Пошук

25.01.2010 12:40  
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
2 Кр 36, 14–16. 19–23
Гнеў і міласэрнасць Пана выявіліся праз выгнанне і вызваленне народа
 

Чытанне Другой кнігі Кронікаў.

У тыя дні:

Усе кіраўнікі святароў і народу памнажалі беззаконне сваё, ідучы следам за ўсёй агідай язычнікаў, і зняславілі дом Пана, які Ён асвяціў у Ерузалеме.  І Пан, Бог айцоў іхніх, пасылаў штодня праз пасланцоў сваіх, устаючы рана, перасцярогі, бо шкадаваў народ свой і жыллё сваё. Але яны здзекаваліся з пасланцоў Бога, і пагарджалі словамі Ягонымі, і насміхаліся з прарокаў Ягоных, пакуль не ўзняўся гнеў Пана на Ягоны народ і не было больш ніякага ратунку.

І падпалілі ворагі дом Божы, і разбурылі мур Ерузалема, і спалілі ўсе ўмацаванні агнём, а ўсё, што было каштоўнае, знішчылі. Тых жа, хто пазбегнуў мяча, павялі ў Бабілён, дзе яны сталі слугамі караля і сыноў ягоных, пакуль не пачаў валадарыць кароль персідскі, каб споўнілася слова Пана, сказанае вуснамі Ераміі: Пакуль зямля не нацешыцца суботамі сваімі, ва ўсе дні спусташэння свайго будзе святкаваць шабат на працягу сямідзесяці гадоў.

У першы год валадарання караля персаў Кіра — каб споўнілася слова Пана, сказанае вуснамі Ераміі, – Пан абудзіў дух Кіра, караля персаў, які загадаў абвясціць ва ўсім валадарстве сваім пісьмова і вусна, кажучы:

Так кажа Кір, кароль персаў: Усе валадарствы зямныя даў мне Пан, Бог нябёсаў, і Ён наказаў мне пабудаваць Яму дом у Ерузалеме, што ў Юдэі. Хто з вас паходзіць з народу Ягонага, няхай ён ідзе туды, а Пан Бог ягоны няхай будзе з ім.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

          Пс 137 (136), 1–2. 3. 4–5. 6 (Р.: 6)

Рэфрэн: Узніму Ерузалем на вяршыню маёй радасці.

1. Над рэкамі Бабілёна сядзелі мы і плакалі, *
калі ўспаміналі пра Сіён.
2. На вербах пасярод яго *
павесілі мы нашыя арфы.

Рэфрэн:

3. Бо тыя, хто ўзяў нас у палон, *
патрабавалі ад нас песняў,
а прыгнятальнікі нашыя — вяселля: *
Заспявайце нам адну з песень Сіёну.

Рэфрэн:

4. Як жа нам спяваць песні Пана *
на чужой зямлі?
5. Калі забуду цябе, Ерузалем, *
няхай адсохне мая правіца.

Рэфрэн:

6. Няхай прыліпне язык мой да паднябення майго, *
калі не буду памятаць пра цябе,
калі не ўзніму Ерузалем *
на вяршыню маёй радасці.

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Эф 2, 4–10

Мёртвыя з-за грахоў, вы збаўлены ласкай

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:  

Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе, каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе.

Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Бо мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы ў іх жылі.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Ян 3, 16
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага;
кожны, хто верыць у Яго, мае жыццё вечнае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 3, 14–21

Бог паслаў Сына, каб свет быў збаўлены праз Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус сказаў Нікадэму:

Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа