Пошук

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

1 чыт.: Мдр 6, 12–16;
Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 7–8
2 чыт.: 1 Тэс 4, 13–14
Ев.: Мц 25, 1–13

Чытанні апошніх нядзель літургічнага года ўтрымліваюць папярэджанні аб падрыхтоўцы да канца нашага свету, канца нашага часу і нашага пераходу ў іншы свет. Слова Божае запрашае задаць сабе пытанне, ці гатовыя мы да гэтых падзеяў і як мы да іх рыхтуемся.

Для такой падрыхтоўкі неабходна мець сэрца, якое шукае і назірае, якое вядзе да жывой, дынамічнай веры ў Бога.

Адны і тыя ж хрысціяне, якія ходзяць у касцёл і прагнуць трапіць на Неба, могуць насамрэч ісці ў супрацьлеглых кірунках: ад зла да дабра і, наадварот, ад дабра да зла. Вобразам гэтага з’яўляецца прыпавесць пра неразумных і мудрых паннаў, якія, паводле габрэйскага звычаю, удзельнічалі ў вяселлі ў якасці «сябровак нявесты», як мы называем іх у наш час.

Паколькі вяселле было асаблівай нагодай, уся вёска выстройвалася ў чаргу ўздоўж дарогі, каб пажадаць Божага благаслаўлення нявесце, якую жаніх праводзіў у працэсіі ў новы дом. Запрошаныя далучаліся да працэсіі, якая пачыналася ад дому нявесты і накіроўвалася да дому жаніха, каб прыняць удзел у тыднёвым святкаванні. Паколькі жаніх мог прыйсці вечаровай парою, сяброўкі нявесты з паходнямі ў руках і начыннямі алею асвятлялі дарогу вясельнай працэсіі. Дзесяць паннаў з прыпавесці ўдзельнічалі ў адным вяселлі, але па-рознаму былі да яго падрыхтаваныя.

…Аднойчы падчас заняткаў у нядзельнай школцы катэхетка вырашыла даведацца, ці разумеюць вучні, як трапіць на неба. Яна спыталася ў іх: «Калі б я прадала свой дом і машыну ды іншую маёмасць і аддала ўсе свае грошы Касцёлу, ці патрапіла б я на Неба?» «Не!» — адказалі дзеці. «Калі б я кожны дзень малілася і прыбірала касцёл, ці патрапіла б я на Неба?» Зноў жа, адказ быў: «Не!» «А калі б я была добрая да жывёл, давала цукеркі дзецям і любіла свайго мужа, гэта прывяло б мяне да Неба?» І зноў усе адказалі: «Не!» «Дык як жа, — працягвала катэхетка, — трапіць да Неба?». Пяцігадовы хлопчык закрычаў: «Для гэтага табе трэба памерці!» Часта мы думаем таксама, як гэты пяцігадовы хлопчык, што Неба, Божае Валадарства — гэта далёкая перспектыва.

Нам неабходна быць дастаткова мудрымі, каб заўсёды быць гатовымі да таго моманту, калі Бог пакліча нас да сябе. Нам неабходна быць гатовымі да любога ўмяшальніцтва Бога ў нашую жыццёвую гісторыю.

Мудрыя хрысціяне знаходзяць Езуса ў самых звычайных перажываннях штодзённага жыцця — у людзях, якіх яны сустракаюць, у падзеях, якія адбываюцца, і ў сітуацыях, у якіх яны апынуліся — і яны старанна робяць свой штодзённы выбар для Бога. Яны гатовыя рэалізаваць запаведзь любові, праяўляючы дабрыню, міласэрнасць і прабачэнне.

Давайце ж пастараемся, каб нашыя светачы былі падрыхтаваныя на апошнія дні нашага жыцця. Такая духоўная гатоўнасць з’яўляецца вынікам выпрацаваных добрых звычак.

Мы не можам спадзявацца толькі на нядзельную Імшу, каб задаволіць усе нашыя духоўныя патрэбы. Задавальненне духоўных патрэб і само духоўнае развіццё прыходзяць праз руцінную штодзённую ўвагу да звычайных духоўных практык. Мы адкрываемся для атрымання Божых ласкаў, знаходзячы час на прыватную і супольную малітву; праз чытанне Божага Слова; сакрамэнтальнае жыццё; шляхам служэння іншым і маральную вернасць у захаванні запаведзей. Калі гэтыя практыкі становяцца звычайнымі, яны перастаюць быць барацьбой і пачынаюць быць крыніцай сілы і благаслаўлення.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця