Пошук

03.12.2023 09:19   Catholic.by
Фота: Samaranin.by

На пачатак Адвэнту, які сёлета распачынаецца 3 снежня, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе адмысловы ліст да дзяцей, у якім тлумачыць маленькім вернікам сэнс падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.

ЛІСТ ДА ДЗЯЦЕЙ
НА АДВЭНТ 2023 ГОДА

Вось Пан Бог надыходзіць,
Са святымі прыбывае,
І святло ўсім заяснее.
Аллелюя, аллелюя!

(Песня «Вось Пан Бог надыходзіць»)

Дарагія дзеці,
наймалодшыя вернікі нашай архідыяцэзіі!

Звяртаюся да вас як ваш біскуп і ваш сябра на пачатку новага літургічнага перыяду, які называем Адвэнтам. Мы называем яго таксама радасным чаканнем Нараджэння нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Прыходзячы ў касцёл, мы бачым асаблівыя сімвалы падрыхтоўкі да гэтай радаснай падзеі. Па шматгадовай традыцыі, у святынях змяшчаецца Адвэнтавы вянок, зроблены з зялёных галінак. Унутры гэтага вянка ўсталяваны чатыры свечкі. Тры з іх — фіялетавага колеру, а адна — ружовага. Гэты Адвэнтавы вянок мае багатую сімволіку: святло, зеляніна і кола азначаюць супольнасць, якая ў любові і радасці чакае прыйсця Пана. Яркае святло кожнай свечкі — гэта сімвал Хрыста, які ёсць нашым Святлом.

Усяго ў Адвэнце чатыры нядзелі. У кожную нядзелю мы будзем па чарзе запальваць па адной свечцы. Сёння, калі запальваем першую свечку, мы молімся да Езуса, просячы Яго ўвайсці ў нашыя сэрцы, каб Ён назаўсёды пасяліўся ў іх і каб мы любілі Яго. Дзякуючы гэтаму мы можам стаць больш падобнымі да Яго, каб мы маглі несці святло Хрыста ўсім людзям, якіх мы сустрэнем у сваім жыцці.

Любыя дзеткі, Хрыстус, які прыйшоў на гэты свет дзве тысячы гадоў таму, прыходзіць да нас у святой Камуніі, праз словы Евангелля, і гэта вялікая таямніца нашай веры. Вы добра ведаеце, што таямніцу часам цяжка разгадаць. Таму гэты час Адвэнту вельмі важны для кожнага з нас. Часам людзі могуць прайсці міма таямніцы, не заўважыўшы яе. У гэтую пару года вы ўбачыце людзей, якія спяшаюцца ў крамы, купляюць падарункі, увогуле людзі занятыя рознымі справамі. На жаль, некаторыя людзі, нават дарослыя, часта не ведаюць, як падрыхтавацца да свята Нараджэння Хрыста. А можа, яны проста забыліся, як гэта рабілі іх бабулі і дзядулі?..

Таму Касцёл прапануе людзям парады, каб падрыхтоўка да свята Божага Нараджэння была плённай. У Касцёле адведзена чатыры тыдні на такую падрыхтоўку, бо гэта настолькі вялікая таямніца, што да яе патрэбна як след падрыхтавацца. У гэты час мы сімвалічна разам з Марыяй і Юзафам знаходзімся на шляху ў Бэтлеем, трымаючы ў руках запаленыя раратнія ліхтарыкі нашай веры і чування.

Мае дарагія сябры, няхай у гэтым Адвэнце ў вас будзе больш часу на малітву і добрыя ўчынкі. Таксама я хацеў бы вам прапанаваць кароткую малітву, якую вы можаце паўтараць у Адвэнце: «Мой любячы Езу, у гэты Адвэнт я выбіраю Цябе сваім Валадаром і сваім Богам. Прыцягні мяне да сябе і дапамажы мне ўбачыць мае недахопы, каб можна было змяніць тое, што Ты хочаш, каб змянілася ўва мне. Марыя, Маці Божая, маліся за мяне ў гэты Адвэнт, каб можна было зрабіць усё, што хоча ад мяне Бог».

Любыя дзеткі. Адначасова дзякую вам за вашую прысутнасць у касцёле на Раратняй святой Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякую за тое, што вы ходзіце на катэхезу, і, як распавядаюць мне катэхеты, вы вельмі зацікаўлены пазнаваннем Божай Праўды: вы вельмі руплівыя, і гэта вельмі добра і правільна. Прашу вас, калі будзеце са сваімі блізкімі сябрамі і сяброўкамі размаўляць аб надыходзячых святах Божага Нараджэння і Новага году, памятайце, што сапраўднымі гэтыя святы будуць тады, калі мы наш позірк і думкі скіруем на вялікі Дар ад Бога — на Езуса Хрыста, які нараджаецца, каб быць Богам з намі. Таму ўсе разам будзем з малітваю чакаць і заклікаць Яго: «Прыйдзі да нас, Пане, прыйдзі са сваёю ласкай, прыйдзі і не спазняйся!»

На час адвэнтавай падрыхтоўкі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца i Сына, i Духа Святога.

Ваш старэйшы сябра,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўск

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця