Пошук

25.01.2010 12:41  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Ер 17, 5–8

Пракляты, хто спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

           Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6  (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

4. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

1 Кар 15, 12. 16–20

Калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з мёртвых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння мёртвых?

Бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос. А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых. Тады загінулі і памерлыя ў Хрысце. І калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.

Але цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, Першынец сярод тых, якія заснулі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

Лк 6, 23аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Радуйцеся і весяліцеся, — кажа Пан, —
бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Лк 6, 17. 20–26

Шчаслівыя ўбогія. Гора вам, багатыя

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.

Тады Ён узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.

Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так  паступалі з прарокамі айцы іхнія.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа