На пачатку Адвэнта вернікі парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) ўзялі ўдзел ў запісе песні і відэароліка на тэму падрыхтоўкі і радаснага чакання свята Божага Нараджэння.
Ідэйным натхняльнікам відэароліка і песні «Дарога Бога» стаў ксёндз Павел Аляскевіч, які нясе душпастырскае служэнне ў Навагрудку.
З вялікай зацікаўленасцю да праекту далучылася каля 30-і чалавек — дзеці і моладзь, а таксама бацькі, якія прыйшлі падтрымаць малых.
Адвэнтавы гімн акрэсліў тэматыку разважанняў Божага Слова падчас удзелу малодшых вернікаў у святых Імшах, прысвечаных Найсвяцейшай Панне Марыі, і стаў заахвочваннем, каб не прапускаць і не спазняцца на Рараты, якія распачынаюцца ў парафіяльным касцёле раніцай а палове на сёмую.
Маладыя вернікі з Навагрудка спадзяюцца, што гімн «Дарога Бога» будзе духоўна натхняць вернікаў з іншых парафій у прыняцці адвэнтавых пастановаў, чытаннні Божага Слова і наведванні Раратаў.