Пошук

25.04.2020 10:01   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
На дарозе ў Эмаўс. Мастак Отта Менгельберг / Sokrsokr.net

1 чыт.: Дз 2, 14а. 22–33; Пс 16 (15), 1–2а і 5. 7–8. 9–10. 11. 2 чыт.: 1 П 1, 17–21. Ев.: Лк 24, 13–35

Нескладана ідэнтыфікаваць сябе з героямі сённяшняга евангельскага ўрыўка — вучнямі, якія пакідаюць Ерузалем у расчараванні, бо іхнія чаканні і надзеі не спраўдзіліся. Напэўна, усе мы не раз адчувалі сябе падобным чынам: расчараванымі, разгубленымі, з апушчанымі рукамі, у паняверцы, бо справы пайшлі зусім інакш, чым нам хацелася; не так, як мы чакалі. А ў такім стане мы, падобна да Кляопы і яго таварыша, шукаем кагосьці, хто нас выслухае, зразумее, «пашкадуе» (калі не наўпрост — бо мы надта дарослыя і ганарлівыя для гэтага, — то прынамсі запэўніць нас, што з намі абышліся несправядліва, бо жыццё — яно такое, жорсткае…).

У такіх абставінах нам хочацца збегчы з таго месца і ад людзей, з якімі асацыюецца параза, расчараванне, хочацца схавацца «ў сваёй роднай вёсцы», дзе ўсё знаёмае, дзе знойдзем ахову, бяспеку.

Але гэтае месца насамрэч толькі яшчэ больш нас замыкае ва ўласным малым свеце, ва ўласнай шкарлупіне. Насамрэч у гэтых абставінах нам патрэбны не той, хто будзе нас шкадаваць, а той, хто адкрые нам іншую перспектыву, хто дапаможа паглядзець на жыццё інакш, хто дасць надзею.

Гэты евангельскі эпізод — метафара ўсяго нашага жыцця. Надта шмат у жыцці ёсць таго, што не адпавядае нашым чаканням і жаданням; надта шмат нечаканых непрыемных і нават трагічных здарэнняў, такіх, як хвароба; шмат прычын для расчаравання, для таго, каб апусціць рукі і шукаць прытулку на адлегласці ад таго, што можа зноў раніць. Надта часта мы закрываемся ва ўласных негатыўных перажываннях, не бачачы альтэрнатывы. Але ў гэтым нялёгкім падарожжы нехта ідзе побач. Мы можам не адразу распазнаць гэтую прысутнасць, магчыма, доўга проста ідзем далей, паглынутыя ўласным болем. Адказваем на пытанне «ў чым рэч?» так, як вучні на дарозе ў Эмаус: «ці ты не ведаеш, як усё дрэнна?..»

Але Уваскрослы Езус не хоча, каб мы засталіся ў сваёй шкарлупіне, якая нібыта нас абараняе, але насамрэч не дазваляе сустрэцца з жыццём, з рэчаіснасцю.

Так, як для Кляопы і іншага вучня, для нас адкрываецца іншая перспектыва, чым расчараванне і самота разам з трывогай і страхам, іх спадарожніцамі. Хвала Богу, што мы можам атаясамліваць сябе не толькі з тым пачатковым станам разгубленасці вучняў, над якім у значнай меры не маем улады, але і з другой часткай іх шляху, калі Езус тлумачыць усё з цалкам іншага пункту гледжання і дае ім новае бачанне.

Таму наш жыццёвы шлях — гэта шлях перамянення дзякуючы сустрэчы з Уваскрослым Панам. Гэтая сустрэча перамяняе нашыя пачуцці: ад расчаравання да новай надзеі. Перамяняе наш розум, які становіцца здольным усвядоміць іншы гарызонт, не абмежаваны нашымі плыткімі чаканнямі і ўяўленнямі — гарызонт Божага плану збаўлення, дзе зло і цярпенне не знікаюць магічным чынам, але пераможаныя сілаю любові і дабра. Перамяняецца таксама нашае сэрца, якое было астылым і сляпым, а цяпер гарыць, бо прысутнасць Езуса, Яго слова жыцця распальваюць нанава агонь надзеі, веры і любові.

І ўрэшце змяняецца кірунак руху вучняў: перамяненне дзякуючы сустрэчы з Езусам праяўляецца канкрэтна праз іх дзеянні. Кляопа і яго сябра вяртаюцца да супольнасці астатніх вучняў у Ерузалем, каб засведчыць аб тым, што з імі здарылася, бо не могуць трымаць гэта толькі для сябе. Іх досвед — сапраўды пасхальны, бо «пасха» азначае «пераход»: яны перайшлі да зусім іншага бачання, стаўлення і спосабу дзеянняў.

У сённяшнім урыўку, як і ў іншых апісаннях сустрэч Уваскрослага Езуса з вучнямі, прысутнічаюць эўхарыстычныя элементы: Езус распазнаны ў жэсце ламання хлеба.

Эўхарыстыя — сакрамэнт перамянення, Пасхі. У ёй мы святкуем перамогу Езуса над злом і пераход да новага жыцця, шлях да якога Пан Езус адкрыў усім, хто ў Яго верыць і ідзе за Ім. Эўхарыстычны знак, відавочны і ў сённяшнім евангельскім эпізодзе, — гэта не проста хлеб, а хлеб паламаны, раздзелены. Гэта сімвал жыцця, якое раздзелена, адданае іншым у любові.

Мы прымаем гэты дар жыцця Езуса, Яго жывой прысутнасці, хоць нябачнай фізічным зрокам, але якой рэальнай, бо праз нашу веру — гэта значыць праз асабістыя адносіны з Ім — перамяняе нашае жыццё, нашыя пачуцці, розум, сэрца і нашыя дзеянні. Гэта таямніца нашай камуніі, нашай еднасці з Ім — не праз нейкую магію, а праз нашае супрацоўніцтва з ласкай Духа Святога. Няхай дзякуючы гэтаму невымоўнаму дару нашае жыццё, па вобразу нашага Збаўцы, дасягне славы, становячыся дарам для іншых.

Абноўлена 27.04.2020 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця