Пошук

12.02.2022 08:36   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Нагорнае казанне. Фрэска XV ст. Мастак Кізімо Рассэллі. Ватыкан, Сікстынская капэла / wikipedia.org

1 чыт.: Ер 17, 5–8;
Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6;
2 чыт.: 1 Кар 15, 12. 16–20;
Ев.: Лк 6, 17. 20–26

Запаведзі незямнога шчасця

Ад евангеліста Лукі чуем сёння «запаведзі шчасця», якія Езус прамаўляе на раўніне, у адрозненне ад казання на гары ў Евангеллі паводле Мацвея. (Канечне, няма неабходнасці вышукваць супярэчнасці ў гэтых дзвюх версіях галоўнай бадай што гаміліі Езуса, бо Ён напэўна не раз прамаўляў з падобным зместам, у залежнасці ад абставінаў.)

Акрамя таго, што месца прамовы іншае, спіс благаслаўленняў у Лукі карацейшы, затое ён дапаўняецца сіметрычнымі заклікамі, якія абвяшчаюць «гора» супрацьлеглым катэгорыям людзей.

Такім чынам, словы Езуса гучаць яшчэ больш пранізліва: Хрыстус не толькі абвяшчае суцяшэнне гаротным, але і скіроўвае суровае папярэджанне тым, хто знаходзіцца ў ілюзіі наконт сапраўдных каштоўнасцяў і мэты ў жыцці.

Ёсць яшчэ адна даволі істотная асаблівасць у версіі евангеліста Лукі, якая можа ўскладняць наша ўспрыманне паслання Езуса: апісанне катэгорый людзей, якія пазбаўленыя важных рэчаў, мае даслоўны, а не «духоўны» сэнс, як гэта адбываецца (прынамсі часткова) ў Мацвея. Напрыклад, першая катэгорыя шчаслівых у евангельскім сэнсе людзей — не «ўбогія духам», а проста «ўбогія» (як гэта адлюстравана ў новым перакладзе на беларускую мову); далей, шчаслівыя проста «галодныя», а не «прагнучыя справядлівасці»… Такім чынам, акцэнт ставіцца на тых, хто церпіць ад нястачы даслоўна, матэрыяльна.

Немагчыма не заўважыць парадаксальнасць гэтых сцвярджэнняў: у іх заключана логіка, якая не адпавядае звычайнаму спосабу мыслення паводле катэгорый гэтага свету. Хіба матэрыяльныя даброты — гэта нешта дрэннае? Хіба прыгажосць створанага Богам сусвету — гэта ілюзія і спакуса?

Душы і свет, пакалечаныя грахом

Каб добра зразумець вучэнне Нябеснага Настаўніка, нам не трэба забывацца, што мы жывем у свеце, глыбока параненым грахом. Грэх перакручвае і змяняе самыя асноўныя і важныя паняцці ў нашым жыцці. Так, як хвароба ўплывае на наш фізічны стан і робіць цяжкім тое, што для здаровага чалавека з’яўляецца нормай, падобным чынам грэх калечыць духоўнае вымярэнне асобнага чалавека і людской супольнасці.

Божы Сын-Месія прыходзіць у гэты свет, каб вылечыць раны, нанесеныя чалавецтву грахом, і ў першую чаргу Ён клапоціцца пра тых, хто стаў ахвярай зла і несправядлівасці.

Наступствы зла — чалавечага эгаізму — маюць канкрэтныя праявы ў форме беднасці, голаду, слёз адных у той час, як іншыя маюць у сотні і тысячы разоў больш, чым ім трэба, і марнуюць даброты, прызначаныя для таго, каб імі дзяліцца.

Езус абвяшчае, што справядлівы Бог уступіцца за сваіх убогіх, што іх узнагарода будзе вялікая ў перспектыве, не абмежаванай гэтым зямным жыццём, якое можа абарвацца ў любы момант. Аднак, хіба, больш значным з’яўляецца абвяшчэнне шчасця тых, хто ў сваёй беднасці адкрываецца на дар Божага Валадарства — ужо ў гэтым жыцці, нават сярод супраціву і пераследу.

Гаворка не пра нейкі абстрактны прынцып, а пра тое, каб перажываць усе выклікі нашага зямнога існавання разам з Езусам. Ён выбраў шлях салідарнасці з найбольш патрабуючымі, калі дзеля ўцелаўлення Божага плану збаўлення жыў, не маючы «дзе схіліць галаву» (Лк 9, 58), дазволіўшы, каб у Яго адабралі ўсё, што меў, і само жыццё. Езус сваім свабодным выбарам паказвае, што чалавечая беднасць — у самых розных вымярэннях — становіцца прасторай, якую можа запоўніць Бог сваім благаслаўленнем.

У святле гэтай праўды чатыры заклікі, якія распачынаюцца прароцкім выразам «гора вам…», гучаць не як праклён, а як строгае папярэджанне і перасцярога тым, хто ў гэтым зямным жыцці бачыць паўнату свайго шчасця і ў сваёй самадастатковасці не пакідае месца для Бога.

Даброты, задавальненне і весялосць такіх людзей ператвараюцца ў ідалаў, калі не служаць таму, дзеля чаго прызначаныя: гэта значыць, каб быць сродкам камуніі і салідарнасці з іншымі, у першую чаргу з тымі, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе.

Нават калі мы не валодаем надзвычайным багаццем, нам варта рабіць рахунак сумлення наконт таго, ці мы не стварылі сабе ідалаў з рэчаў і звычак, ад якіх нам цяжка адмовіцца, хоць яны відавочна не дапамагаюць будаваць Валадарства Божае вакол нас, не служаць нашай камуніі з Богам і Яго дзецьмі, нашымі бліжнімі.

Уваскрашэнне да вечнага жыцця — наш сапраўдны гарызонт

Апостал Павел у сённяшнім другім чытанні нагадвае нам пра сапраўдны гарызонт нашага існавання: «Калі мы спадзяемся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей». Нават калі мы і не будзем адмаўляць уваскрашэння мёртвых, як гэта рабілі некаторыя карынцяне, да якіх скіроўвае свой ліст Павел, магчыма, ад гэтай праўды нам «ні халодна, ані горача». «Калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная», — кажа апостал.

Уваскрасенне Езуса — цэнтр нашай веры: не як важны, але далёкі ад нашай рэчаіснасці догмат, а як штодзённы шлях разам з жывым Панам — больш жывым і рэальным, чым тое, да чаго мы можам дакрануцца сваімі рукамі.

«Калі Хрыстус не ўваскрос <…> вы далей у грахах вашых», — дадае Павел. Дзякуючы ўваскрасенню Езуса пасля ганебнай смерці, прынятай у салідарнасці з намі, грэшнікамі, мы збаўленыя і адкупленыя ад граху і смерці. Калі гэтая праўда не перамяняе нашае жыццё, тады сапраўды нашая вера марная або напалову мёртвая.

Уваскрасенне — не проста тое, што чакае нас пасля другога прыйсця Хрыста, а тая ласка, дзякуючы якой для нас здзяйсняюцца словы апостала: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу!» (Клс 3, 1–3). «Веру — памажы майму бязвер’ю», — можам мы ўсклікнуць разам з евангельскім персанажам (Мк 9, 24).

Толькі ў святле ўваскрасення Езуса, «Першынца сярод тых, якія заснулі», праслаўленага Пана, можам мы зразумець паўнату Ягонага паслання — Добрай Весткі, праз якую Ён няспынна кліча нас ісці за Ім, станавіцца ўсё больш падобнымі да Яго, супрацоўнічаць з Ім у справе будавання Божага Валадарства — і жадае раздзяліць з намі сваю славу.

Няхай гэты заклік закране сёння нашыя сэрцы і знойдзе ў іх шчодрае жаданне штодзённа адказваць «так» Таму, хто палюбіў нас да канца. Амэн.

Абноўлена 12.02.2022 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа