Пошук

13.03.2021 12:00   а. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: 2 Кр 36, 14–16. 19–23;
Пс 137 (136), 1–2. 3. 4–5. 6;
2 чыт.: Эф 2, 4–10;
Ев.: Ян 3, 14–21

Гісторыя народаў: трагедыі і перамогі

Чаму ў гісторыі народаў і супольнасцяў здараюцца тыя ці іншыя падзеі: трагедыі, катаклізмы ці, наадварот, вялікія перамогі, уздымы, перыяды дабрабыту? Гісторыкі дакладна вывучаюць розныя фактары, працэсы, прычынна-выніковыя сувязі, каб даць адказ на гэтае пытанне — і таксама бясконца спрачаюцца наконт розных версій падзей, ролі і адказнасці асобных дзеячаў і груп людзей. На падставе фактаў мінулага іншыя аналітыкі спрабуюць спрагназаваць будучыню, прадказаць, як будуць развівацца далей падзеі для той ці іншай супольнасці і нават для ўсяго свету.

Святое Пісанне па-свойму дае адказ на пытанне пра прычыны перамогаў і паразаў, і сённяшняе першае чытанне з’яўляецца прыкладам такога каментара да гістарычных падзей.

У апошніх вершах Другой кнігі Кронікаў абагульняецца тое, што адбывалася ў Ізраэлі на працягу некалькіх пакаленняў: «Усе кіраўнікі святароў і народа памнажалі беззаконне сваё <…>, здзекваліся з пасланцоў Бога <…>, насміхаліся з прарокаў Ягоных».

Як вядома, тыя, хто трымаюць уладу, маюць вырашальны ўплыў на працэсы ў супольнасці, і наступствам паводзінаў кіраўнікоў Ізраэля становіцца вялікая параза — падзенне Ерузалема, знішчэнне святыні і няволя ацалелых у Бабілёне. Усё гэта адбылося ў 587 г. да Нараджэння Хрыста і на доўгія гады стала прычынай смутку і ляманту выбранага народа (сённяшні рэспансарыйны псальм — прыклад такой журботнай рэакцыі). Яны сапраўды не ведалі, ці змогуць калі-небудзь зноў мець сваю дзяржаву, ці выжывуць як народ.

Для натхнёнага аўтара кнігі Кронікаў прычына такой сітуацыі відавочная: нявернасць Богу, непаслухмянасць Божым заклікам, несправядлівасць і беззаконне. Такая інтэрпрэтацыя можа здавацца надта спрошчанай, бо нібыта не бярэ пад увагу ўсіх тонкасцяў гістарычных працэсаў.

Але Божае слова зноў і зноў перасцярагае ад наступстваў кампрамісаў са злом і на асабістым, і на грамадскім узроўні: яны вядуць да няволі і ў канчатковым рахунку — да смерці: і фізічнай, і, што больш страшна, духоўнай.

Ягнё Божае, узнесенае, каб перамагчы зло

Гэтая перспектыва была б занадта сумнай і поўнай адчаю, калі б не было другой часткі Божай праўды адносна зла. Апошнія радкі Другой кнігі Кронікаў з’яўляюцца «адкрытым фіналам», бо пачынаюць новую старонку ў гісторыі Ізраэля — аповед пра адбудову Ерузалема і святыні дзякуючы ўмяшальніцтву Пана, які сваім дзівосным Провідам мае ўладу дзейнічаць нават праз караля-язычніка Кіра.

Бог не з’яўляецца ініцыятарам пакарання; Ён заўсёды дзейнічае дзеля збаўлення чалавека. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго». Гэтыя радкі Евангелля паводле Яна падсумоўваюць усю гісторыю збаўлення і нагадваюць пра тое, чым «кіруецца» Бог, прымаючы ўдзел у падзеях жыцця паасобных людзей, цэлых народаў і ўсяго свету.

Бог, які ёсць Любоў, не можа мець іншага матыву для сваіх дзеянняў, акрамя любові.

Але задамо сабе са ўсёй шчырасцю пытанне: ці гэтая «квінтэсэнцыя ўсяго Евангелля» (як называюць цытаваныя вышэй радкі некаторыя каментатары) знаходзіць адлюстраванне ў нашай рэчаіснасці? Ці мы бачым і з’яўляемся сведкамі таго, што Бог сапраўды «збаўляе свет», у якім мы жывем? Ці ж не праўда, хутчэй, што ўсё наадварот, калі не закрываць вочы на несправядлівасць, беззаконне, пераслед і насілле нават толькі ў нашай краіне, не кажучы ўжо пра ўвесь свет, у якім столькі войнаў і канфліктаў?

Такія пытанні можна перадусім пачуць ад тых, хто выкарыстоўвае падобныя аргументы, каб давесці адсутнасць Бога, але нам, веруючым, не трэба пазбягаць іх і спяшацца даваць надта лёгкія адказы.

«Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы»: у такой форме ў сённяшнім евангельскім урыўку гучыць прадказанне Пасхі Хрыста. Езус, узнесены на крыжы і менавіта такім чынам праслаўлены, «узвышаны» (евангеліст Ян падкрэслівае тут і паўсюль еднасць цярпення і хвалы Хрыста як Уваскрослага Пана) — вось той «знак», без якога немагчыма даць адказ на пытанне пра рэчаіснасць зла вакол нас — зла, якое з’яўляецца наступствам свабоднага выбару чалавека, але якое бярэ на сябе Ягнё Божае.

Езус, узнесены на крыжы, праз сваю смерць знішчае зло і смерць і становіцца Пераможцам ва ўваскрасенні: гэта Таямніца, у якой мы ўдзельнічаем у кожнай Эўхарыстыі і якая актуалізуецца зноў і зноў дзеля збаўлення свету — у той рэчаіснасці, у якой нам даводзіцца жыць (і якую нам хацелася б «выправіць» па-свойму, калі час ад часу мы на хвіліну бярэм на сябе ролю Бога).

Дзякуючы гэтай веры, як парадаксальна сцвярджае святы Павел у другім чытанні, мы можам ужо цяпер казаць, што «Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе» (менавіта так, як ужо здзейснены факт). Гэтае сцвярджэнне не адмаўляе драматызму ні нашай асабістай і сямейнай гісторыі, ані гісторыі нашага народа, але дазваляе ісці праз цяжкія моманты цярпення і болю з надзеяй, якая паходзіць ад прысутнасці Жывога, Уваскрослага Пана ў нашым жыцці — з той надзеяй, якая «не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5).

Уваскрошаныя любоўю Божай, каб быць яе сведкамі

Падзялюся гісторыяй, якую нядаўна пачуў ад парафіянкі і якая для мяне стала моцным сведчаннем таго, як моц Божая дзейнічае нават сярод найгоршых абставінаў.

Маці гэтай жанчыны падчас Другой сусветнай вайны ва ўзросце 14-і гадоў была вывезеная ў Германію. Там яна амаль што памірала ад голаду ў лагеры, але нямецкая сям’я, у якую яна трапіла як прыслуга, заўважыла яе стан і пакрыху адкарміла яе.

Калі дзяўчына пасля вайны вярталася на радзіму, яе чакалі супрацоўнікі НКУС, гатовыя судзіць як здрадніцу. Шчаслівым збегам акалічнасцяў яе заўважыў знаёмы сям’і і паведаміў бацьку, які здолеў «адкупіць» яе на апошнія сродкі, а потым сям’я вымушана была хаваць яе на хутары на працягу двух гадоў. Шмат гадоў пазней, калі яна ўжо ў даволі немаладым узросце зацяжарала ў чацвёрты раз, лекары гатовыя былі рабіць аборт, але яна адмовілася — і такім чынам перада мною сядзела яе дачка, маці двух дзяцей, якая сведчыла пра ўсё гэта.

Моц Уваскрослага Пана здзяйсняе цуды ў нашым жыцці; вера і надзея на Яго адкрывае нас для яшчэ большых цудаў.

Як нагадвае нам сёння святы Павел, «мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы ў іх жылі», то бок каб з’яўляліся жывымі сведкамі Ягонай моцы, якая перамагае зло, не адказваючы на яго злом, а любоўю, якая ідзе дзеля нас да канца, на крыж. Калі ж мы глядзім на крыж, мы бачым не толькі наступствы зла, якія цярпеў наш Пан за нас, але і славу Ягонага ўваскрасення. Няхай Ён Духам Святым учыніць нас сведкамі Яго перамогі. Амэн.

Абноўлена 13.03.2021 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.