Пошук

19.12.2020 17:21   а. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: 2 Сам 7, 1–5. 8b–12. 14а. 16

Пс 89 (88), 2–3. 4–5. 27 і 29

2 чыт.: Рым 16, 25–27

Ев.: Лк 1, 26–38

Звеставанне: жаданне Божага Сэрца ўратаваць свет

У гэтую чацвёртую нядзелю Адвэнту, за некалькі дзён да святаў Божага Нараджэння, Літургія слова ў Евангеллі ставіць перад нашымі вачыма той момант, які кожны раз узгадваем, молячыся «Вітай, Марыя» — калі пасля прыняцця Марыяй місіі Маці Збаўцы, Божы Сын пачынае існаваць у Яе ўлонні.

Святы Ігнацый Лаёла ў «Духоўных практыкаваннях», прапаноўваючы для малітоўнага сузірання гэтую сцэну, запрашае таксама ўявіць, як Бог глядзіць на свет і хоча збавіць людзей, якім даў існаванне паводле свайго вобразу і падабенства.

Даволі просты ў сваім апісанні эпізод Звеставання хавае ў сабе таямніцу бясконцай любові Бога і жадання прыйсці на дапамогу чалавецтву, якое заблукала і патрабуе ратунку.

Каб па-сапраўднаму прыняць Божага Сына, які прыходзіць як наш Збаўца, нам трэба ўсвядоміць, як моцна наш свет і сёння патрабуе збаўлення, і адчуць глыбокае жаданне Божага Сэрца прыйсці да нас у Яго міласэрнасці і любові, каб аздаравіць нашыя раны. Мы, хрысціяне, пакліканыя адчуць кожнай частачкай нашай істоты малітву: «Марана-та! Прыйдзі, Пане!»

Евангельская падзея Звеставання засяроджвае нашу ўвагу на Марыі, якой адведзена ўнікальная місія ва ўсёй гісторыі збаўлення, і на Яе рэакцыі на словы арханёла Габрыэля. Бясконцую колькасць разоў хрысціянскія аўтары разважалі над гэтай дзіўнай праўдай: ад адказу Марыі залежыць лёс чалавецтва.

Будучая Маці Божага Сына прадстаўлена не як пасіўная і бясстрасная асоба, але як тая, хто мае свае эмацыйныя рэакцыі і задае пытанні. Сапраўдныя адносіны з Богам не выключаюць момантаў збянтэжанасці і пытанняў пра тое, «як станецца гэта». Нават Марыі, як шматлікім іншым дзеючым асобам гісторыі збаўлення да Яе, трэба было пачуць ад анёла: «Не бойся!»

Напэўна, тая перспектыва, якую адкрываў Ёй Габрыэль, здавалася ашаламляльнай, і Марыя не магла ў той момант зразумець усяго, што тлумачыў Ёй Божы пасланец. Як мы ведаем ад евангеліста Мацвея, заклік анёла не баяцца не азначаў, што ў Марыі не будзе ніякіх праблем і што Ёй нібыта забяспечана бясхмарнае існаванне: Яе будучы муж Юзаф хацеў аддаліць Яе, пакуль не даведаўся ад анёла, адкуль у Марыі дзіця.

Зноў і зноў у нашым жыцці Пан звяртаецца да нас: «Не бойся!»

Яго словы не азначаюць, што Ён выдаліць усе нашыя праблемы, але што Ён з намі ў любых абставінах: «Пан з табою» — вось Ягонае імя. Наш Бог, які прыходзіць, — Эммануэль, «з намі Бог».

Бог, які прагне стаць целам у нашым целе

Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства айцы Касцёла бачылі ў таямніцы Звеставання не проста гістарычны момант, калі Сын Божы становіцца матэрыяльна часткай гэтага свету, прымаючы чалавечае цела і душу, але таксама той спосаб дзеяння Бога, праз які Ён жадае далей ва ўсе часы ўваходзіць у нашу рэчаіснасць.

Пан скіроўвае да чалавека сваё слова і чакае нашага адказу — не прымушае, але хоча нашага свядомага супрацоўніцтва, паважаючы нашу свабоду, бо менавіта яна найвыразней адлюстроўвае Божы вобраз у нас.

У гэтым сутнасць «паслухмянасці веры», пра якую кажа святы Павел і якой мы вучымся ад Марыі: Бог пасылае да нас сваё слова, каб мы прынялі яго і яно сталася целам у нас, у нашым жыцці, у нашым разуменні і бачанні, у нашых канкрэтных адносінах і дзеяннях. Бог заўсёды шчодра апярэджвае нас сваёй ласкай, якая дазваляе нам прымаць Ягоны заклік.

Мы праслаўляем Марыю, якая захавала хвалу дзявоцтва і да, і пасля нараджэння Божага Сына, але, як вучыць ІІ Ватыканскі Сабор, не менш важным з’яўляецца іншае вымярэнне Яе дзявоцтва — чысціня Яе веры, гэта значыць поўная гатоўнасць заўсёды адказаць «так» на Божы заклік, дзякуючы чаму Яна і надалей застаецца Маці і прыкладам для ўсіх адроджаных праз хрост у Хрыстовым Касцёле (пар. LG 63).

Марыя з’яўляецца для нас узорам веры ў тое, што «для Бога няма нічога немагчымага»: Бог заўсёды адкрывае для нас перспектывы, якія мы не ў стане ўявіць нашым чалавечым разуменнем.

Кароль Давід, атрымаўшы мноства ласкаў і дароў ад Бога, адчуў жаданне аддзячыць Пану і збудаваць для Яго дом — святыню. У адказ Давід атрымлівае не згоду на сваю прыгожую задуму (бо для яе яшчэ не прыйшоў час), але абяцанне, што з яго «дому» — роду —  народзіцца такі Кароль, валадарству якога «не будзе канца».

Бог не адкідае добрую волю Давіда: Давід можа скіраваць яе на шмат іншых добрых справаў; Пан у чарговы раз у гісторыі збаўлення паказвае, што Ягонае абяцанне, з якім ідзе вялікая ўзнагарода, перавышае любое чалавечае ўяўленне.

Таксама ў нашым жыцці не ўсе добрыя жаданні знаходзяць уцелаўленне па розных прычынах, але гэта не значыць, што нам трэба спыніцца і перастаць марыць пра тое, як мы можам наблізіць Валадарства Божае і павялічыць Ягоную хвалу тут, на зямлі, слухаючы і адказваючы на Божае слова. Наш Айцец нябесны праз дзеянне ласкі Духа Святога няспынна запрашае нас успрымаць наша жыццё ў святле гісторыі збаўлення, у якой мы ўцелаўляем унікальную і непаўторную частку, імкнучыся станавіцца ўсё больш падобнымі да Божага Сына.

Няхай святкаванне Божага Нараджэння, да якога мы рыхтуемся, дапаможа нам менавіта ў гэтым святле ўспрымаць сваё жыццё. Марана-та! Прыйдзі, о Пане!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.