нам распазнаць Яго прысутнасць на беразе нашага жыцця, у той час, як мы змагаемся з «морам» гэтага свету.
Да таго моманту, калі мы самі будзем здольныя спантанна адчуваць любоў Езуса да нас і жыць ёю, нам патрэбны голас кагосьці побач, хто пазнаў гэтую любоў і будзе нам пра яе нагадваць, каб і мы калісьці змаглі іншай асобе ўказаць: «Гэта Пан — уцелаўлёная Любоў!»
Пытанне пра галоўнае
Пытанне пра любоў — адзінае, якое ёсць у Езуса да Пятра. У іншых абставінах Езус выслухоўвае ўсе нашыя расчараванні, горыч і скаргі, як гэта робіць з вучнямі па дарозе ў Эмаус, але тут Уваскрослы пераходзіць адразу да самага важнага.
«Ці любіш ты Мяне?» — кожны з нас, чытачоў Евангелля, павінен паставіць сваё імя замест імені Сымона Пятра, дазваляючы Пану спытаць сябе пра галоўнае, бо без яго ўсе нашыя заняткі раней ці пазней губляюць сэнс і становяцца прычынай прыкрасці і расчаравання. Сымон Пётр — і мы разам з ім — пасля досведу сваёй радыкальнай слабасці добра ведае, што ініцыятыва любові не належыць яму: мы можам любіць толькі ў адказ на любоў, а яна найяскравей праяўляецца ў прабачэнні. Ці можа Пётр сказаць, што любіць Настаўніка больш, чым іншыя вучні, з іншай прычыны, чым тая, пра якую Езус кажа іншаму Сымону — фарысею, калі ў ягоным доме прабачае грэшніцу: «Каму мала даруецца, той мала любіць»? (Лк 7, 47)
Тройчы задаючы пытанне Пятру, хоць гэта і выклікае здаровае засмучэнне ў вучня, які адрокся ад свайго Пана, Езус дае яму шанц пераступіць праз сваю віну і адгэтуль дзейнічаць, не спадзеючыся на свае ўласныя сілы, а знаходзячы матывацыю і моц ў тым, хто палюбіў яго дарэшты.
Тройчы таксама Пётр чуе наказ пасвіць ягнятаў і авечак Пана: уцелаўляць любоў да Збаўцы і несці дзейснае сведчанне пра Ягоную любоў усім Божым дзецям.
Цярпенне, перамененае ў радасць і славу
У чытанні з Дзеяў Апосталаў мы бачым, які кошт гэтай місіі: Пятра і Яна члены сінэдрыёна аддаюць на бічаванне за тое, што яны «напоўнілі ўвесь Ерузалем» вучэннем пра збаўчую смерць і ўваскрасенне Езуса з Назарэта. Такім чынам пачынаюць здзяйсняцца прарочыя словы Пана пра будучы лёс Пятра: у рэшце рэшт ён «выцягне рукі свае», падобна свайму Настаўніку, і аддасць жыццё ў Ягонае імя. Менавіта так апостал «уславіць Бога», кажа евангеліст Ян, і разам з той радасцю, якой перапоўненыя апосталы, бо аказаліся «годныя цярпець знявагу за імя Езуса», такая перспектыва на цярпенне пераварочвае наша звычайнае бачанне.
Не ў нашых сілах прымусіць саміх сябе ўспрымаць знявагі ці іншыя нязручнасці ў жыцці як шанц праславіць Бога, наследуючы лёс нашага Збаўцы і ягоных святых мучанікаў (памятаем, што слова «мучанік» у перакладзе з грэчаскай мовы дакладна перакладаецца як «сведка»: той, хто нясе сведчанне сваёй веры да канца).
Але мы можам прасіць аб дары Духа Святога, які спадарожнічае апосталам у іх сведчанні, каб тыя цярпенні і нязручнасці, што выпадаюць на наш лёс, не станавіліся для нас прычынай расчаравання і крыўды на Бога і людзей ці нявер’я ва ўласныя здольнасці, але перамяняліся ў нашым успрыманні ў той кошт, які мы гатовыя заплаціць, ідучы следам за Хрыстом.
Няхай падобна ўсім тым, хто праслаўляе ў Божым Валадарстве забітае Ягня (гл. другое чытанне), таксама нашыя сэрцы і вусны будуць поўныя хвалы нават тады, калі ў гэтым свеце сустракаемся з выклікамі і няўдачамі. Няхай яны не адварочваюць нас ад Бога, а, наадварот, яшчэ мацней злучаюць з Ім. Амэн.