Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе Пастырскае пасланне да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
АДВЭНТ — ЗАКЛІК ДА НАДЗЕІ
Пасланне на Першую нядзелю Адвэнту 2023 года
«Радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў, і ўсё па-сапраўднаму чалавечае знаходзіць водгук у іх сэрцах. Таму што іх супольнасць складаецца з людзей, з’яднаных у Хрысце, якія ў сваёй пілігрымцы накіроўваюцца Духам Святым да Валадарства Айца і якія прынялі навіну збаўлення, каб прадставіць яе ўсім. Таму гэта супольнасць адчувае сябе сапраўды звязанай з чалавецтвам і ягонай гісторыяй» (Gaudium et spes, 1)
Дарагія браты і сёстры!
У нядзелю 3 снежня новым літургічным перыядам, які называем Адвэнтам, мы распачынаем чарговы літургічны год. Гэты перыяд нагадвае нам, што вектар хрысціянскага жыцця з’яўляецца чаканнем канчатковага прыйсце Хрыста напрыканцы часоў.
Езус заклікае сваіх вучняў і ўсіх нас быць пільнымі і чуваць на малітве, каб наш дух быў моцным, бо не ведаем таго моманту, калі Хрыстус прыйдзе ў другі раз. Гэта нагадвае нам аб падвойным значэнні Адвэнту, які засяроджваецца на падрыхтоўцы да святкавання Нараджэння Езуса Хрыста ў Яго першым Адвэнце і на чаканні вяртання Хрыста Валадара Сусвету ў Яго «другім Адвэнце», гэта значыць, падчас другога прыйсця Хрыста напрыканцы часоў.
У адным сваім разважанні на пачатак Адвэнту Папа Францішак падкрэсліў: «Адвэнт — гэта пастаянны заклік да надзеі. Гэты перыяд нагадвае нам, што Бог прысутнічае ў гісторыі, каб весці яе да канчатковай мэты і весці нас да яе паўнаты, якою з’яўляецца Езус Хрыстус. Бог заўсёды прысутны ў гісторыі чалавецтва <…> Бог не знаходзіцца недзе далёка, Ён заўсёды з намі, вельмі блізка, Ён стукае ў дзверы нашага сэрца. Бог ідзе побач з намі, каб падтрымаць нас» (З разважання Папы Францішка перад малітваю «Анёл Панскі», 29 лістапада 2020 г.).
Браты і сёстры. Чытанні Святога Пісання, выбраныя для Адвэнту, рыхтуюць нас да прыйсця Хрыста. Напрыклад, у першым чытанні на сённяшнюю нядзелю прарок Ісая рашуча заклікае ў сваіх малітвах, каб Бог прыйшоў у свет і зрабіў яго лепшым: «Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля пакаленняў спадчыны Тваёй. О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў, расталі б перад Табою горы» (Іс 63, 17–19). Прарок заўважыў, што людзі пакінулі Бога і вырашылі ісці за сваімі жаданнямі. Яны хацелі карыстацца сваёю свабодай і пры гэтым лічылі, што Бог павінен быць на адлегласці «выцягнутай рукі» і заўсёды патакаць жаданням чалавека. Сучасныя бацькі, настаўнікі, выхавацелі, сапраўдныя вернікі, якія ўсведамляюць, што наш свет стаў маральна кволым, таксама настойліва моляцца аб аднаўленні маральнага парадку, аб адраджэнні хрысціянскіх традыцый.
Адначасова сёння можна назіраць адыход ад веры многіх людзей, якія прымаюць стыль жыцця, у якім ужо няма месца для Бога. Таму Папа Францішак падкрэслівае, што надзея, народжаная з Евангелля, заключаецца не ў пасіўным чаканні лепшага заўтра, але ў рэалізацыі абяцання Божага збаўлення сёння. Хрысціянская надзея — гэта не нейкі наіўны аптымізм тых, хто чакае, што ўсё само сабою зменіцца, працягваючы жыць так, як ім падабаецца. Сапраўдны хрысціянін, на думку Пантыфіка, кожны дзень канкрэтнымі дзеяннямі будуе Валадарства любові, справядлівасці і братэрства, якому даў пачатак Езус. Гэта тое, што сёння патрабуецца ад нас — быць нястомнымі будаўнікамі надзеі; быць святлом, калі засланяецца сонца; быць сведкамі спагады, «быць адчувальнай прысутнасцю сярод усеагульнай абыякавасці», як кжа Папа.
Мае дарагія, мы шмат разоў чулі, што Пан прысутнічае на нашым шляху, што Ён суправаджае нас і прамаўляе да нас. Але, магчыма, гэтая ісціна застаецца для нас толькі тэарэтычнай, або мы ўяўляем, што Пан прыходзіць незвычайным чынам, магчыма, праз нейкі відавочны знак. Аднак Езус кажа, што адбудзецца так, «як у дні Ноя». І што людзі рабілі ў дні Ноя? Адбываліся простыя, будзённыя справы жыцця: людзі «елі і пілі, жаніліся». Памятайма: Бог «скрываецца» ў самых звычайных сітуацыях нашага жыцця. Ён прыходзіць у нашых штодзённых справах, у нашай працы, у выпадковых, здавалася б, сустрэчах, у абліччы чалавека, якому патрэбна нашая дапамога.
Нават у нашых шэрых і манатонных днях прысутнічае Пан, які кліча нас, прамаўляе да нас і натхняе нашыя дзеянні. Езус кажа пра людзей часоў Ноя, што яны елі і пілі, «і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў іх усіх». Звярніце ўвагу: яны нічога не заўважылі!.. Яны былі заглыблены ў свае ўласныя справы і не ўсведамлялі, што надыходзіць патоп. Сапраўды, Езус кажа, што калі Ён прыйдзе, «на полі будуць двое: адзін возьмецца, другі пакінецца». У якім сэнсе? Чаму так адбудзецца? Бо адзін з іх быў чулы, здольны заўважаць прысутнасць Бога і другога чалавека ў штодзённым жыцці, а другі быў засяроджаны толькі на сабе, нікога і нічога не заўважаў.
Любоў да Бога і бліжняга — гэта першая і сама галоўная запаведзь. Святое Пісанне вучыць, што любоў да Бога — неадрыўная ад любові да бліжняга. «Усе іншыя запаведзі змяшчаюцца ў адным наказе: „Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону» (Рым 13, 9-10; пар. 1 Ян 4, 20).
Умілаваныя браты і сёстры, пра гэты наказ мы павінны памятаць кожны дзень. І не толькі памятаць, але імкнуцца зрабіць усё, каб належным чынам рэалізаваць яго. Мы радыя, што ў многіх парафіях нашай архідыяцэзіі на працягу многіх гадоў вядзецца актыўная дабрачынная дзейнасць. Пачынаючы з мінулага году рэлігійная місія «Дабрачыннае Каталіцкае Таварыства Сaritas» нашай архідыяцэзіі пачала дапамагаць парафіям у развіцці сацыяльнай дзейнасці. Супрацоўнікі Карытас праводзяць у парафіях сустрэчы для валанцёраў, а таксама розныя адукацыйныя мерапрыемствы, вучаць ажыццяўляць, каардынаваць, распаўсюджваць дабрачыннасць і сведчыць пра яе. Гэта прыносіць карысць, надзею і радасць не толькі тым канкрэтным людзям, якім патрэбна дапамога, але і валанцёрам, што далучыліся да гэтага праекта, знаёмячыся з новым цікавым вопытам. У некаторых парафіях людзі, якія шукаюць глыбейшых адносін з Богам, прыйшлі ў касцёл у якасці валанцёра і праз гэтыя «адчыненыя дзверы» сустрэлі Хрыста. Валанцёры часта чуюць ад сваіх падапечных: «Я ведаю, што Бог любіць мяне, таму што ты прыйшоў мне на дапамогу, і я адчуў Яго любоў праз цябе».
Мае дарагія, парафіяльныя суполкі «Карытас» кіруюцца прынцыпам: слухаць, назіраць, распазнаваць, каб падбадзёрыць. Валанцёры імкнуцца ўбачыць патрэбы і праблемы, якія існуюць на тэрыторыі парафіі, арганізоўваюць добрыя справы, заахвочваюць парафіянаў да дабрачыннай актыўнасці, і самае галоўнае, выконваючы запаведзі Езуса Хрыста, яны з’яўляюцца сапраўдным прыкладам бескарыслівай і дзейснай хрысціянскай любові да бліжніх, бо сутнасць назвы гэтай арганізацыі: Caritas — любоў.
Браты і сёстры, кажадана, каб у кожнай парафіі дзе гэта магчыма, быў створаны парафіяльны «Карытас», дзейнасць якога адпавядала б яго мэтам. Гэта сродак, які дапамагае парафіяльнай супольнасці даваць штодзённае сведчанне хрысціянскай любові ў адносінах да тых людзей, якім так патрэбна дапамога. Валанцёры аказваюць матэрыяльную дапамогу і духоўную падтрымку дзецям, людзям рознага сацыяльнага стану, займаюцца арганізацыяй дабрачынных акцый і цікавых мерапрыемстваў не толькі ў сваёй парафіі, але і ў дамах-інтэрнатах, сацыяльных цэнтрах і дзіцячых прытулках.
Мае дарагія, для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю «Карытас», у другую нядзелю Адвэнту Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае іаварыства Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арганізуе сустрэчу валанцёраў у мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі.
Умілаваныя браты і сёстры, перыяд Адвэнту актывізуе ўсіх нас будаваць духоўныя планы, як найлепш прыняць Езуса на свята Божага Нараджэння. Вось яшчэ некаторыя прапановы, як гэта можна рэалізаваць. Па-першае, варта актывізаваць, ажывіць сваё малітоўнае жыццё; наведваць святую Імшу не толькі ў нядзелю, але разам са сваімі дзеткамі ўдзельнічаць у Раратняй — Марыйнай — Імшы на світанні, а ў будні чытаць Святое Пісанне аб Звеставанні і Нараджэнні Божага Сына Езуса Хрыста. Па-другое, неабходна паразважаць і ўспомніць, ці ёсць людзі, якім мы павінны прабачыць, а таксама пажадана зрабіць падрабязны рахунак сумлення, каб убачыць свае правіны, у якіх мы хацелі б прызнацца ў сакрамэнце пакаяння. Па-трэцяе, што датычыць калядных падарункаў, давайце падумаем не толькі пра сваю сям’ю і нашых блізкіх, але заўважым вакол сябе людзей, якія трапілі ў складаную сітуацыю, адчуваюць пакінутасць і нястачу.
Дарагія браты і сёстры, тое, што мы ў гэтыя дні ізноў разважаем, як плённа перажыць новы Адвэнт, азначае, што мы просім Бога, каб дапамог нам пераадольваць наш эгаізм і спакусы злога духа. Апошняе слова заўсёды за Богам! Усім тым, хто хацеў бы апусціць рукі ў змаганні за святасць свайго жыцця, хацелася б нагадаць, што жыццё з Богам найбольш шчаслівае і высакароднае. Аднак шчасце само не прыходзіць, яму трэба выйсці насустрач.
На плённае перажыванне святога часу актыўнага чакання прыйсця Збаўцы, Адвэнту, даручаючы ўсіх нас апецы Багародзіцы Марыі, ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 21 лістапада 2023 г.,
успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.