Пошук

07.04.2010 01:00  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Дз 5, 27b–32. 40b–41

Мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы

Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Першасвятар спытаўся ў іх: Ці не строга забаранілі мы вам навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі ўвесь Ерузалем вучэннем вашым і хочаце абвінаваціць нас у крыві гэтага Чалавека.

Пётр і Апосталы адказалі: Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве. Бог узвысіў Яго правіцаю сваёй як Уладара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю пакаянне і адпушчэнне грахоў. І мы сведкі гэтых слоў, і Дух Святы, якога Бог даў тым, хто паслухмяны Яму.

І забаранілі Апосталам прамаўляць у імя Езуса, і адпусцілі. А яны пайшлі з месца пасяджэння, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 30 (29), 2 і 4. 5 і 6. 11 і 12а і 13b  (Р.: 2а)

Рэфрэн: Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў.
Або: Аллелюя.

2. Узвялічу Цябе, Пане, бо Ты мяне збавіў *
і не дазволіў ворагам маім пацяшацца з мяне.
4. Пане, Ты вывеў з адхлані душу маю, *
Ты ўратаваў жыццё маё сярод тых, хто сыходзіць у магілу.

Рэфрэн:

5. Спявайце Пану вы, Ягоныя верныя, *
памятайце пра святасць Ягоную.
6. Бо гнеў Яго трывае імгненне, +
а ласкавасць Яго — усё жыццё. *
Увечары прыходзіць плач, а раніцай — радасць.

Рэфрэн:

11. Пачуй, Пане, і злітуйся нада мною, *
Пане, будзь мне дапамогай!
12. Ты нараканне маё замяніў на танец. *
13. Пане, Божа мой, буду хваліць Цябе вечна.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Ап 5, 11–14

Забітае Ягня годнае прыняць сілу і багацце

Чытанне Кнігі Апакаліпсіса святога Яна.

Я, Ян, бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывёлаў, і старцаў, і колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч. Яны казалі гучным голасам: Забітае Ягня годнае прыняць сілу і багацце, і мудрасць, і моц, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне.

І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: Таму, хто сядзіць на троне, і Ягняці благаслаўленне і пашана, і слава, і моц на векі вечныя. А чатыры жывёлы казалі: Амэн. А старцы ўпалі і пакланіліся.

Гэта слова Божае.

а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Уваскрос Хрыстус, які ўсё стварыў
і злітаваўся над чалавецтвам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 21, 1–14

Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: Іду лавіць рыбу. Яны адказалі яму: І мы пойдзем з табою. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.

Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.  Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не.

А Ён сказаў ім: Закінце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.

Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: Гэта Пан. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою.

І калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзенае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб. І сказаў ім Езус: Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: Хадзіце ж, снедайце! Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: Хто Ты? – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу.

Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця