Пошук

02.01.2021 08:52   Тэкст: а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Radiomaria.it

1 чыт.: Сір 24, 1–2. 8–12;
Пс 147, 1–2. 3–4. 8–9;
2 чыт.: Эф 1, 3–6.15–18;
Ев.: Ян 1, 1–18

Слова, праз Якое ўсё сталася

Ужо мінула актава Божага Нараджэння, але ў сённяшняй літургіі далей гучыць абвяшчэнне Уцелаўлення Божага Сына. Урачысты стыль евангеліста Яна вельмі адрозніваецца ад аповедаў, якія мы чытаем у Мацвея і Лукі. Сінаптычныя Евангеллі ўказваюць на сціпласць (хоць адначасова і незвычайнасць) прыйсця Езуса ў гэты свет, а Ян заклікае нас «нырнуць» і пагрузіцца ў самую глыбіню таямніцы Слова, якое існуе ў вечнасці і становіцца целам, пачынаючы існаваць у часе.

Адкрываючы сваё Евангелле словамі «на пачатку», Ян адсылае нас да першых словаў Старога Запавету: «На пачатку стварыў Бог…» Бог стварае ўсё існуючае словам Сваіх вуснаў: «І сказаў Бог <…> І сталася». Але цяпер мы ведаем, што Слова, праз Якое ўсё сталася — не проста вібрацыя Божага голасу, а Божая Асоба — Адзінародны Сын, роўны Айцу ў хвале. Ён, сапраўдны Бог, стаіць на пачатку ўсяго не толькі ў храналагічным сэнсе. «Пачатак» азначае таксама «крыніца, аснова, прыярытэт».

Першыя радкі Евангелля паводле Яна — запрашэнне для нас убачыць нанава, што з’яўляецца сапраўдным пачаткам — асновай, сутнасцю і прыярытэтам нашага жыцця ў святле той навіны, якую адкрывае спрадвечнае Слова, прымаючы чалавечае цела і душу.

«Бачылі мы славу Ягоную», — чытаем мы ў Пралогу чацвёртага Евангелля, і тут лепш перакласці «сузіралі мы славу Ягоную», бо Ян выкарыстоўвае адмысловы дзеяслоў, які адрозніваецца па значэнні ад звычайнага «бачыць». Сузіраць — значыць не проста глядзець павярхоўна, але ўмець заўважыць самую сутнасць рэчаў. У наш час шалёнага тэмпу жыцця і хуткага доступу да інфармацыі ўменне сузіраць, затрымліваючыся над тым, што істотнае, — асабліва рэдкая цнота.

У хрысціянскай традыцыі словам «сузіранне» (ці «кантэмпляцыя» ў лацінскім адпаведніку) названы адмысловы спосаб малітвы, які патрабуе ад верніка суцішанасці і засяроджанасці. Розныя духоўныя аўтары па-свойму тлумачаць метад сузіральнай малітвы, але яе сутнасць — дазволіць Богу сваім святлом паказаць нам сапраўдны стан рэчаў, які хаваецца за павярхоўнасцю нашага звычайнага чалавечага ўспрымання.

Святы Ігнацый Лаёла ў «Духоўных Практыкаваннях» называе сузіраннем спосаб малітвы, у якім вернік уяўляе евангельскую сцэну так, нібыта сам з’яўляецца ўдзельнікам евангельскіх падзей, дазваляючы, каб жывое слова Евангелля закранала яго рэчаіснасць і перамяняла яе. Такі метад адпавядае нашаму перакананню ў духу веры, што спрадвечнае Слова звяртаецца да нас праз словы Пісання, і ў першую чаргу праз Евангеллі, якія апавядаюць нам пра жыццё і вучэнне Уцелаўлёнага Божага Сына.

Святло праўдзівае

«Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет», — кажа евангеліст Ян пра Таго, каго называе Словам і Адзінародным Айца. Так, як для фізічнага жыцця неабходнае святло фізічнае, для духоўнага жыцця мы маем патрэбу ў праўдзівым, духоўным Святле.

Гэтае Святло заўсёды, і да Уцелаўлення, асвятляла кожнага чалавека, бо паводле вобразу Яго, умілаванага Сына, мы створаныя як свабодныя і ўмілаваныя асобы.

Але свабода прадугледжвае магчымасць адвярнуцца ад Святла, і менавіта пра гэта кажа таксама Ян ва ўводзінах да Евангелля, узгадваючы рэчаіснасць цемры. Духоўная цемра стала часткай гісторыі чалавецтва: такім чынам сваёй паэтычнай мовай евангеліст апісвае тую драму, усярэдзіну якой уваходзіць Божы Сын.

«Святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго»: часам нам можа здавацца, што цемра перамагае, што яна гатовая паглынуць святло — асабліва тады, калі ў нашым асабістым ці грамадскім жыцці зло, несправядлівасць, хаос здаюцца мацнейшымі за дабро, пашану і любоў. Але менавіта ў такія моманты ў нас ёсць магчымасць звярнуцца да гэтай праўды, якую нам даводзіцца прымаць у веры і надзеі, без тых гарантый, да якіх мы прызвычаены «зямной» логікай. Менавіта ў такія моманты мы найбольш маем патрэбу звярнуцца да Святла, якое ёсць адзінай сапраўднай крыніцай нашай надзеі.

«Святло свеціць у цемры», і хоць цемра пакуль існуе, але мы верым і ведаем, што Святло пераможа.

Наша вера ад самага пачатку пасхальная — Божае Ягнё забітае, але ўваскрасае: Святло перамагае менавіта тады, калі здаецца, што цемра канчаткова ўзяла верх.

У гэтым жыцці нам даводзіцца сутыкнуцца з моцай цемры, але наступіць момант, як кажа кніга Апакаліпсіса, калі «ночы не будзе», бо цемра будзе пераможана назаўсёды і светачам святога горада, Новага Ерузалема, будзе Баранак (пар. Ап 21,25.23).

Народжаныя ад Бога

«А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
тым, хто верыць у імя Ягонае,
хто ні ад крыві,
ні ад жадання цела,
ні ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіўся».

Прыняць Святло ў сваё жыццё — значыць жыць не толькі ў зямным, матэрыяльным вымярэнні, а адкрыць усю глыбіню нашай тоеснасці і Божага абяцання. З аднаго боку, мы носім у сабе генатып нашых бацькоў і, хоць становімся дарослымі, ніколі не перастаем быць іх дзецьмі; можна сказаць, што «сіла» іх бацькоўства дзейнічае ў нас праз усё жыццё.

Евангеліст Ян кажа нам пра іншую праўду: мы нараджаемся не толькі ў фізічным сэнсе, як дзеці нашых бацькоў, але таксама як дзеці самога Бога, прычым не ў нейкім пераносным, метафарычным значэнні: гэта праўда акрэслівае нас у самай сутнасці нашай істоты.

Як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, «таямніца чалавека па-сапраўднаму высвятляецца толькі ў таямніцы ўцелаўлёнага Слова <…> Бо Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам аб’яднаўся з кожным чалавекам» (Gaudium et Spes, 22). Езус, становячыся адным з нас, адкрывае, што быць чалавекам — насамрэч быць больш, чым «проста» чалавекам. Гэта значыць бачыць, «сузіраць» у сабе — і ў бліжнім — Божае аблічча.

Нашым «духоўным генатыпам» ёсць Езус, умілаваны Сын Айца, які жыве вечна, які аддае ўсяго сябе ў паслухмянасці і любові Айцу і нам, бо такім чынам адказвае на любоў Айца і знаходзіць сябе. Няхай у гэты літургічны перыяд Божага Нараджэння мы са здзіўленнем і захапленнем будзем сузіраць гэтую праўду і жыць паводле яе як умілаваныя Божыя дзеці.

Абноўлена 02.01.2022 08:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.